Купалье: беречь свое или копировать чужое?

Купалле: берагчы сваё ці капіраваць чужое?

Мы не супраць паўдзельнічаць у розных народных фальклорных святах. Ахвотна ідзём на Купалле, чакаем Масленіцы, народным гонарам лічым Дажынкі, Зажынкі, вітаем валачобнікаў альбо самі апранаемся ў іх. Перад Калядамі спрабуем убачыць у люстэрку каханага і шчыра верым: калі зіма будзе снежнай — то лета цёплым. А калі чорны кот пад носам пяройдзе дарогу, абавязкова падумаем: за што гэта мне і чаму акурат цяпер? Словам, забабонаў, якія яшчэ ад старажытных славян перадаліся, хапае. Між тым бадай усе мы — хрысціяне, вызнаём праваслаўе ці каталіцтва, якія супраць язычніцкіх абрадаў, вышэй пералічаных. Ды мала хто задумваецца над тым.



У спрэчцы нараджаецца ісціна. «Сельская газета», якая заўсёды за ісціну і праўду, вырашыла разабрацца, ці насамрэч народныя абрады і завядзёнкі для хрысціянства грэх і ці павінен імі даражыць народ?  Паслухаем два аўтарытэтныя меркаванні і зробім вывады разам з карэспандэнтам «СГ».

Янка КРУК, фалькларыст і этназнаўца, кандыдат філалагічных навук, аўтар шэрага кніг па беларускіх абрадах і традыцыях, у тым ліку настольнай «Залатыя правілы народнай культуры»: «Абрады – гэта космас нашай душы»

З 1976 года да цяперашняга практычна штогод на 2—3 тыдні езджу па Беларусі ў экспедыцыі і збіраю фальклор у шырокім сэнсе слова, а гэта і веды па астралогіі, народнай медыцыне, жывёлагадоўлі, пчалярстве, бортніцтве… Хаця, безумоўна, на першым месцы абрадавая практыка. Назапашаны багаты матэрыял са сваёй палавінкай Аксанай Веніямінаўнай выкарыстоўваем у манаграфіях, кнігах, прысвечаных беларускаму народнаму календару. Для школьнікаў і студэнтаў даступна распісалі зімовыя і веснавыя святы, выйшаў першы том летніх, другі хочам прысвяціць Купаллю і жніву.

Асабліва Купаллю, мы лічым, што гэта самае таямнічае свята. І ўсе кнігі пра яго, мне думаецца, толькі першае набліжэнне, бо сённяшнія людзі глядзяць на міфалогію не так апісальна. Хочацца звярнуцца ўсярэдзіну працэсу. Напрыклад, што такое купальскі вянок? Між іншым, у ім кожная кветка са сваёй роляй, недзе магічная, прываротная. Адзін вянок плыве далёка, другі тут жа нырне, а праз пяць кіламетраў хлопцы на ўзбярэжжы ракі таксама сустракаюць Купалле і падымаюць вянкі, што прыплылі. Так складаліся пары: выпадковасць ці заканамернасць? Вось што цікава.

У Беларусі святы і традыцыі апісаны добра, але пакуль незразумелая іх узаемасувязь. Чаму менавіта 12 свят у календары? Чаму пасля Калядаў ідзе Масленіца? На далоні пяць пальцаў, а чаму кожны называецца менавіта так? Ёсць нейкая логіка паслядоўнасці. Перакананы: адна частка кожнага свята нясе падвядзенне вынікаў за мінулыя 40 дзён, а другая задае праекцыю адрэзку новага жыцця. Абрад — гэта дыялог з продкамі, нябёсамі, язычніцкімі багамі. Нездарма на Куццю першую лыжку клалі на парог продкам. Назаўтра першымі па вёсцы хадзілі дзеці ў вывернутых кажухах, а гэта душы памерлых.

Варажба — адна з самых галоўных складовых абрадаў і прымеркавана перш за ўсё да чатырох цэнтравых свят. У зімовыя і летнія дні сонечнага сонцастаяння, восеньскага і веснавога раўнадзенства з часам нешта адбывалася, неба адкрывалася, і кожнаму маладому чалавеку, асабліва дзяўчатам, хацелася зазірнуць у кнігу вечнасці. Калі адэкватна да гэтага ставіцца — тут нічога кепскага.

Да слова, я цвёрда перакананы: абрады і завядзёнкі — гэта космас нашай душы, які цалкам паўтарае космас вялікі. Мы падпарадкоўваемся фазам месяца, сонцу і жывём у рытме і згодзе з імі. «Загляне сонца і ў наша аконца» — значыць, космас у хату зазірне, якая стане яго праекцыяй. Напачатку людзі ведалі сем планет, таму ў вясковай хаце на ложку ляжыць сем падушак. І стол, і печ, і чырвоны кут — усё трохузроўневая мадэль свету, сфакусіраванага ў адной кропцы, калі хочаце — у яйку. 

Наша культура, як і наш чалавек, яго менталітэт, — спагадная і гасцінная. Прыйшоў чужы госць у хату, мы яго пасадзілі ў чырвоны кут, напаілі, накармілі. Так адбылося і з хрысціянствам, яго прынялі, а разам — і каштоўнасці. Звярніце ўвагу: кожнае хрысціянскае свята прымеркавана да народнага: Каляды і Раство, Вялікдзень і Пасха, Сёмуха і Тройца, Купалле і Іаан Хрысціцель — усё абсалютна арганічна і лагічна. Калі гаварыць пра гэта з пункта гледжання народнага менталітэту, тут супрацьстаяння аніякага. Наш народ прыняў іўдзеяў, татараў, мусульман і ні з кім не ваяваў…



Але калі гаварыць з уласнай пазіцыі як навукоўцы: на вялікі жаль, тыя, хто нясе хрысціянскія каштоўнасці і жыве па прынцыпе: не судзі і не асуджаны будзеш, раптам бяруць на сябе адказнасць асудзіць тое, што тысячагоддзямі жыло на нашай зямлі. Тады я часам прыводжу даволі жорсткую пазіцыю і кажу, чым нашы сённяшнія хрысціянскія захавальнікі традыцый адрозніваюцца ад камуністаў: тыя руйнавалі хрысціянства, гэтыя руйнуюць язычніцтва. Не трэба замінаць народу займацца тым, чым ён хоча. Я не кажу, што ў Беларусі трэба распаўсюджваць сінтаізм. Проста не перашкаджайце жыць таму, што тут жыло тысячагоддзямі.

Замінаюць берагчы сваё запазычанні. Якое дачыненне мае да нас Дзень святога Валянціна? Аніякага, аднак займае важнае месца ў жыцці моладзі. Што такое Хэлоўін? Для нашага чалавека гэта вар’яцтва, а моладзь пэцкае твар, надзявае на галаву выразаны гарбуз, але не думае, што за ім схаваны душы расстраляных чырвонаскурых амерыканцаў-абарыгенаў.

Міхаіл ІЗАІТКА, пратаіерэй, дабрачынны Глыбоцкай акругі, куратар моладзі Полацкай епархіі: «Паміж фальклорам і гульнёй з д’яблам»

Двухвер’е ў нас захавалася з часоў Хрышчэння Русі. Людзі хрысціліся ўслед за князямі, баярамі і, магчыма, цалкам не ўсведамлялі персанальнай адказнасці. Між тым сур’ёзнага паганства ў душах суайчыннікаў не бачу. Толькі адзінкі грунтоўна захапляюцца гэтым пытаннем, рэанімуюць пэўныя язычніцкія абрады, забароненыя ў хрысціянстве, аб’яўляюць сябе лекарамі ці варажбітамі. Асноўная колькасць народу не задумваецца, дазваляе ці не дазваляе хрысціянства, проста ўдзельнічаюць у фальклорных святах і весела бавяць час.

У асноўным да народных абрадаў і традыцый стаўлюся пазітыўна. Некалі і сам у дзяцінстве распальваў вогнішча на Купалле. Як фальклорная з’ява — гэта вельмі добра, нам трэба хінуцца да сваіх каранёў, традыцый. Роўна да тога моманту, пакуль не ідзе перакос у бок паганства, што, бясспрэчна, адмоўна. Мы не можам прытрымлівацца таго, што супярэчыць хрысціянскай рэлігіі. Тады гэта ўжо не фальклор, а адрачэнне ад Хрыста, гульня з д’яблам. Трэба разумець: мы хрысціяне ці не? Немагчыма быць крышачку паганцамі і крышку хрысціянамі. Выбірайце адно. Таму спачатку набажэнства, царква, а потым фальклорныя святы без язычніцкіх забабонаў.

Што да народнай медыцыны, таксама пытанне дваістае. Калі гэта разумная парада, чаму б і не. Не грэх заварыць маці-мачыху ад кашлю, тым часам як эзатэрыка хрысціянам строга забаронена. Між тым некаторыя аб’яўляюць сябе народнымі лекарамі. Гэта нявольна, бо, зыходзячы з Бібліі, каго Бог надзяляў дарам лячыць? Сваіх абраннікаў — значыць, людзей святога і праведнага жыцця. А не тых, хто сам сябе так называе дзеля задавальнення эга.

Спадар Янка Крук разважае пра космас і ролю чалавека ў ім. Пра гэта цяпер модна гаварыць, гэткія меркаванні надаюць вагу чалавеку ў свеце. Слова «космас» у Евангеллі няма, але мы згодны, што чалавечая душа — гэта таямніца і вялікая каштоўнасць. Яе можна назваць космасам, галактыкай, толькі што ад гэтага зменіцца?

Спадар-фалькларыст кажа і пра тое, што хрысціяне кожнаму народнаму святу прыдумалі адпаведнік. Гэта не зусім так, бо, напрыклад, дата нараджэння Іаана Хрысціцеля з Евангелля, дзе сказана пра з’яўленне ў храме Архангела Гаўрыіла Захарыі. І пры жаданні хто разбіраецца ў Старым Запавеце, ва іўдзейскіх звычаях — дату могуць вылічыць. Тым часам Раство Хрыстова, магчыма, антыпод святу Мітры. Існавала такая традыцыя на месцы ці нават у памяшканні язычніцкага храма рабіць хрысціянскі. Гэта як перамога над паганствам, таму і некаторыя святы з’яўляліся як антыподы.

Не прымае хрысціянства астралогію, хоць некалі гэта была адзіная навука, якая ўжывалася замест астраноміі. Вешчуны, якія прыйшлі да Хрыста па зорках, таксама, відаць, былі астролагамі. Але час той навукі мінуў. І мы не можам пагадзіцца, што на лёс чалавека, трапіць ён у Царства нябеснае альбо не, неяк уплываюць нябесныя свяцілы.

Па сутнасці, трапіць у Царства Божае — наша прызначэнне, і Бог хоча, каб туды ўвайшлі ўсе. Будзе Суд, а якім стане апошні прысуд — невядома. Кожная душа — хрысціянка і хінецца да Бога. Праўда, гэтую святасць можна заглушыць, закласці грахамі, турботамі. Але мы павінны цвёрда ведаць, што народжаны на свет свабоднымі і маем права выбару. Фаталізм — погляд цалкам нехрысціянскі, а шлях да выратавання цесны і цяжкі, таму адразу трэба выбраць правільны кірунак.

На Александрыю варта раўняцца

Чароўнае Купалле, і чым ты так вабіш? Маё любімае свята. Мо таму, што там святыя сілы з нячысцікамі змагаюцца або паганскія багі ладкуюць пір. З часоў, калі хадзіла пешшу пад стол, на Купалле цягнула за руку бацькоў, нягледзячы на залеву і немалую адлегласць з вёскі да райцэнтра. І яны, утаймаваўшы свае амбіцыі і неахвоту, пакорна пляліся насустрач купальскай начы.

Тыя ўспаміны з дзяцінства — самыя прыемныя. З якой жа сквапнасцю да відовішча я назірала за купальскімі героямі, лавіла іх кожнае слоўка, разглядала таемныя ўбранствы, навыперадкі бегла да азёрнага ўзбярэжжа сустракаць Купалу і Купалінку, ролі якіх выконвалі самыя заслужаныя культработнікі. Шчамілася бліжэй да вогнішча, што ад яго іскры нават вопратку прапаліла. А ўжо папараць-кветку знайсці зусім цудам падавалася, самым вялікім шчасцем, якое бывае.

Гады ляцяць не марудней за птушак. Хоць і цяпер з не меншай павагай і пяшчотай стаўлюся да Купалля. Акурат штогод бываю на мерапрыемствах, іх патаемным зместам стараюся напоўніць прагную да таямніц душу, але цяперашнія адчуванні не параўнаць з колішнімі. Ці ў тым прычына, што не стала дзіцячай непасрэднасці?

Усё менш клапоцімся пра захаванасць традыцый, а кожнае свята імкнёмся звесці альбо да канцэрта ці яшчэ горш — да галачкі. Працуючы журналістам у раёнцы, рабіла рэпартажы з сучаснага Купалля. Яго генеральнай лініяй у райцэнтры была прыгожая дзіцячая тэатралізацыя, дзе добрыя сілы вярхуюць над злымі. Плылі ў вянках і з паходнямі Купала з Купалінкай — сённяшнія выпускнікі школы. Палымнела і вогнішча, якое абступалі госці.

«Дык што яшчэ трэба?» — спытаеце.

Адкажу.

Што за свята, калі нават прысесці няма дзе, акрамя сіратлівых лавак пад дрэвамі, і ніводнай палаткі з гандлем. Замест народных абрадаў і песень дзіцячыя эстрадныя нумары. А папараць-кветка — перажыты этап. Культработнікі кажуць: няма сэнсу яе «садзіць», бо даўно ніхто не шукае. Замкнутае кола атрымліваецца. Мо таму і не шукаюць, што няма чаго. Або пасыл да пошуку няправільны? З гэтай нагоды анекдот. Прыехала праверка ў сельскі клуб, на ім замок. «Чаму зачынена, па графіку танцы», — парыруе правяраючы. — «Усё роўна ніхто не прыходзіць», — і брывом не павяла загадчыца.

Зірніце на сёлетнюю праграму Купалля ў Александрыі, якое стала сапраўдным узорам, вяршыняй мастацтва. На ўзбярэжжы Дняпра — народныя абрады, традыцыйныя песні і танцы, стравы нацыянальнай кухні, майстар-класы, квест па пошуку таямнічай папараць-кветкі. На старажытныя традыцыі можна не толькі паглядзець, але і ім навучыцца. Не дзіва, што летась у невялічкай Александрыі за два святочныя дні пабывала сто тысяч гасцей.

Вось на што варта раўняцца. Па маштабах Александрыю дагнаць складана, а па якасці трэба старацца. Інакш хутка наша загадкавае Купалле з яго магічнымі рытуаламі ператворыцца ў дзіцячы канцэрт мастацкай самадзейнасці з вогнішчам у цэнтры. Для чаго тое вогнішча — і думаць ніхто не стане.

Падрыхтавала Алена БАСІКІРСКАЯ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter