Курс — на мiльярд

Скажаце, гэта нерэальна для невялiкага сельскага магазiна?..

Скажаце, гэта нерэальна для невялiкага сельскага магазiна? Але начальнiк планава-эканамiчнага аддзела Бешанковiцкага райспажыўтаварыства Раiса Кутузава запэўнiла, што гандлёвае прадпрыемства з рамантычнай назвай “Свечка”толькi за 8 месяцаў зрабiла тавараабарот 682,5 мiльёна рублёў. I да канца года рэальна выйсцi на мiльярд.

Загадвае магазiнам Наталля Грыбанава. Разам з ёй пакупнiкоў абслугоўваюць Алена Шыпуля, Вольга Гусакова i Вольга Краско. Поўны склад калектыву дазваляе даваць работнiкам гандлю выхадныя i водпускi, падмяняць пры неабходнасцi адна другую.

У райспажыўтаварыстве хваляць калектыў “Свечкi” i называюць яго адным з лепшых прадпрыемстваў гандлю. Купiць тут можна ўсё неабходнае: ад iголкi з нiткай да мiнi-трактара. Апошнi, праўда, прывязуць пад заказ, як i другiя буйнагабарытныя тавары. Накшталт мэблi, тэлевiзара, будаўнiчых матэрыялаў цi матацыкла.

А што да харчовых тавараў, то на любы густ. Вось толькi ўтульны кафетэрый з вынасным пластыкавым абсталяваннем з наступленнем халадоў давядзецца згарнуць. Як кажуць, не сезон. Змяншаецца ў мiжсезонне i грашовая выручка. Але ўсё роўна i ў начной цеменi прываблiва свецяцца вокны ў “Свечцы”, якая гатова сагрэць i накармiць шматлiкiх падарожнiкаў з бойкай аўтамабiльнай трасы Вiцебск—Мiнск.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter