Купалаўскія дні

У 125-ы дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы ў сталічным парку, што носіць яго імя, было мнагалюдна. І тое, што бесперастанку ліў дождж, нікога не падштурхоўвала ісці дадому. Пакланіцца Песняру, сказаць “дзякуй” Купалу прыйшлі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва краіны, шчырыя чытачы — школьнікі, студэнты...

— Усё сваё жыццё Пясняр беларускай зямлі прысвяціў паэзіі, — сказаў на свяце “Палымянае слова паэта” віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Косінец. — Вялікі пісьменнік, мысліцель Янка Купала ў сваёй творчасці адлюстраваў светапогляд беларускага народа, паказаў, што без гісторыі няма нацыі.
Цёплыя словы ў адрас беларускага генія сказалі на свяце і вядомы паэт, суаўтар тэкста Гімна Беларусі Уладзімір Карызна, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” паэтэса Раіса Баравікова, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Мікола Мятліцкі, паэт Віктар Шніп, сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і іншыя.
Дзень нараджэння Купалы адзначалі амаль што ў кожным куточку Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter