Курс на рэнтабельнасць i эфектыўнасць

Першы намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Юрый Дзядзюк:

— У раёне дакладна вызначаны курс на рэнтабельнасць і эфектыўнасць. За мінулы год значных поспехаў дабіліся жывёлаводы перадавых гаспадарак. Найбольшы прырост гадавога надою малака (звыш 800 кілаграмаў ад кожнай каровы) сярод адзінаццаці гаспадарак атрыманы ў ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс». У лідарах па росце надояў таксама жывёлаводы ВРУП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» і ЗАТ «АСБ-Агра Кухцічы». За мінулы год валавая вытворчасць малака ў раёне перавысіла 65 тысяч тон, ялавічыны амаль 5400 тон, што больш, чым у папярэднім годзе. Поспеху жывёлаводаў садзейнічае мадэрнізацыя памяшканняў і будаўніцтва новых ферм.

Значнае месца ў эканоміцы нашых гаспадарак займае раслінаводства. У агульнай структуры валавога прадукту амаль 40 працэнтаў — прадукцыя палёў. Агульная выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі ў разліку на аднаго сярэдняспісачнага працаўніка летась у раёне вырасла амаль на 20 працэнтаў.

Да жніва завершыцца мантаж новых зернесушыльных комплексаў у трох гаспадарках. Запланавана паступленне трактароў і збожжаўборачных камбайнаў. Зараз актыўна вядуцца веснавыя палявыя работы. Механізатары завяршаюць падкормку азімых культур. Уносіцца арганіка, рыхтуецца глеба пад сяўбу яравых. Сёлета плануецца засыпаць у засекі гаспадарак звыш 62 тысяч тон збожжавых і зернебабовых з улікам зерня кукурузы, намалаціць 6600 тон насення рапсу, атрымаць звыш 100 тысяч тон цукровых буракоў, 4500 тон бульбы, назапасіць на ўмоўную галаву жывёлы больш як па 30 цэнтнераў кармавых адзінак.

ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс»
Кожны адказны за даручаную справу

Гісторыя ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс» адлічвае сёмы дзясятак. Шаноўна захоўваецца ў калектыве Кніга працоўнай славы, летапіс якой вядзецца з 1959 года. Адкрываецца яна фотапартрэтамі перадавікоў вытворчасці сярэдзіны мінулага стагоддзя: памочніка брыгадзіра першай меліярацыйнай брыгады Фёдара Трухана, трактарыста-бульдазерыста Міхаіла Талстога і столяра Іосіфа Вайцаховіча. Па выніках работы за мінулы год ушанаваны пераможца раённага спаборніцтва на ўборцы збожжа Леанід Ліпай, бухгалтар Валянціна Малюкевіч і трактарыст-машыніст Іван Навумовіч, які занесены на раённую Дошку гонару.

Сярод лепшых прадстаўнікоў калектыву на Дошцы гонару сельгаспрадпрыемства партрэты механізатараў Юрыя Дубовіка, Аляксандра Талстога, вадзіцеля Аляксея Аксенчыка, вядучага агранома Аляксея Краўцова, жывёлаводаў Вольгі Белакапыцкай, Аляксандра Франевіча, Юліі Мацко.

Дырэктар ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс» Ігар БАБРОЎ і жывёлавод Аляксандр КАРАЧУН.

Чатыры гады таму ААТ узначаліў выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Ігар Баброў. У шматпрофільнай гаспадарцы, самай буйной у раёне, нагрузка на галоўных спецыялістаў высокая. Малады кіраўнік згуртаваў каманду аднадумцаў. Асноўная дзейнасць сельгас­прадпрыемства — вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Выконваюцца таксама такарныя работы, вапнаванне кіслых глеб, рамонт рухавікоў сельгасмашын.

— Людзі ў нас працавітыя, старанныя, — падкрэслівае дырэктар Ігар Баброў. — Але каб дабіцца пэўных вынікаў, мала мець такія кадры і высокаэфектыўную тэхніку. Патрэбны індывідуальная адказнасць за даручаны ўчастак і выкананне ўсталяванага рэгламенту.

Цялятніца Ганна ГУРА.

За мінулы год надой ад кожнай з 2050 кароў павялічыўся больш як на 800 кілаграмаў і перавысіў 6-тысячны рубеж. Такога росту няма ні ў адной з адзінаццаці гаспадарак раёна. А перадавыя аператары машыннага даення кароў Ларыса Малашэвіч і Міхаіл Крупнік з МТФ «Нізок» пераўзышлі 8-тысячны рубеж па надоях малака. Амаль такія ж вытворчыя паказчыкі ў іх калег Ірыны Махнач з МТФ «Забалацце» і Наталлі Косцікавай з МТФ «Прысынак». Штодзённа для перапрацоўкі ў ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» з ферм гаспадаркі адпраўляецца 32 тоны прадукту. У перспектыве плануецца далейшае нарошчванне аб'ёмаў жывёлагадоўчай прадукцыі. На МТФ «Прысынак» завяршаецца будаўніцтва малочна-даільнага блока. На месцы старых памяшканняў узведзены два сучасныя кароўнікі.

Для забеспячэння грамадскага статка фуражом восенню засеялі 350 гектараў свірэпіцы на зялёны корм. Азімыя збожжавыя займаюць 2300 гектараў, азімы рапс — 700. Трэба пасеяць 1170 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых. Кукурузная плантацыя зойме 1800 гектараў. Веснавую кампанію пачалі з падкормкі калійнымі ўгнаеннямі шматгадовых траў, азотнымі тукамі — азімых збожжавых, рапсу і свірэпіцы (гэту работу паспяхова завяршылі). Механізатар Аляксандр Стасевіч за некалькі дзён засеяў травамі 550 гектараў. Юрый Дубовік і Віктар Чарнавус сеюць яравы ячмень і гарох. Рыхтуецца глеба пад збожжавыя. Аператыўнаму правядзенню палявых работ садзейнічае ўкамплектаванасць тэхнікай. У канцы мінулага года атрыманы з «Гомсельмаша» збожжаўборачны камбайн. Завяршаецца ўстаноўка зернесушылкі ЗСК-100.

ВРУП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» 
Роля гаспадароў «Дажынак» абавязвае

Да уздзенскага ВРУП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» сем гадоў таму далучылі суседняе сельгаспрадпрыемства імя Суворава. Па плошчы сельгасугоддзяў аб'яднаная гаспадарка ў раёне саступае толькі ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс». На двух малочна-таварных комплексах і пяці жывёлагадоўчых фермах утрымліваецца 5100 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх трэцяя частка — дойны статак. Дырэктар Анатоль Шклярэўскі, які сёмы год кіруе калектывам, перакананы, што сельгаспрадукцыя ў сучаснай сусветнай сітуацыі як ніколі запатрабавана.

Механізатары Уладзіслаў ШКЛЯРЭЎСКІ, Антон ГАРГУН і Сяргей ШЫРКО.

Штодзённа для перапрацоўкі адпраўляецца звыш 25 тон малака ў ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». Больш як 90 працэнтаў прадукту рэалізуецца гатункам экстра, што дае магчымасць дадаткова папаўняць казну фінансамі. Летась надой ад каровы па гаспадарцы павялічыўся амаль на паўтоны і дасягнуў 5400 кілаграмаў. А Таццяна Мальская на МТФ «Валадзькі» ад кожнай з 56 кароў сваёй групы атрымала за год на тону больш малака. У мінулым годзе валавая яго вытворчасць дасягнула амаль 10 тысяч тон, ялавічыны — 795 тон.

— Пераважную частку прыбытку дае гаспадарцы рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі, — падкрэслівае кіраўнік. — Па выніках 2021 года сярод гаспадарак раёна у нас найбольшы аб'ём малака на 100 бала-гектараў сельгасугоддзяў і самы высокі прырост яго рэалізацыі. Калектыў жывёлаводаў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва. Гаспадарка занесена на раённую Дошку гонару. На будучы год запланавана побач з цэнтральнай сядзібай — аграгарадком Возера — пачаць узвядзенне малочна-таварнага комплексу на 800 кароў. Для дойнага статка гадуем папаўненне. Сто цялят даглядае на МТФ «Возера-1» Галіна Жур. Дапамагае ёй муж Дзмітрый Антонавіч.

Ва ўрочышчы Бяроза механізатары Сяргей Шырко і Уладзіслаў Шклярэўскі на энерганасычаных трактарах уносілі арганіку пад кукурузу. Уладзіслаў пасля заканчэння Мар'інагорскага дзярж­агракаледжа завочна вучыцца на аграфа­ку Белдзяржсельгасакадэміі. Юнак паспявае і ў працы, і ў вучобе. Магутным пагрузчыкам «Амкадор» угнаенні загружае ў кузавы трактароў Антон Гаргун. Механізатары працуюць заўзята, нормы выпрацоўкі значна перавыконваюць.

— Пераможцы спаборніцтваў на веснавых палявых работах і ў жывёлагадоўлі атрымаюць прыбаўку да заробку, — падсумоўвае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Валянціна Малашка. — Летась гаспадарку на раённым свяце-кірмашы «Дажынкі» ў аграгарадку Зенькавічы прадстаўлялі лепшыя камбайнеры Аляксей Зубчонак, Віталь Лыкоўскі і вадзіцель Юрый Мешчаракоў. Кіраўніцтвам раёна прынята рашэнне сёлетнія «Дажынкі» правесці ў нашым аграгарадку Возера. Старанна рыхтуемся да гэтага хлебаробскага свята. Ладзіць такое мерапрыемства пачэсна і прыемна.

Уладзімір Субат, «СГ», subbat50@mail.ru 

Фота аўтара

УНП 600000330, 600109984
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter