Курсам кройкi i шыцця

Дзяржынскiя кашулi дайшлi да Усурыйска, Алматы і Астаны

Дзяржынскiя кашулi дайшлi да Усурыйска

Швейная фабрыка «Эліз» уклала ў развіццё ў мінулым годзе 4 млрд. рублёў. Першапачаткова на прадпрыемстве планавалася, што аб’ём інвестыцый складзе 1,3 млрд. рублёў, аднак там здолелі істотна перавысіць гэту лічбу. Натуральна, што і зрабіць атрымалася больш: на прадпрыемстве канстатуюць, што па выніках года ўдалося амаль цалкам завяршыць праграму мадэрнізацыі, распрацаваную раней да 2015 года.

Генеральны дырэктар гэтага буйнога ў краіне вытворцы мужчынскіх кашуль Андрэй Жук падкрэслівае, што абраная палітыка абнаўлення ўжо набыла канкрэтныя абрысы:

— Новыя падыходы да асартыменту, новая стылістыка, дызайн-канцэпцыя магазінаў, увогуле новыя падыходы да работы — па такім шляху ідзе зараз фабрыка. Мы маем намер перамяніць адносіны пакупніка да нашага тавару. Так, прадукцыя «Эліз» набыла сваю трывалую рэпутацыю, свайго спажыўца і шмат прыхільнікаў. Але нямала і тых, хто выказвае абсалютна справядлівыя нараканні па асобных канструктыўных рашэннях кашуль. Неабходна навучыцца больш эфектыўна прэзентаваць сваю прадукцыю, інфармаваць пакупніка пра яе ўласцівасці.

Вызначальнае рашэнне прынята наконт асартыменту прадукцыі. Калі раней фабрыка выпускала джэмперы, жакеты, блузы і гэтак далей, то зараз там будуць вырабляцца пераважна кашулі. Не распыляцца і займацца тым, што можам рабіць найлепш, — так тлумачыць выбар стратэгіі генеральны дырэктар.

— Наша прадукцыя адно¬сіцца да сярэдняга сегмента. Так, ёсць праблема з канкурэнцыяй з таннай кітайскай кашуляй, але сёння мы не імкнёмся перамагаць цаной. Зэканоміць долар на метры тканіны і атрымаць нараканні ад пакупнікоў па якасці — гэта не наш шлях, — перакананы Андрэй Жук.

Усведамляюць на прадпрыемстве і наступнае: праблемы заключаюцца ў тым, што пакупнік недастаткова ведае пра ўласцівасці прадукцыі «Эліз». Таксама там імкнуцца пераадолець хранічнае адставанне ад сезона, загадзя распрацоўваць і прапаноў¬ваць спажыўцам каталогі з вычарпальнай інфармацыяй і нават узорамі тканін. Больш актыўна пачалі працаваць над паляпшэннем абслугоўвання ў рознічным гандлі, а ў буйныя магазіны плануецца накіраваць сваіх кансультантаў: высветлілася, што многія нават і не ведаюць, што «Tino Аretti» і «Leonardo» — гэта кашулі вытворчасці «Эліз». Пашырэнне атрымаюць дысконтныя карты, падарункавыя сертыфікаты і іншыя актуальныя спадарожныя атрыбуты. Па запытах пакупнікоў больш актыўна будзе «раскручвацца» ідэя індывідуальнага пашыву, якая рэалізуецца пакуль досыць сціпла.

Над новым асартыментам мужчынскіх і дзіцячых кашуль зараз шчыруе група мадэліравання і канструявання эксперыментальнага цэха. Мадэльер і маркетолаг прадпрыемства пабывалі нядаўна ў Францыі і вывучалі сучасныя модныя тэндэнцыі.

Каля 40 % прадукцыі «Эліз» экспартуецца, 20 % ад вытворчасці складаюць давальчаскія заказы. Асноўны знешнегандлёвы партнёр — Расія, але асвойваюцца і іншыя рынкі, вядуцца перамовы з Літвой і Чэхіяй. Актыўна пачалі асвойваць Казахстан, гэты рынак бачыцца надзвычай перспектыўным. ААТ «Эліз» прыняло ўдзел у выставе «Індустрыя моды» ў Астане, у выніку былі адгружаны першыя партыі тавару кліентам у гэтым горадзе і заключаны ліцэнзійны дагавор з дыстрыб’ютарам прадукцыі фабрыкі ў Алматы і Алмацінскай вобласці. Бакі таксама праводзяць перамовы аб продажы прадукцыі беларускай фабрыкі ў іншыя казахстанскія гарады.

Андрэй Жук задаволены тым, што паспяхова працягвае дзейнасць даччынае прадпрыемства ААТ «Эліз» у Санкт-Пецярбургу — ТАА «ЭлізТрэйд», хоць з гэтым у свой час было шмат праблем.

Ёсць намер больш актыўна пашыраць сетку магазінаў па схеме франчайзінгу. Тут гендырэктар лічыць разумным не спяшацца, а падрыхтавацца грунтоўна:

— Трэба перш за ўсё навесці належны парадак у сваіх магазінах. Пакуль яшчэ нам прадаваць няма ча¬го. Але пробны праект у гэтым накі¬рунку існуе — вось-вось адкрыецца ва Усурыйску магазін, створаны па дызайн-канцэпцыі ААТ «Эліз». Надалей мы маем намер пайсці па шляху стварэння мультыбрэндавага магазіна мужчынскага адзення, дзе будзем прадаваць уласную прадукцыю, а таксама прадукцыю лепшых беларускіх брэндаў. Першы такі прыклад — у Бабруйску.

Па выніках работы за 11 месяцаў 2013 года прадпрыемства вырабіла прадукцыі на суму 87 млрд. 191 млн. рублёў, што складае 110 % да адпаведнага мінулагодняга перыяду. За дзесяць месяцаў атрымалі прыбытку ад рэалізаванай прадукцыі на суму 15 млрд. 770 млн. рублёў — 120,3 %. На фабрыцы нацэлены на тое, што вынікі года, што толькі распачаўся, будуць куды больш значнымі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter