Дух былога і сучаснасць Куранца

Куранец: за сябе и за тыя вёскі

НОВЫМІ вуліцамі з прыгожымі катэджамі пашырае свае межы вілейскі Куранец. У гістарычных дакументах архіваў ён упершыню ўзгадваецца ў 1355 годзе. Праз два стагоддзі тут збудавалі Свята-Раства-Багародзіцкую царкву. Пасля асвяшчэння ў 1665 годзе новага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі заснавана Куранецкая парафія. Паселішча атрымала статус места. На высокім беразе ракі Пелы паўстала крэпасць.


У розныя часы Куранцом валодалі Андрэй Рыма- відавіч і яго брат Скабейка, кашталян трокскі, намеснік полацкі Забярэзінскі, заможны панскі род Войнаў, магнаты Ян Літавор Храбтовіч, Соф’я Саванеўская, Юзаф Ромер.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Куранец стаў мястэчкам — цэнтрам воласці Віленскай, а затым Мінскай губерній Расійскай імперыі. Адкрылася царкоўнапрыходская школа.

На пачатку мінулага стагоддзя мястэчка папераменна захоплівалі нямецкія і польскія акупанты. Згодна з Рыжскай мірнай дамовай, яно адышло да панскай Польшчы. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР Куранец стаў раённым цэнтрам, якім быў да 1946 года.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі на Вілейшчыне паўстаў партызанскі рух. У Куранцы дзейнічаў Вілейскі падпольны абкам камсамола. Выдавалася газета “Савецкая вёска”. Актыўнае супраціўленне аказвала антыфашысцкае падполле. Азвярэлыя гітлераўцы ўстроілі карную аперацыю: значную частку жылых дамоў спалілі, замучылі, расстралялі і жывымі спалілі 1040 жыхароў, сярод якіх было амаль 400 дзяцей. На месцы злачынства ўсталяваны мемарыял. У брацкай магіле, што ў цэнтральным скверы, пакояцца 234 савецкія франтавікі і партызаны.

З першых мірных дзён аднаўлялася жыццё ў паўразбураным Куранцы, які з 1954 года стаў вёскай Вілейскага раёна. Пачалі дзейнічаць лесазавод, лясніцтва. Амаль трыста дробных прыватных гаспадарак аб’ядналіся ў калгас “Шлях Леніна”, які потым увайшоў у саўгас “Вілейскі”. У 2007 годзе Куранец набыў статус аграгарадка.

Член выбарчай камісіі Наталля ДЗІК і старшыня сельвыканкама Віктар УЛІЦКІ

З ЦЭНТРА заснежанага Куранца, куды мяне прывяла чарговая вандроўка, вуліцы стрэламі разыходзяцца ў розныя бакі. Пільным вартавым узвышаецца над прысадзістымі сядзібамі белакаменная Свята-Раства-Багародзіцкая царква. Непадалёку ад яе – прыгожы аднапавярховы будынак сельвыканкама. У прасторным вестыбюлі сталы з падшыўкамі газет, сярод якіх прыемна было бачыць і “Сельскую газету”. На сценах – стэнды з неабходнай інфармацыяй, Дошка гонару з дзясяткам партрэтаў мясцовых актывістаў. Час адказны — выбары ў мясцовыя Саветы народных дэпутатаў. Некалькі кандыдатаў змагаюцца за мандаты прадстаўнікоў у абласны і раённы Саветы.

Старшыня сельвыканкама Віктар Уліцкі выкраіў час на сумесную вандроўку па Куранцы. Узгадаў ён, як у маладыя гады з недалёкай мядзельскай вёскі Вузла, дзе працаваў аграномам пасля заканчэння Смілавіцкага зааветтэхнікума, на матацыклах з сябрамі лётаў на куранецкія танцы. Там прыглянулася яму дзяўчына. Пазнаёміліся. Таццяна толькі закончыла дзесяцігодку і ўладкавалася вучаніцай на вілейскі завод “Зеніт”. Згулялі вяселле. Віктар Васільевіч узначаліў вытворчую брыгаду ў Куранцы. Таццяна Францаўна стала прымаць малако ў вяскоўцаў. Кіраўніцтва саўгаса “Вілейскі” выдзеліла ім дом. Падрасталі двое дзяцей. Страта сына падкасіла здароўе бацькоў. Суцяшаюць унукі, якія кожнае лета імчаць да іх з Санкт-Пецярбурга. Віктар Васільевіч адзначыў: у Куранцы, як у горадзе на Няве, усе вуліцы, а іх агульная працягласць 17 кіламетраў, заасфальтаваныя. Выехалі на прыгожую вуліцу, дзе і зараз працягваецца забудова.

Кіраўнік вытворчага ўчастка “Куранец” ААТ “Новая Любанія” Павел АРЦЕМЯНКОЎ і трактарыст Дзмітрый СЯЛЮН

Спыніліся ля царквы ў гонар Раства Багародзіцы. Віктар Васільевіч узгадаў, як у першы год кіраўніцтва сельвыканкамам даведаўся пра намер стварыць тут бар. Мясцовыя атэісты ўжо збіраліся здымаць купалы. Ён стрымаў іх, за што быў выкліканы ў райкам партыі. Першы сакратар выслухаў ідэю аднаўлення царквы і ці ўсур’ёз, ці ў жарт прамовіў, што з партыі за такую справу не выключым, а вымову вытрымаеш. Талакою вычышчалі засмечаныя разваліны. Людзі аднавілі храм. Адкрыццё яго ўрачыста асвячаў Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Адрамантавалі царквушку і ў вёсцы Рэчкі. За ініцыятыву і старанне Уладыка адзначыў Віктара Уліцкага Ганаровай граматай. Каталіцкія вернікі пераабсталявалі будынак калгаснай канторы ў касцёл. Адкрываў яго Арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На каталіцкім цвінтары, што побач з храмам, віднеюцца ўбеленыя снегавымі шапкамі крыжы на магілах загінуўшых паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

У АКУРАТНА абгароджаным парку чакаюць вясновага цяпла векавыя дрэвы. Пад іх магутнымі шатамі велічна ўзвышаецца помнік героям Вілейска-Куранецкага антыфашысцкага падполля. Казачна глядзяцца ў парку заснежаныя лаўкі.

Памятным знакам ушанаваны загінуўшы на трэці дзень вайны экіпаж самалёта Су-2 пад камандаваннем старшага лейтэнанта Паніна.

Сотуювясну сустракае ветэран вайны і працы Сямён ШУБЕРЦІЙ

Перад Куранцом на пагорку каля трасы з Вілейкі на Докшыцы створаны адзіны ў Беларусі мемарыял памяці былых вёсак. Па розных прычынах у раёне знікла амаль 250 населеных пунктаў. У часы калектывізацыі хутаран прымусова перасялялі. Некалькі вёсак у гады вайны падзялілі лёс Хатыні, некаторыя былі затоплены, калі ўтваралася Вілейскае вадасховішча, а большасць – проста апусцелі.

Кожны сельсавет прадстаўлены на мемарыяле каменем, на якім выбіты назвы зніклых вёсак. Праз драўляны масток прайшлі да валуна, на якім выбіта запрашэнне прыпыніцца і падумаць пра свае карані. А ў Год малай радзімы варта і нешта добрае зрабіць для тых мілых сэрцу мясцін.

Чысцінёй і парадкам падкупляюць куранецкія падворкі і сады. У прасторным будынку размясціўся дом састарэлых і інвалідаў. У цеплыні і пад кругласутачным наглядам медыкаў, абслуговага персаналу пастаянна жывуць тры дзясяткі адзінокіх вяскоўцаў і інвалідаў.

Жывёлавод Дзмітрый ШПІЛЕЎСКІ

КУРАНЕЦ выглядае па-сучаснаму, бо тут узведзена шмат новых дамоў. Але і захаваўся дух былога мястэчка. Аграгарадок газіфікаваны. Пракладзены газаправод і ў перспектыўнай вёсцы Івонцавічы. Пакінутыя на тэрыторыі сельсавета сядзібы не спяшаюцца зносіць. Іх рыхтуюць для продажу новым гаспадарам.

Хвалюе Віктара Уліцкага, што пустуюць вытворчыя памяшканні былой доследна-вытворчай гаспадаркі “Куранец”. Спецыялізавалася яна на гадоўлі племянной жывёлы для ферм Мядзельскага, Валожынскага, Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў. Тут пасля атрымання дыплома інжынера пачынаў працоўную дзейнасць намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Генадзь Касцевіч. Ад яго пачуў, што гаспадарку далучылі да ААТ “Новая Любанія”. Пустуючыя будынкі былога сельгаспрадпрыемства плануецца перадаць у арэнду прадпрымальнікам.

Дзейнічаў і лесазавод, дзе працавала звыш ста рабочых. Некалькі гадоў таму прадпрыемства закрылі. Цяпер там наладжана дрэваапрацоўка. Вытворчасцю сталярных вырабаў і пляценнем дротавай сеткі заняты пяць рабочых у прадпрымальніка Аляксандра Кулёнка.

Гаспадары шматдзетнай сям’і Валерый і Таццяна БОХАНЫ

Раённае кіраўніцтва садзейнічае развіццю малога і сярэдняга бізнесу, турыстычнага сэрвісу. Пашыраюцца фермерскія гаспадаркі. На сотні гектарах вырошчвае гародніну, бульбу, збожжавыя культуры Аляксей Русак, у фермерскую гаспадарку якога мы завіталі. Пакуль спачывае пад снегавым покрывам зямля, гаспадар рыхтуецца да выхаду ў поле.

У суседняй вёсцы Клыні Мечыслаў Апанасевіч, акрамя раслінаводства, займаецца жывёлагадоўляй. На ферме ў яго ўжо сотня дойных кароў. Амаль паўтары тоны малака штодзённа пастаўляе ў Вілейку на перапрацоўку.

ВАКОЛІЦЫ Куранца прывабныя. Побач Вілейскае вадасховішча, шмат гістарычных помнікаў. Усё часцей наведваюцца сталічныя турысты. Для прыёму гасцей Клаўдзія Дубовік стварыла ўнікальны фальварак “Багданава”. Тут яна нарадзілася, вырасла і вырашыла аднавіць багаты на высадкі ліп, клёнаў, серабрыстых таполяў, вербалозу, бяроз родны куток. Паабапал алеі зелянеюць пушыстыя елкі, пасаджаны маладзенькія арабіны. Праз невялікі раўчук перакінуты драўляны масток. На лугавіне цёплымі днямі гасцей чакае стол з лаўкамі. Гаспадыня сабрала старадаўнія сялянскія прылады працы і аздобіла імі фальварак.

Загадчыца малочна-таварнай фермы Вольга МЕХОВІЧ

Уражвае Куранец мноствам векавых дрэў, што ўзвышаюцца над пабудовамі. На кожным з іх прымацаваны шпакоўні. Разгалістыя яблыні акружаюць абноўлены дом шматдзетнай сям’і Таццяны і Валерыя Боханаў, да падворка якіх мы пад’ехалі. Побач узвышаецца старое дрэва са спілаванай вершалінай. Перахапіўшы мой позірк, Віктар Васільевіч патлумачыў: для буслянкі месца падрыхтавалі. І, жартуючы, дадаў: за тое, што семярых дзетак прынеслі цыбатыя птахі ў дом Боханаў.

З гаспадаром шматдзетнай сям’і Валерыем Леанідавічам ледзьве не размінуліся. Ён спяшаўся ўправіцца з хатнімі справамі, каб змяніць напарніка на малакавозе.

Дома спраў хапае. У гаспадарцы — карова, свінні, куры. Трактар МТЗ стаіць каля хлеўчыка. Старэйшыя сыны Ілля і Уладзіслаў умеюць ім кіраваць. Дзяцей бацькі працай выхоўваюць. Дачка Мілана памагае маме. Шасцігадовы Стасік і трохгадовая Ніколь падрастаюць таксама памочнікамі. На пачатку зімы нарадзіліся двайняты. Хлопчыка назвалі Маркам, а дзяўчынку — Зарынай. Пераехалі Боханы ў Куранец з Нарачанскага краю. Прыглянулася ім старажытнае мястэчка. Купілі сялянскі дом і паступова абжываюць яго.

Фельчар дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Ірына ГАЙЧУК і пацыент Пётр АЎДЗЕЙ

ПАСЯБРАВАЎ з маладымі суседзямі стагадовы Сямён Шуберцій, падворак якога праз плот. І для яго родным стаў Куранец. У далёкім 1954 годзе былы франтавік прыехаў сюды з жонкай Аленай Пятроўнай. Да вайны закончыў Жытомірскую фельчарска-акушэрскую школу і пайшоў служыць у армію. Вайна застала ў Прыбалтыцы. Давялося адступаць у кірунку Ленінграда, дзе трапілі ў акружэнне фашысцкіх войскаў. Ледзьве ўдалося прарвацца. Да апошняга дня вайны ваенны фельчар Шуберцій ратаваў параненых байцоў. Перамогу сустрэў у Германіі. Узнагароджаны Сямён Іосіфавіч ордэнам Айчыннай вайны другой ступені. Часта выступае перад школьнікамі.

Завіталі ў школу. У класе-музеі праходзіў урок мужнасці. Дзеці трымалі ў руках партрэты піянераў-герояў. Настаўніца расказвала пра іх ваенныя подзвігі. Безумоўна, пачутае застанецца ў чуллівых дзіцячых сэрцах. Педагогі ганарацца сваімі выхаванцамі, якія пастаянна перамагаюць на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. І да працы прывучаюць вучняў. Тут дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па фарміраванні здаровага ладу жыцця, у якім павышаюць кваліфікацыю настаўнікі іншых школ. Пераважная большасць педкалектыву – былыя выхаванцы школы. Механізатарамі сталі Мікалай Хаткевіч, Аляксей Шчуркоўскі, Ігар Герасімовіч, Сяргей Баравы, жывёлаводамі — Наталля Шаўчук, Іван Пастэрнак, Алег Ігнатовіч.

Школьнікі Уладзіслаў БОХАН, Маргарыта ЛУКАШЭНКА і Аляксандр ЦЫБІН

Многія выпускнікі з дыпломамі спецыялістаў вяртаюцца на працу ў родныя мясціны. Маладыя ствараюць сем’і, працягваюць слаўныя традыцыі мястэчка, багатага ладнымі вугламі і крамянымі пірагамі.

Вілейскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter