Купалiха

Быць каханай генiя — лёгка i прэстыжна. Быць жонкай генiя — такi жаночы лёс наўрад цi можна назваць зайздросным. Гэта цяжкi крыж, якi пад сiлу далёка не кожнай, бо патрабуе надзвычайнай самаахвярнасцi... Прыгожы, iмпазантны, рэдактар газеты, таленавiты паэт — Янка Купала з маладых гадоў i да апошнiх год жыцця быў захапленнем жаночых сэрцаў. Побач з iм заўсёды былi самыя выдатныя, блiскучыя i прыгожыя жанчыны яго часу. Але тая адзiная, якую ён павёў да шлюбу, агульнапрызнанай прыгажуняй не была. Яна пакарыла паэта схаванай глыбока ў душы крынiцай сiлы, да якой у цяжкую хвiлiну прыпадалi ўсе, хто яе ведаў. А для Купалы яна стала берагiняй, анёлам-ахоўнiкам яго пры жыццi i яго памяцi пасля яго смерцi.

“...Мяне палюбiць, як сябе самую”
У вершы “Мая жонка” ў 1906 годзе, яшчэ не сустрэўшы сваю выбраннiцу, паэт пiша:
А вазьму такую,
К якой любасць чую,
Што мяне палюбiць,
Як сябе самую.

Будзем з ёю жыцi
I долю хвалiцi,
Весцi лад у хаце,
Дзетак гадавацi.

Уладзiслава Станкевiч прыходзiлася сваячкай вялiкаму французскаму мастаку Клоду Манэ. Напрыканцы пазамiнулага стагоддзя ў Вiленскi край прыехала ў пошуках працы яе мацi, удава Эмiлiя Манэ i стала выкладаць у панскiм доме французскую мову. Тут, на Беларусi, яна зноў выходзiць замуж за Францiшка Станкевiча i нараджае сына Вiкенцiя i дачку Уладзiславу. Ад мацi ў спадчыну атрымала Уладзя некаторую педантычнасць, жыццялюбiвы характар i выключны талент гатаваць стравы французскай кухнi.
Забягаючы наперад, скажам, што калi ствараўся ў Мiнску музей Купалы, працуючы над яго экспазiцыяй, даследчыкi жыцця i творчасцi песняра запыталiся ў Петруся Броўкi, што быў частым госцем у гасцiнным доме Луцэвiчаў, якая люстра ўпрыгожвала iх сталовую.
— Не памятаю, — адказаў пiсьменнiк. — Аднак магу падрабязна апiсаць кожнае блюда, якiм у студэнцкiя гады мяне частавалi ў доме Купалы.
Дарэчы, па бацькавай лiнii Уладзiслава Станкевiч была сваячкай Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча. Але вялiкага лiтаратурнага таленту ў спадчыну ад знакамiтага продка дзяўчына не атрымала, хоць i цiкавiлася новымi лiтаратурнымi павевамi, як уся моладзь таго часу, i нават друкавала ў “Нашай нiве” вершы пад псеўданiмам “Владычанка”, “В.Станкевiчанка”.
— У старажытнай Вiльнi, тагачасным цэнтры беларускай культуры, вакол грамадска-палiтычнага i культурна-асветнiцкага штотыднёвiка “Наша Нiва”, — расказвае загадчыца навукова-асветнiцкага аддзела Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Людмiла Давiдоўская, — у пачатку XX стагоддзя гуртавалася перадавая беларуская iнтэлiгенцыя — Цётка, Iван i Антон Луцкевiчы, Зоська Верас, Аляксандр Уласаў, Янка Купала, Максiм Гарэцкi, Якуб Колас, Максiм Багдановiч, Сяргей Палуян. На адным з паэтычных вечароў рэдакцыйнай моладзi i пазнаёмiлiся малады таленавiты паэт i яго будучая жонка. Дарэчы, Уладзiславе, сведчаць гiсторыкi, Купала спачатку прыйшоўся зусiм не даспадобы, яна нават выказалася сябрам прыкладна так: “Як не спадабаўся мне гэты паэт!..”.
Уладзiслава Францаўна нават у маладосцi не была летуценнай, схiльнай да хутка ўспыхваючых рамантычных пачуццяў, якiмi нярэдка бывалi ў той час маладзенькiя паненкi. Наадварот, яна хутчэй нагадвала тыпаж “дзелавой жанчыны”, распаўсюджаны на пачатку нашага, прагматычнага XXI стагоддзя — сур’ёзнай, сталай, мэтанакiраванай, вельмi адукаванай. Выдатна ведала не толькi беларускую i рускую, але таксама лiтоўскую, польскую, французскую мовы. Сям’я яе бацькоў жыла вельмi небагата, i вучылася Уладзiслава праз цяжкую, напружаную працу: экстэрнам атрымала сярэднюю адукацыю ў Вiльнi, скончыла двухгадовыя педагагiчныя курсы ў Варшаве. Атрымаўшы дыплом, дзяўчына пачынае працаваць у дзiцячым прытулку, дзе выхоўвалiся абяздоленыя дзецi-сiроты, а пазней — дзецi з сем’яў бежанцаў падчас Першай сусветнай вайны.
— У тыя часы, — распавядае Людмiла Сцяпанаўна, — уладамi забаранялася весцi з дзецьмi асветнiцкую працу на роднай мове. Забаранялася вучыць дзетак пiсаць i чытаць па-беларуску. Але нiхто не мог забаранiць думаць пра жыццё роднага слова. Апантаная iдэяй нацыянальнага адраджэння, Станкевiчанка развучвае з дзеткамi беларускiя вершы, песнi, пацешкi, загадкi, народныя казкi.
Рабоце з дзецьмi — спачатку ў прытулках, у савецкi час — у дзiцячых садках — Уладзiслава Станкевiч прысвяцiла ўсё сваё жыццё.
Кветка-лiлея
— 23 студзеня 1916 года ў Маскве, у касцёле Святых Пятра i Паўла, Янка Купала павянчаўся з Уладзiславай Станкевiч, — расказвае Людмiла Сцяпанаўна. — З гэтага часу сям’я жыве ў Маскве, Полацку, Смаленску. У 1919 годзе Луцэвiчы вяртаюцца ў Мiнск.
У першым лiсце да блiзкай сваёй сяброўкi, паэткi Канстанцыi Буйло, Уладзiслава пiша, якая яна шчаслiвая i як хораша ёй жыць з такiм сардэчным, добрым, таленавiтым чалавекам. Шчасця на долю гэтай жанчыны Богам было адмерана нямнога. Не выпала iм “дзетак гадавацi”, як марыў у юнацтве паэт, — дзяцей у iх не было. I не так ужо многа лiрычных радкоў прысвяцiў ён той, што ўвесь час нябачным ценем была побач з iм, каб дапамагчы, зберагчы, падставiць плячо, закрыць ад бяды, хоць i звяртаецца Купала да яе “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лiлея...”:
Цi на небе не мiльён зорак
льснiць!
Кожна зорка дзесь кагось
весялiць.
Толькi ж месца там не стала
Для адной, што мне б мiргала...
Уладзiслава Францаўна стала “мацi” для цэлай плеяды маладых таленавiтых беларускiх лiтаратараў.
“Нiяк не ўспомню, калi ўпершыню сустрэў Уладзiславу Францаўну, — пiша ва ўспамiнах Сяргей Грахоўскi. — Здаецца, яна была заўсёды i не забудзецца нiколi. За вочы яе звалi Купалiха, ласкава звярталiся — цёця Уладзя. Нiколi нiхто не бачыў яе абыякавай i сумнай. Яна радавалася чужым радасцям, аж iскрылася, а людскiя беды станавiлiся яе клопатам”.
У доме Купалы на ўзбярэжжы Свiслачы (там, дзе сёння стаiць яго музей) заўсёды было людна: жыла блiзкая i далёкая радня, прыходзiлi маладыя паэты, заязджалi сваякi даўнiх сяброў.
“Уладзiслава Францаўна радасна i шчодра ўсiх прымала, частавала i пiльна сачыла, каб заўсёды было цiха i ўтульна, светла i спакойна на той палавiне, дзе працаваў неспакойны Купала”, — пiша Грахоўскi.
Дарэчы, сучаснiкi Купалы сведчаць, што Iван Дамiнiкавiч у хатнiх абставiнах быў чалавекам вельмi сцiплым i негаваркiм. Усесаюзна знакамiты паэт, ён жыў без раскошы. I жонка яго нiколi не дазваляла сабе шыкоўна апранацца.
— Шчырую гасцiннасць гаспадынi адчулi ў той час вельмi многiя: вядомыя i яшчэ зусiм невядомыя дзеячы культуры, навукi, лiтаратуры, мастацтва, вучоныя, студэнты, рабочыя. Лiтаратурны салон дома Купалы “выхаваў” вельмi многiх будучых волатаў нашай лiтаратуры, — расказвае Людмiла Давiдоўская. — Сяргей Грахоўскi ў сваiм артыкуле ў кнiзе “Явар i калiна” сведчыць: “Яна бачыла i паважала ЧАЛАВЕКА. А гэта ўжо вялiкi талент. Яна першая працягвала руку, а калi трэба была яе дапамога, падстаўляла плячо. Калi мне было асаблiва цяжка, лёс насустрач заўсёды пасылаў Уладзiславу Францаўну”.
У першыя гады Вялiкай Айчыннай вайны дом Луцэвiчаў згарэў.
— Загiнула ў полымi унiкальная бiблiятэка i найкаштоўнейшы архiў Янкi Купалы. Сям’я пакiнула Мiнск, выехала на дачу ў Ляўкi, затым у Маскву, праз пэўны час у пасёлак Пячышчы, што пад Казанню, на Волзе, — гаворыць Людмiла Сцяпанаўна. — Наблiжалася 60-годдзе народзiн песняра. На святкаванне свайго юбiлею Купала быў выклiканы ў Маскву ўрадавай тэлеграмай. 28 чэрвеня 1942 года ў гасцiнiцы “Масква” паэт трагiчна загiнуў. Крэмiравалi яго 1 лiпеня, прах паэта ўпакоiўся ў роднай зямельцы толькi у 1962-м — Купалу перазахавалi ў Мiнску на Вайсковых могiлках, дзе спяць вечным сном i яго мацi, i мацi яго жонкi, i сама “кветка-лiлея” яго жыцця...
Жыццё — для яго
Каб я лёг у дамавiне — Воч нiхто мне не зачыне...
Такiя радкi напiсаў Купала амаль за трыццаць год да сваёй смерцi.
Ён памылiўся. Уся краiна была ў жалобе. А для яго жонкi, Купалiхi, напэўна, у той момант, калi прыйшла страшная звестка, скончылася жыццё. Ва ўсякiм выпадку, гэта быў той удар лёсу, ад якога Уладзiслава Францаўна так i не аправiлася.
“Аднойчы з нястоеным болем яна сказала мне: “Каб я тады паехала з Янкам у Маскву, не трэба было б рабiць i музея. Ён быў бы з намi”. I гэта праўда. Яна была добрым генiем, што аберагаў паэта. А вось аднойчы адпусцiла — i назаўсёды...” — успамiнае Сяргей Грахоўскi.
“Милая моя Владя! Я знаю, что ты, как никто, любила Янку, жила им — и для него, посвятила ему всю жизнь, все способности и силы. Жила его интересами, его дарованием, была ему опорой и помощницей во всех его тревогах и заботах. Ты оберегала его, ты ухаживала за ним, ты вдохновляла его. Я ведь очень хорошо знаю, что вся жизнь твоя была для него...”, напiсала ў 1942 годзе, адразу пасля смерцi Купалы ў лiсце сваёй сяброўцы Канстанцыя Буйло.
— У 1944 годзе выйшла пастанова аб стварэннi Лiтаратурнага музея Янкi Купалы. Сакратаром па лiтаратурнай спадчыне песняра была прызначана ўдава паэта. I адразу ж Уладзiслава Францаўна распачынае карпатлiвую працу, — расказвае Людмiла Сцяпанаўна. — Усе клопаты, уся энергiя цёткi Уладзi былi скiраваны на ўвекавечанне памяцi самага дарагога ёй чалавека. Музей прыйшлося ствараць лiтаральна на пустым месцы — у вайну загiнуў сямейны архiў. Па кнiжачцы, па старонцы, па здымку па ўсiм Савецкiм Саюзе збiрала гэта жанчына дарагiя яе сэрцу рэлiквii, знаходзiла энтузiястаў, улюбёных у творчасць Купалы, шукала тых, хто бываў у iх у доме, добра ведаў Купалу, i прасiла напiсаць успамiны. Сама ж Уладзiслава Францаўна на людзях гаварыць пра мужа не любiла. Растлумачваючы гэта, ва ўспамiнах, апублiкаваных у 1943 годзе, яна напiсала: “Мне вельмi цяжка гаварыць пра Купалу”. Вядома i яе выказванне ў адказ на просьбу расказаць пра Купалу: “Мне цяжка капацца ва ўласных ранах”...
Дзякуючы плёну, пошукам i намаганням гэтай жанчыны 20 верасня 1945 года музей Купалы расчынiў свае дзверы для наведвальнiкаў, i Уладзiслава Францаўна стала яго першым дырэктарам. Тады музей размяшчаўся ў Палацы прафсаюзаў, пазней — на вулiцы Энгельса. Сучасны будынак, што вядомы кожнаму беларусу як музей вялiкага паэта, быў пабудаваны дзякуючы неўтаймаванай энергii Уладзiславы Францаўны ў 1959 годзе. Амаль на тым самым месцы, дзе калiсьцi стаяў аднапавярховы драўляны дамок, у якiм сям’я Луцэвiчаў пражыла з 1927 па 1941 год. Да ўрачыстага адкрыцця новага будынка музея Купалы 17 мая 1960 года яна не дажыла некалькi месяцаў.

Рэдакцыя “Народнай газеты” выказвае падзяку загадчыцы навукова-асветнiцкага аддзела Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Людмiле Давiдоўскай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter