Купалле з Купалам

У тэатры беларускай драматургіі Купалле прайшло з Купалам

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ўчора вечарам Купалле адзначалі разам з Купалам.

Спалучэнне дня традыцыйнага абрадавага свята з імем песняра невыпадковае: менавіта 7 ліпеня 132 гады таму недалёка ад Мінска ў фальварку Вязынка нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч, будучы класік нацыянальнай літаратуры, народны паэт Беларусі, які стаў вядомы ўсяму свету як Янка Купала.

Святочнай тэатралізаванай дзеі папярэднічала адкрыццё выставы, на якой можна было ўбачыць творы беларускіх мастакоў і ўнікальныя экспанаты Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Гледачам прапанавалі спектакль «Купала. Кругі раю» — гісторыю жыцця класіка вачыма сучаснікаў. Аўтар і рэжысёр пастаноўкі Святлана Навуменка распавяла пра Янку Купалу, пера-плятаючы рэальныя драматычныя падзеі яго біяграфіі з лёсам створаных ім літаратурных герояў.

Купальскія песні прагучалі ў выкананні народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель і фальклорнага гурта «Купалінка» Белдзяржфілармоніі.

Не абышлося і без пошукаў «папараць-кветкі», купальскіх гульняў, карагодаў і традыцыйнага вогнішча, якое «распалілі» намаганнямі бутафораў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter