Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На свята Купалле да беларусаў Літвы завіталі сябры з Беларусі, Латвіі ды Эстоніі

Купальская песня гучала ў ваколіцах літоўскай Клайпеды

Запрашэнне ад беларусаў літоўскай Клайпеды паўдзельнічаць у свяце “Ноч Івана Купалы” ансамбль беларускай песні нарвскай суполкі “Сябры” атрымаў яшчэ ў красавіку. І вось 23 чэрвеня цёплым сонечным вечарам у прыгожай сядзібе Гедмінай, у імправізаванай летняй зале на беразе ракі Мінія, сабраліся і гледачы, і артысты. Ансамблі беларускай песні з Беларусі, Літвы, Латвіі ды ўпершыню з Эстоніі прыехалі туды, каб у гульнях, песнях, абрадах правесці самую кароткую ноч лета. 

Самую кароткую ноч лета па традыцыі сустрэлі  купальскімі гульнямі 

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе, кіраўнік беларускай суполкі “Крыніца” Мікалай Логвін. Святочны канцэрт адкрыў ансамбль беларусаў Клайпеды “Купалінка” (кіраўніца Валянціна Снігур), які выканаў вядомыя і новыя беларускія песні. Пасля выступалі мы, беларусы Эстоніі: ансамбль нарвскай суполкі “Сябры” і самы малады ўдзельнік свята — Беларускае таварыства “Спадкі” з Тарту (суполка ўзнікла ў маі 2017 года). Было вельмі прыемна: многія песні разам з намі спявалі нават гледачы.

Прадоўжыў канцэрт ансамбль “Паўлінка” беларускай суполкі “Мара” з латвійскага горада Ліепая (кіраўніца Жанна Буйніцкая). Іх новая песня “Беларуская душа” проста пакарыла нашы сэрцы. Так і захацелася яе развучыць!

Выдатным падарункам стала і выступленне ансамбля “Гудскі гармонік” (кіраўнік Андрэй Калышка) з беларускага горада Ліда. Гэта была сапраўдная феерыя вясёлых беларускіх песень, жартаў, гумарыстычных сцэнак.

Выступленне творчых калек­тываў з Беларусі — гэта заўсёды таленавіта і прафесійна! І ўсё гучала па-беларуску! Дарэчы, спецыялісты даўно кажуць: беларуская мова — на другім месцы ў свеце па меладычнасці і лірычнасці пасля італьянскай.

Арганізатары выдатна падрых­таваліся да свята, паважаючы народныя купальскія традыцыі. Свята Купалле, па народных павер’ях, поўнае абрадаў, міфаў і легенд, звязаных з вадой, агнём і расліннасцю. Па розных прыкметах, саюз гэтых стыхій валодае жыватворнай прыроднай сілай. Таму мы ўсе з задавальненнем вадзілі карагоды, спявалі песні, перацягвалі канат, кідалі ў раку вянкі з пажаданнямі шчасця сабе і сваім блізкім. З імпэтам скакалі праз вогнішча — галоўны сімвал Купальскай ночы. Вядома ж: хто найбольш удала і вышэй скокне, той будзе ўвесь год шчаслівым.

Апоўначы ж пайшлі шукаць папараць-кветку... І доўга яшчэ над сядзібай, над лесам і ракой гучалі меладычныя беларускія песні.

Голас Радзімы № 25 (3529), пятніца, 7 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter