Купалаўская дарога пачалася з Навасёлак

Тыдзень адметны юбілеем народнай артысткі Беларусі Марыі ЗАХАРЭВІЧ
ТЫДЗЕНЬ адметны юбілеем народнай артысткі Беларусі Марыі ЗАХАРЭВІЧ. Са святам Марыю Георгіеўну павіншаваў Прэзідэнт. З дарагімі сэрцу землякамі імянінніца адсвяткавала юбілей у бацькоўскай хаце, што ў нарачанскай вёсцы Навасёлкі побач з Мядзелем. Сябры, калегі, прыхільнікі таленту актрысы віншавалі яе на святочнай вечарыне ў Нацыянальным дзяржаўным музеі Янкі Купалы. 

Мне пашчасціла рыхтаваць тэлепраграмы з удзелам Марыі Захарэвіч. У перадкалядныя дні па заснежаным бальшаку дабраліся ў нарачанскую вёску Пількаўшчына да бацькоўскай хаткі народнага паэта Беларусі Максіма Танка. З Марыяй Захарэвіч яны сябравалі. Актрыса чытала яго вершы на ўрачыстых канцэртах, па радыё і тэлебачанні. 

На заваленым сумётамі падворку нас сустрэў малодшы брат Танка Хведар. Паскардзіўся, што ноччу пад вокнамі ваўкі нема выюць. Ад хаты да прасторнага хлява вяла вытаптаная сцяжынка. Пад павецямі высока ўзвышаліся акуратна складзеныя паколатыя дровы. Марыя Георгіеўна ў накінутай на плечы пярэстай хустцы трапна ўпісалася ў вясковы каларыт. Пушыстыя сняжынкі ўпрыгожвалі яе просты ўбор. Разгалісты векавы дуб, сведка многіх падзей, быццам слухаў мелодыю гукаў. Здавалася, вось-вось з-за бярвенчатага вугла хаты выйдзе падзякаваць за палкія словы гаспадар-паэт. 

З Пількаўшчыны шлях ляжаў у Навасёлкі, да роднай хаты Марыі Захарэвіч. Стромкія бярозкі ахоўвалі акуратна ашаляваную і пафарбаваную пяцісценку. Маленькімі вокнамі ўглядаецца яна на вясковую вуліцу. У светлым прасторным пакоі да высокага куфра ўсланы на падлозе даматканыя палавікі, посцілкі на ложках. Марыя Георгіеўна не растаецца з роднай хатай, збудаванай бацькам замест спаленай у час вайны. Адсюль яна хадзіла ў мядзельскую сярэднюю школу. Марыла стаць настаўніцай мовы і літаратуры. 

Мо і так склаўся бы лёс, але аднакласнікі Тамара Шашкіна і Яўген Шабан угаварылі падаць дакументы ў тэатральна-мастацкі інстытут. Усе і паступілі. Студэнцкія гады супалі з адкрыццём Беларускага тэлебачання. Трэцякурсніца Марыя Захарэвіч вяла першыя выпускі тэлепраграм з Мінска. 

Таленавітую студэнтку прыкмеціў вядомы тэатрал Канстанцін Саннікаў, і па яго рэкамендацыі трапіла ў Купалаўскі тэатр, з якім не растаецца ўжо шэсць дзесяцігоддзяў. Нялёгка было зацвярджаць сябе як актрысу побач са славутымі тэатральнымі зоркамі — Глебавым, Дзядзюшкам, Платонавым, Рахленкам, Ржэцкай, Станютай, Тарасавым. Складаным быў шлях да ўсеагульнага прызнання. Але вядучыя ролі гераінь Івана Мележа, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка, Васіля Быкава не заставаліся незаўважанымі. Здымалася ў кінафільмах “Я — Францыск Скарына”, “Людзі на балоце”, “Трывожнае шчасце”, “Хам”, “Ясь і Яніна”. За радыёспектаклі “Рыбакова хата” і “Хамуціус” удастоена Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Творчая дзейнасць адзначана ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, медалём Роўнаапостальнага Кірыла Тураўскага, “Крыштальнай Паўлінкай-2004”. Без яе ўдзелу не праходзіў ні адзін літаратурны сталічны вечар. 

Фрагмент з фільма “Людзі на балоце” .
Марыя ЗАХАРЭВІЧ у ролі маці Хадоські.

«ПЭЎНА, няма такога беларускага паэта, чые вершы не чытала са сцэны, — адзначае Марыя Георгіеўна. — Прадстаўляла рэспубліку на маскоўскіх урачыстасцях. Хваляванне перапаўняла, але выходзіла на сцэну, і быццам Бог крылы даваў. У Купалаўскім тэатры за шэсць дзесяцігоддзяў даводзілася іграць самыя разнапланавыя ролі. І кожная з іх дарагая сэрцу: ад маці Хадоські ў мележаўскіх “Людзях на балоце” да Ганулі Зносчыхі ў купалаўскіх “Тутэйшых”. Няздзейсненай засталася мара пра ролю Ніны Зарэчнай у чэхаўскай “Чайцы”. Лёс яе нібыта паўтарыўся ў маім жыцці. Але не варта скардзіцца. Мае светлая радасць і шчасце — дачка Валянціна і сын Андрэй, унучка Ліана і маленькі праўнук Мірон. Радавод працягваецца.

Жыву з Богам у сэрцы. Самыя лепшыя кветкі, што мне падарылі ў юбілей, аднесла да Прасвятой Багародзіцы ў сталічны Свята-Духаў сабор. Я ўдзячна Богу за свой лёс. Калі ў тэатры паменшала роляў, занялася рэжысурай. Разам з зоркай тэатра музычнай камедыі Наталляй Гайда паставілі эксперыментальны спектакль пра дзвюх адзінокіх жанчын “Я не пакіну цябе”, які пабываў на многіх прэстыжных фестывалях і ўзнагароджаны прызамі і дыпломамі.» 

Прафесар Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры Марыя Захарэвіч выкладае студэнтам майстэрства сцэнічнай мовы. Знаходзіць час і для грамадскай дзейнасці. Удзельнічае ў навукова-творчай экспедыцыі “Шлях да святыняў з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга”. 

У юбілейныя дні Марыі Георгіеўны па Беларускім радыё гучалі запісаныя ў розныя гады спектаклі з яе ўдзелам, вершы беларускіх паэтаў. Быццам пра сябе яна сказала літаратурным радком Максіма Танка: “Згару я на вейцы тваёй расінкай, Беларусь!”

Фота з сямейнага архіва Марыі ЗАХАРЭВІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter