Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

“Купалінка” ў Сыктыўкары

Хор, створаны ў Рэспубліцы Комі, гожа прадстаўляе беларускую культуру ў Расіі

Калі завітаць у офіс нашай Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” — а гэта пакой 27 у Доме Дружбы народаў Рэспублікі Комі, то пабачыш, колькі там розных узнагарод. Падзячныя лісты, дыпломы, граматы заваявалі-заслужылі таленавітыя беларусы. Памятаю, у Комі беларусы першымі стварылі сваю суполку. Тады ўжо ішла пагалоска пра мясцовы ўкраінскі хор, і на адным з пасяджэнняў савета НКА мы вырашылі: а добра б стварыць і свой!

У рэпертуары хору “Купалінка” больш за 70 песень

Давялося пашукаць добрага баяніста. Урэшце Аркадзь Крупенька, кіраўнік суполкі, знайшоў-такі музыку Барыса Цюрніна, збірала ж хор Ала Дабравольская, працаўніца гандлю. Яна ж і спявала ў хоры, і саліравала. Па першым часе пачыналі спяваць Лідзія Крупенька, медык Надзея Лосева, настаўніца Любоў Шубянок, пенсіянерка Зінаіда Губер, галоўны спецыяліст Сыктыўкарскага хлебакамбінат Галіна Валькова… Дапамагла са сцэнічнымі строямі Беларусь. І неўзабаве беларускі хор загучаў! Помніцца, як на справаздачна-выбарчай канферэнцыі дэлегатаў і гасцей пакарыў дуэт з Траецка-Пячорска: здорава выступілі Наталля Вахрушава і Раіса Ерашова.

Калі ў райцэнтры Візінга (86 км ад Сыктыўкара. —Рэд.) адкрываўся Цэнтр нацыянальных культур, то з Міннаца Рэспублікі Комі папрасілі выступіць там і беларускі хор. І ён выступіў, ды яшчэ й як! Нават першы краўнік Комі Юрый Спірыдонаў на канцэрце з залы падняўся на сцэну, з харыстамі спяваў “Ой ты, хмелю...”. Карацей — свята было цудоўнае, і для беларусаў дата знакавая: 12 студзеня 2001 года. Тады хор наш ужо “злавіў хвалю” ды, як кажуць, расправіў крылы.

Цікавых выступленняў было шмат, у іх ліку — удзел у фестывалях у Мінску, Маскве. А 7 красавіка 2012-га ў Рэспубліканскім акадэмічным тэатры драмы імя Віктара Савіна з аншлагам прайшоў Першы рэспубліканскі фестываль беларускай песні, прымеркаваны да 15-х угодкаў нашай НКА. Помніцца, у свяце паўдзельнічаў і народны артыст Рэспублікі Комі Анатоль Ізмалкоў. (Анатоль Дзмітрыевіч — саліст, драматычны барытон Сыктыўкарскага тэатра оперы і балета. Ён з Віцебшчыны родам: закончыў 1-ю школу ў гарпасёлку Лёзна, працаваў у Віцебску. У 2011-м ушанаваны званнем “Заслужаны артыст Расіі”, лаўрэат Прэміі Ураду Рэспублікі Комі. — Рэд.). Удзел вядомага спевака ў канцэрце паспрыяў і поспеху “Купалінкі”, за што землякі-беларусы яму вельмі ўдзячныя. У хора “Купалінка” тады яшчэ не было звання “народны”, а цяпер — ужо двойчы пацверджана, і ў рэпертуары хору — больш за 70 песень.

Поспеху, безумоўна спрыялі мастацкія кіраўнікі — усе, дарэчы, былі з кансерваторскай адукацыяй! Заканчвалі Мінскую, Маскоўскую, Свярдлоўскую і Петразаводскую  кансерваторыі. Асабліва прыкметную ролю адыгралі Валянціна Маскаленка (1991—2001), заслужаная артыстка Расіі Наталля Масанава (2010—2016). Добрых слоў заслугоўвае і баяніст Пётр Юркін, які, на жаль, раптоўна памёр летам 2016-га. З актывістак хору адзначу Любоў Шубянок: яна клапоціцца пра яўку на рэпетыцыі, выдатна валодае мовай, душэўна чытае вершы па-беларуску, піша сцэнары пастановак (напрыклад, любімых усімі Дажынак). Незабыўныя ўражанні артысты атрымалі на фэстах беларускай песні ў Беларусі: у Слуцка і Дуброўне.

Калі ў 2015-м у Комі гастраляваў славуты дуэт беларусаў Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, то ў дзень іх канцэрта зала сталічнай філармоніі ледзь змясціла ўсіх ахвочых. А на “разагрэве” выступаў і хор “Купалінка”. У зале было шмат мясцовых беларусаў, і публіка проста зачаравала вядомых артыстаў — пра тое пісала і газета “ГР” (“Пачулі родныя галасы”, 25. 07. 2015). Артысты паабяцалі яшчэ прыехаць да нас — не атрымалася: і да нас дайшла сумная вестка пра смерць Аляксандра Ціхановіча. Мы, беларусы і ўсе артысты хору, гаравалі, як пры страце самага блізкага сваяка. Няхай гэтыя радкі стануць данінай нашай памяці, павагі слаўнаму і любімаму артысту — ад імя беларусаў Комі.

З харыстаў, якія спяваюць і спявалі ў розныя гады, яшчэ адзначым Уладзіміра Дуксу, Валерыя Марозава, Аляксандра Кульбянкова, Аляксандра Мішэніна, Аляксандра Пятрэнку, Паўла Рагоўскага, а таксама Лідзію Шапашнікаву, Надзею Лосеву, Зінаіду Губер, Галіну Балюй… Вялікі дзякуй усім “купалінцам”! Як беларусы Комі, так і ўлады рэспублікі цэняць іх працу. А ўсё ж робіцца на грамадскіх пачатках. Бадай, усе артысты “Купалінкі” ўшанаваны былі ў розныя гады Ганаровымі граматамі Міннаца РК, падзячнымі лістамі, каштоўнымі падарункамі. Харыстка Лідзія Волкава мае званне “Ганаровы ветэран Сыктыўкарскага лесапрамысловага комлексу”. Любоў Шубянок, якая ў хоры ад пачатку заснавання, 16 снежня 2008 года ўшанавана Ганаровай граматай Кіраўнікі рэспублікі. Любоў і цяпер — адна з актыўных харыстак, да таго ж намесніца старшыні савета НКА.

Хор — гэта як жывы арганізм. Адны ўдзельнікі па розных прычынах пакідаюць яго — прыходзяць іншыя. Асвойваюцца, уліваюцца ў калектыў. І апошнім часам хор папоўніўся. Прыйшлі ў яго бухгалтар Вольга Галяняк, студэнт Арцём Барсукоў, прадавец Ганна Федарэнка, кіраўнік моладзевай суполкі аўтаноміі НКА Ілья Лепскі… А кіруе “”Купалінкай” Марыя Кротава, выпускніца Петразаводскай кансерваторыі. Таму мы, ветэраны суполкі, верым: хор яшчэ парадуе слухачоў новымі канцэртамі.

Мітрафан Курачкін, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Комі

Голас Радзімы № 23 (3527), чацвер, 22 чэрвеня, 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?