Курыны, казіны... а чаму не “свініны”? ці Правапіс суфіксаў у розных часцінах мовы

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Папярэдне мы гаварылі пра ролю суфіксаў у нашым маўленні. Вельмі важна ўмець іх і ўжываць, і пісаць. Значэнне марфемы абстрагавана i для свайго дакладнага напісання патрабуе шматлiкiх аналогiй. Напрыклад, у словах хаціна, саломіна, бараніна можам вылучыць суфікс
-ін-, які ў першым слове мае значэнне ‘павелічальнасці’, у другім — ‘адзінкавасці, сінгулятыўнасці’, у трэцім — ‘мяса жывёлы’. Перад намі суфіксы-амонімы, якія аднолькава пішуцца і гучаць, але маюць розныя значэнні. Для таго, каб вызначыць “зместавае” напаўненне марфемы, трэба падабраць словы з аналагічным суфіксам: салом-ін-а — хварасц-ін-а, гарош-ын-а, сцябл-ін-а, фасол-ін-а і г.д. Становіцца зразумелым, што суфікс у гэтыя словы ўносіць значэнне ‘адзінкавасці, адзін з сукупнасці’: салома і (адна) саломіна, хвораст і (адна) хварасціна, гарох і (адна) гарошына. Гэты ж суфікс можа характарызаваць чалавека па нацыянальнай, сацыяльнай прыналежнасці: армянін, селянін, славянін, дваранін. Пры дапамозе суфікса -ін- могуць утварацца прыметнікі: пчаліны, галубіны, вераб’іны, мамін, Галін і інш.
Асаблівасці правапісу суфіксаў прыметнікаў сёння можна ілюстраваць назвамі разнавіднасцей грыпу: птушыны (птуш + ын + ы) або курыны (кур + ын +ы), казіны (каз + ін + ы)... Чытаю ў адным з чатаў: “Які яшчэ, прабачце, штам, прабачце, “упадзе” на чалавецтва? Толькі, прабачце, адышлі ад свінячага, прабачце, свінінага. Прабачце. Свіннога... А як жа правільна, прабачце?”. Замяняю нецэнзурную лексіку, якая, на жаль, трымае моду ў інтэрнэт-прасторы, словам “прабачце” (добра было б пачуць прабачэнні і “чатніка”) і мушу падзяліць недаўменне аўтара. Яно выглядае натуральным, бо не спрацоўвае звыклая словаўтваральная мадэль: свін + ін + ы. Справа ў тым, што і ў рускай, і ў беларускай мовах гэтае слова пішацца з адным -ін-. Назіраецца так званая гаплалогія — выпадзенне аднолькавых складоў (мінера(ла)логія, у рускай мове — знаме(на)носец, розо(во)ватый і інш.).
Сучасны правапіс адлюстроўвае фанетычныя працэсы, якія маглі адбыцца даволі даўно. Напрыклад, у прыметніку рыбацкі яшчэ ў пачатку пісьмовай эпохі выразна адрозніваліся два суфіксы: -ач- (з -ак-) і -ьск-. Усходнеславянская форма слова выглядала наступным чынам: рыб-ач-ьск-ъjь. Страта рэдукаванага ь пасля ч, асіміляцыя і зліццё гукаў у спалучэнні чс (ч — гук першага суфікса, с — другога) прывялі да ўтварэння афрыкаты ц на стыку двух суфіксаў: -ач-ьск- змяніліся на -ацк-. Такое напісанне адлюстравана і ў рускай, і ў беларускай мовах. Перад намі дзеянне фанетычнага прынцыпу.
На жаль, няправільнае выкарыстанне суфіксаў пранікае ў газеты, часопісы, падручнікі. Пры двухмоўі можа адбывацца змешванне характэрных розным мовам сінанімічных суфіксаў. Напрыклад, у сказе У няпростай грамадска-палітычнай сітуацыі праходзіць цяперашняя выбарная кампанія на Украіне (з газет) вiдавочнай з’яўляецца неапраўданая замена суфікса -ч- на -н-. Аднакарэнныя словы-прыметнікі адрозніваюцца суфіксамі -н- і -ч-. Словаўтваральнае значэнне іх адпаведна вызначаецца па схеме: выбар (ад выбраць) + -н- + ы  = ШТО выбіраецца (выбарная пасада, выбарны орган) і выбар + -ч-, + ы = дзе НЕХТА выбіраецца (выбарчы ўчастак, выбарчы сход, выбарчая кампанія). Правільна: выбарчая кампанія — сукупнасць мерапрыемстваў, на якіх павінен быць абраны нехта.
У “Правілах” (1959) нармаванае напісанне суфіксаў падавалася ў дзявятым падраздзеле “Ненаціскныя галосныя ў суфіксах”, дзе разглядаліся пытанні правапісу суфіксаў назоўнікаў, прыметнікаў, дзеепрыметнікаў і дзеясловаў. Значная частка праблемных напісанняў суфіксаў пераносілася ў пяты падраздзел “Зычныя на стыку марфалагічных частак слова”, дзе гаворка ішла не пра канкрэтныя марфемы, а пра спалучэнне зычных на стыку ўтваральнай асновы і прыстаўкі ці суфікса. Такое размяшчэнне правіл стварала нязручнасць у карыстанні імі. Падобны парадак размяшчэння матэрыялу назіраем і ў рускіх “Правілах” (1956).
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” правапіс суфіксаў аб’яднаны ў
23-м параграфе, куды ўключаны правілы напісання іх у розных часцінах мовы. Пра што мы яшчэ пагаворым...

Зваротная сувязь

Здравствуйте, уважаемая редакция “Народной газеты”!
Читаю вдумчиво, внимательно урок по белорусскому правописанию профессора Виктора Ивченкова. Тема “Правапіс дз і ц”. Сколько здесь нового и интересного! Как подробно объясняется историческое происхождение слов, их связь с норвежским, английским и многими другими языками. Говорится об особенностях речи народов Африки, Азии, Латинской Америки и многих других стран. И при всем этом, главные и будто одушевленные персонажи, наши дз и ц — наше национальное отличие. И делаю вывод: чтобы знать “родную, мілагучную і лагодную” белорусскую речь, уметь писать и вести беседу, нужно приложить много стараний.
Разрешите вопрос. Можно ли научить ученика писать грамотно на белорусском языке, на русском языке? Конечно, есть методики, читаются доклады педагогов на секциях, даются рекомендации в журналах, учебниках, ведутся дополнительные занятия с отстающими учениками. Грамотно писать не каждому легко. Как помочь ученику средних способностей научиться писать грамотно? Думаю, что эта задача должна стать главной и очень важной для сегодняшней нашей средней школы.

С уважением к рубрике и отвечающему на вопросы Лидия Васильевна Третьяк, г.Ивацевичи

— Шаноўная Лідзія Васільеўна! Дзякуй за паразуменне і добрыя словы на наш адрас.
Вы слушна заўважаеце, што пісаць правільна, як дарэчы, і гаварыць, — задача на сёння вельмі важная. Падобнае меркаванне даводзіцца чуць ад многіх людзей.
Як навучыць правільна пісаць? Адмысловага рэцэпту няма. Традыцыйным адказам было: трэба больш чытаць. Правільна. Аднак мы ўсё часцей упікаем маладых, маўляў, не чытаюць, не ходзяць у бібліятэку. Сёння павінны спрацоўваць іншыя стымулы. І яны ёсць. Нельга, напрыклад, пагадзіцца з тым, што сучасны малады чалавек менш чытае. Ён чытае, думаю, больш, чым яго равеснік з ХХ стагоддзя. Сённяшні студэнт, напрыклад, часцей за ўсё бярэ інфармацыю з Інтэрнэта, якая ў сваёй большасці прадстаўлена там у выглядзе тэксту. Новы час патрабуе мабільнасці слова, выхавання асаблівага маўленчага густу, які мог бы адпавядаць патрэбам інфармацыйнага грамадства. Ён жа дае сучасніку новы стымул для авалодання культурай пісьмовага маўлення. Сёння актыўнымі сродкамі зносін сталі электронная пошта, тэлефонныя sms, форумы, чаты. Яны, канечне, могуць “вытрымаць” непісьменнасць, але ж і пакідаюць за сабой магчымасць камусьці пакпіць з не зусім адукаванага аўтара. Відаць, таму можна пачуць ад чалавека, які, напрыклад, у велікодныя дні спяшаецца ў сваім мабільным тэлефоне набраць тэкст sms: “Як пішацца “воистину воскресе”?” Каму захочацца прызнацца ў сваёй нямогласці?
Не буду зараз гаварыць пра дыдактычныя праблемы. Падкрэслю адно: моўная адукацыя, асабліва ў нашай сітуацыі, калі вучань павінен вывучаць тры, а то і чатыры мовы, патрабуе іншых методык. Ды і сам час дыктуе: ад пісьменнасці чалавека залежыць, наколькі ён будзе запатрабаваным, паспяховым...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter