Кумирами Франтишка Богушевича были Ян Гус и Пьер Беранже

Кушлянскiя таямнiцы

У рамане Уладзiмiра Караткевiча «Каласы пад сярпом тваiм» ёсць персанаж — хлопец, якi вучыцца ў Вiленскай гiмназii разам з малодшым братам галоўнага героя Вацлавам Загорскiм:


«Але цi не найбольш звяртаў на сябе ўвагу аднакласнiк Вацлава, невялiчкi расточкам, трохi цельпукаваты шляхцюк. Аб iм па сакрэту Вацлаў сказаў Сабiне:

— Ведаеце, ён у пятым быў другi год. Ён вельмi разумны, але хваравiты i бедны i часта думае там, дзе думаць забаронена: у касцёле, у класе. Яму ёсць аб чым думаць. А яго падловяць i злуюцца. I смяюцца часам...

Трохi смешны, лабасты, але худы ў шчоках i востры ў падбароддзi, гэты хлопец наiўна цiкаваў на свет вузкiмi, як шчылiнкi, глядзелкамi, якiя нiбыта толькi што прарэзалiся. Смешнае, сiмпатычнае барсучаня. Звалi яго Франц Багушэвiч».

Прайшло 180 гадоў ад таго часу, як на хутары Свiраны прыйшоў на свет маленькi Францiшак, сын мясцовай збяднелай шляхецкай сям’i. Давайце з нагоды юбiлею ўспомнiм цiкавыя факты пра класiка.

Неспрыяльны  дзень народзiнаў

Бацьку будучага паэта вельмi турбавала, што хлопчык нарадзiўся ў сакавiку, ды яшчэ ў высакосны год. Аўтар кнiгi пра Францiшка Багушэвiча Уладзiмiр Содаль так перадаваў яго перажываннi: «Кепская гэта прыкмета, — бедаваў Казiмiр Багушэвiч. — Вельмi кепская... Нейкi няўдачнiк з яго будзе. А тут халера разгулялася, косiць людзей...»

Паступiў, але не вучыўся

Вiленскую гiмназiю Фран­цiшак скончыў сярод лепшых вучняў. А калi паступiў у Пецярбургскi ўнiверсiтэт на фiзiка-матэматычны факультэт, патрапiў у вiр студэнцкiх пратэстаў супраць новых правiлаў. У пракламацыях га­ва­рылася, што тыя са сту­дэн­таў, якiя не далучацца да змагання, будуць абвешчаны канiбаламi i здраднiкамi. Зразумела, першакурснiк ганьбы не хацеў, як усе, адмовiўся атрымлiваць залiкоўку новага ўзору i быў адлiчаны. Праз месяц яму ўдалося разысцiся з навучальнай установай мiрна: звольнiлi з запiсам «Поведения очень хорошего». Пры гэтым затрымаўся, каб пабыць на пахаваннi рэвалюцыйнага крытыка Мiкалая Дабралюбава.

Багушэвiч, Гус i Беранжэ

Iдэалам Францiшка Багу­шэ­вiча быў Ян Гус. Адзiн са сваiх псеўданiмаў — Huszicz — ён сканструяваў з уласнага прозвiшча i прозвiшча вялiкага чэха. Яшчэ адна постаць, культавая ў сям’i Багушэвiчаў, — французскi паэт Беранжэ.

Iнсургент i яго сястра У паўстаннi 1863 года ўдзельнiчала ўся сям’я Багушэвiчаў. Францiшак разам з братам Валяр’янам ваявалi ў атрадзе Людвiка Нарбута. Францiшак быў цяжка паранены, яго схавалi сябры. Бацька, брат Апалiнарый i сястра Ганна адседзелi год у Ашмянскай турме. Прычым сястра прыязджала конна да групы паўстанцаў, адгаворвала iх здавацца — пра што тыя i расказалi падчас следства. А вось Ганна нi ў чым не прызналася. Сам Францiшак дваццаць гадоў быў змушаны жыць не на радзiме, але заўсёды меў пры сабе жменьку роднай зямлi.

Адвакат-хлопаман

Багушэвiчу ўдаецца скончыць Нежынскi юрыдычны лiцэй, дзе працаваў старшым лектарам сваяк па мацi Аляксандр Галаўня. Сялянам юрыст i хлопаман Багушэвiч дапамагаў бясплатна. Любiў сустракаць гасцей, апрануты ў свiтку. Ёсць анекдот, як клiент прыехаў да папулярнага юрыста ў ягоны маёнтак Кушляны i папрасiў мясцовага барадатага селянiна пазваць пана. Той зайшоў у хату i вярнуўся, пераапрануты ў фрак. Паэт быў гаспадарлiвы, на 300 гектарах меў пасеку, нават вырошчваў баравiкi. А для сельскiх сяброў рабiў сахi.

Бурачок, ды не той

Лiчылася, што свой псеў­да­нiм Францiшак Багушэвiч утварыў проста ад назвы кара­ня­плода. Але Уладзiмiр Содаль прапанаваў цiкавую гiпотэзу. Сяляне часта асвятлялi хату з дапамогай iмправiзаванай свяцiльнi: выдзеўбаўшы бурак, устаўлялi ўсярэдзiну лучыну цi свечку. Такiм чынам псеўданiм становiцца ў шэраг iншых «святланосных»: Янка Лучына, Карусь Каганец, Мацей Бурачок.

Пакручасты лёс нашчадкаў

У Францiшка Багушэвiча i Габрыэлi з дому Шклёнiкаў нарадзiлася пяцёра дзяцей, трое памерла, засталiся сын Тамаш i дачка Канстанцыя. Апошнi партрэт Францiшка Багушэвiча — памiраючы паэт у ложку — намаляваў Тамаш. Ён скончыў архiтэктурны факультэт у Пецярбургу i нават нейкi час працаваў у Барунскай дзяржаўнай настаўнiцкай семiнарыi выкладчыкам малявання i працы. У 1929 годзе Тамаш выкiнуўся з цягнiка па невядомай прычыне. Яго дачка Станiслава была выслана з дзецьмi ў Сiбiр, прайшла сталiнскiя лагеры. Нi адзiн з нашчадкаў Францiшка Багушэвiча не жыве ў Беларусi.

Рукапiсы, якiя знiклi

Невядомы лёс двух збор­нi­каў Францiшка Багушэвiча. Ёсць сведчаннi, што быў выда-дзены, i нават з партрэтам аўтара, зборнiк «Скрыпка беларуская», але ён знiк. Магчыма, наклад быў канфiскаваны на мытнi. Багушэвiч падрыхтаваў i другi зборнiк, празаiчны, — «Беларускiя апавяданнi Бу­рач­ка». Ён быў здадзены ў Вi­лен­скую губернскую друкарню, i далейшы яго лёс невядомы.

Архiў у слоiку

Ужо ў наш час Адам Мальдзiс знайшоў архiў Францiшка Багушэвiча. Падчас шматлiкiх ператрусаў паперы паэта схавалi ў слоiк i закапалi ў агародзе каля хаты ў Кушлянах. Адам Мальдзiс сведчыў, што закапаны слоiк быў неглыбока, бо рабiлi гэта жанчыны. Паперы сатлелi, але па ўрыўках можна зразумець, што там захоўвалася сярод iншага перапiска з Элiзай Ажэшка.

Iнструменты на крыжы

На магiле паэта паставiлi вялiкi дубовы крыж, на якiм вiселi згаданыя ў назвах яго зборнiкаў скрыпка, смык i дудка.

Дом-музей у Кушлянах.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter