Народная газета

Курс маладога бацькі

Аддаваць доўг Радзіме можна па-рознаму

Замалёўка з сяброўскай вечарынкі ў якім-небудзь шынку. “У мяне для вас “дрэнная навіна”. Хутка я ажанюся...”  Хвіліна журботнага маўчання, здзіўленне, поўныя спачування погляды і амаль нязменнае ў маладзёжным асяроддзі: “Спачуваю, браценік”, “Бывай, сябар”, “Хто ведае, ці ўбачымся яшчэ калі-небудзь?..” Адшумела вяселле, праз нейкі час тэлефонны званок: “У мяне для вас “сумная навіна”. Я стану бацькам”. У адказ глухое: “Бывай, камрад, вось зараз ужо сапраўды — усё...” Праводзіны, як на вайну. Ну альбо ў армію. Паралелі правесці можна.

Фота Максіма Вечара

“Армія — школа жыцця для хлопца. Сыходзіць кураня, прыходзіць муж”, — настаўляў шмат гадоў таму бацька. Што ж, не склалася. Плоскаступнёвасць і некаторыя іншыя некрытычныя праблемы са здароўем расставілі кропкі над “і”. Потым былі захопленыя і дыяметральна супрацьлеглыя па эмацыянальнай размалёўцы апавяданні сяброў-дэмбеляў. Гутаркі за жыццё. Традыцыйнае: “Не, у армію трэба схадзіць. Хаця б для таго, каб адчуць рэжым, падцягнуць дысцыпліну...”

У мяне наогул як? Жонка — строгі, але справядлівы камандзір маленькага сямейнага гарнізона. Яна як бы збоку сочыць за маім пераўтварэннем з таго самага кураня ў адважнага, парой адчайнага воіна. А вось дачка, вельмі падобная на харызматычнага і поўнага сваіх забабонаў маленькага прапаршчыка, здаецца, вось-вось асвоіць слоўца “сынок” і выпрацуе ў мяне рэфлекс аддаваць ёй чэсць. Усё гэта, вядома, утрыравана, аднак аналогіі напрошваюцца самі сабой.

Я выдатна памятаю сваю “прысягу”: “Клянуся любіць, быць верным і адданым...” Гэтак жа ніколі не забуду “курс маладога байца”. “Рота, пад’ём!” — працяжна крычыць сярод ночы маленькі “прапар”. І “радавы састаў”, скачучы на адной назе і нацягваючы на другую насок, імгненна “становіцца пад ружжо”. Праз пот і слёзы вучыцца з заплюшчанымі вачыма разбіраць і збіраць бутэлечку для малака. Здае на хуткасць іншыя нарматывы. Бясконцыя марш-кідкі па кватэры ў поўнай амуніцыі з дзіцём наперавес.

А чаго вартае пераадоленне “паласы перашкод” — усе гэтыя “расцяжкі” з цацак-бразготак, імітацыі выбухаў з дапамогай падаючага на падлогу посуду, узяцце чарговага бар’ера з крэсла для кармлення.

І ўсё гэта, заўважце, часта ў поўнай цемры. “Хутчэй! — крычыць несуцешны “прапаршчык”. — Варушыся, сынок! Забудзь пра мамку з таткам, ты цяпер воін...”

Я — воін. Я служу сваёй Радзіме. Хай не з аўтаматам на шыі, не ў берцах і камуфляжы. Але служба мая будзе доўжыцца не год-паўтара. Я нібы рэкрут у царскія часы і служыць мне ўсё тыя ж 25 гадоў, а можа, і больш. Інакш кажучы — усё жыццё.

Асмелюся выказаць здагадку, што да гэтага моманту чытачы ўжо падзяліліся прыблізна на тры лагеры. У адным — такія ж “рэкруты ў сям’ю”. Другія здзіўлена ўсміхаюцца — прывітанне вам, заўсёднікі шынкоў і аматары сяброўскіх вечарынак! Зусім хутка хтосьці з вас з хваляваннем скажа: “Браценікі, у мяне “дрэнная навіна” для вас...” Гэта жыццё.

І, напэўна, ёсць трэцяя група. Пракручваючы ў памяці адначасова ліхія і рамантычныя “100 дзён да загаду”, успамінаючы “духаў”, “дзядоў” і выкрутасы суровага прапара, яны іранізуюць: “Ды што гэтае птушаня ведае пра службу?..” Адказваю: магчыма, нічога. Я толькі памятаю, як жонка трапіла ў бальніцу, а я застаўся сам-насам з дачкой, якой было ўсяго шэсць месяцаў. Аднойчы з самай раніцы абнуліў на смартфоне лічыльнік пройдзенай адлегласці. Да канца дня, не выходзячы з кватэры, пераадолеў 14 тысяч крокаў. На днях сур’ёзна захварэлі ўжо трое маіх дзяцей. За адну ноч, хай і па-зімоваму бясконцую, пракрочыў амаль 10 кіламетраў! З двума немаўлятамі, якія ўвесь час супраціўляліся на руках.

“Рота, пад’ём!” — будзе патроху распаляцца маленькі “прапар”, у якога першы раз у жыцці здарыўся зубны боль. І “радавы састаў” кінецца выконваць начныя даручэнні, здабываць “сцяг” у дзяжурнай аптэцы, несці няспынную варту ля дзіцячага ложка. “Уставай, салдат!” — рана ці позна загадае суправаджаць у дзіцячы сад роднае, але строгае “начальства”. І “чарпак” возьме пад казырок. “Гэта залёт, воін!” — выдасць школьніца, якая прынясе ў дзённіку настаўніцкае запрашэнне зайсці да яе. І “дзед” страявым крокам адправіцца ў школу. “Татачка, дапамажы!” — пачуецца ў трубцы тэлефона адчайнае з выпускнога вечара. І ў татачкі — усё таго ж “радавога сямейнай службы” — спрацуе, як і ў кожнага салдата, інстынкт абаронцы Айчыны. Ён кінецца ў “наступленне”, думаючы толькі аб адным: што б там ні сталася, з гонарам выканаць свой абавязак. У сям’і ўсё гэтак жа — са шчытом ці на шчыце...

Часам здараецца маленькі цуд, бабуля згаджаецца пабыць “вартавым”, і ў нас з жонкай з’яўляецца магчымасць ненадоўга сустрэцца з таварышамі. “Прабачце, сябры. Нешта мы зусім адарваліся ад калектыву”. — “Нічога, бывае”, — няўпэўнена гучыць разрознены хор. І толькі з кута даносіцца самотнае і напружанае: “Мы ж усё разумеем...” Гэта голас Сашкі. Нядаўна ён стаў бацькам дзяўчынак-двайнят і зараз праходзіць “курс маладога байца”. Знаёмы погляд шчырага абаронцы Радзімы — злёгку шалёны, з ноткамі самаахвярнасці, крыху разгублены. Яшчэ нядаўна такія вочы я бачыў у люстэрку. Нічога, Сашка, зусім хутка і ты асвоішся. Пачнецца твая руцінная служба, павышэнні ў чынах. Зорак з неба ты хапаць не будзеш, яны самі, як спяваў Высоцкі, стануць скочвацца на нябачныя пагоны. Адначасова прымушаючы ўсё вышэй падымаць галаву і кладучыся на плечы цяжкім, парой непад’ёмным грузам. А разам з тым будзе нязменна вабіць “прывід ДМБ” — недзе там, на схіле гадоў, табе пададуць шклянку вады. Галоўнае — нясі службу горда і выканай свой бацькоўскі доўг з гонарам.

Так, сям’я — маленькая армія. Адпраўляючыся “служыць”, трэба быць гатовым да жорсткага рэжыму. Будзьце ўпэўненыя, што за гэты час вы страціце шмат “баявых таварышаў”. Гэта непазбежна.

У той жа час з’явяцца новыя знаёмыя і сябры. Як у сапраўднай арміі. Пасля “дэмбелю” вы, сур’ёзныя дзядзькі, будзеце сустракацца, дзяліцца ўспамінамі, дзясяткі разоў абмяркоўваць кур’ёзныя або, наадварот, сур’ёзныя сітуацыі сваёй “службы”. Раз за разам смяяцца над даўно аброслымі густой барадой сямейнымі анекдотамі.

Малыя дзеткі — малыя бедкі. Гэта даўно даказана. І чым далей, тым больш вы будзеце ўсведамляць, што ваша крэпасць — менавіта родны дом. Сяброўскія вечарыны перанясуцца са знаёмага са студэнцкіх часоў шынка ў сцены кватэры, а значыць, будуць адбывацца куды радзей. Не абыдзецца на гэтым “фронце” і без страт. Гаворка не толькі пра тых, з кім братаўся і кляўся ў вечнай дружбе ў школьныя і студэнцкія часы. Нехта страціць любімае хобі. Хтосьці — ладную пасму валасоў на галаве. Усе без выключэння — шмат нервовых клетак. Ці варта яно таго? Я схільны даць станоўчы адказ. Хаця б таму, што хочаце вы гэтага ці не, але змена статусу прымусіць перарадзіцца з кураня ў мужа.

muravsky@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...