Спектаклем «Людзі на балоце» Купалаўскі тэатр адзначыць 95-годдзе

Купалаўцы іграюць Мележа

Заўтра спектаклем «Людзі на балоце» Купалаўскі тэатр адзначыць 95-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Спектакль не новы. Прэм’ера адбылася ў сакавіку 2012 года. Але дасюль кожны яго паказ нязменна збірае поўную залу гледачоў.


Інсцэніроўку і пастаноўку знакамітай «Палескай хронікі», якую называюць беларускім нацыянальным эпасам, зрабіў рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. Што прымусіла звярнуцца да вядомага твора? 

— Ад «Людзей на балоце» я ў свой час атрымаў якасны эстэтычны ўдар, які пакінуў след на ўсё жыццё, — так тлумачыў мне некалі свой выбар рэжысёр. 

Прычына, каб узяцца за пастаноўку, у яго была не адна. Па-першае, «Палескую хроніку» Мележа ён справядліва лічыць адным з найлепшых узораў беларускай і нават сусветнай класічнай літаратуры. Па-другое, зусім маладым акцёрам іграў адну з першых сваіх роляў у культавым спектаклі «Людзі на балоце», які ў сярэдзіне 1960-х паставіў на купалаўскай сцэне рэжысёр Барыс Эрын. Пазней — здымаўся і ў знакамітым аднайменным фільме Віктара Турава. Але галоўнае — літаратурны матэрыял Мележа падаўся рэжысёру сучасным і ў сённяшнім дні. Ён прапанаваў сваё прачытанне хрэстаматыйнага твора.

У новай інсцэніроўцы рамана менш зямельнага пытання і сацыяльнага кантэксту, а больш кахання і асабістых адносін герояў. Менавіта гэтыя сюжэтныя лініі выбраў Аляксандр Гарцуеў з двух мележаўскіх твораў — «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Цэнтральнае месца ў спектаклі займае трохкутнік: Васіль, Ганна, Яўхім. Васіль, выгадаваны ў нястачы, хоча цвёрда стаяць на нагах, мець уласны кавалак зямлі і гаспадарку. Яўхім дбае адно пра ўцехі, бо ён сын працавітага і заможнага бацькі. Абодвум даспадобы вясковая прыгажуня Ганна, і іх лёсы залежаць ад яе рашэння. Няпростая гісторыя кахання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter