Купалаўскі тэатр вяртаецца ў XIX стагоддзе

Цяперашняму будынку нададуць першапачатковы выгляд, а побач паставяць новы корпус у стылі хай-тэкРэстаўрацыя і рэканструкцыя найстарэйшай сцэ-нічнай пляцоўкі краіны пачнецца ў 2010 годзе, паведаміў намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка. Будаўнічыя работы, плануецца, расцягнуцца на два гады, а ў гэты час спектаклі будуць ставіцца на іншых пляцоўках.

Праект вяртання Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы яго сапраўднага аблічча і адначасовай мадэрнізацыі ацэнены намеснікам міністра як “вельмі рацыянальны”. Агульную канцэпцыю праекта рэстаўрацыі і рэканструкцыі яшчэ ў лютым зацвердзіла Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.
Людміла Іванова, начальнік архітэктурна-рэстаўрацыйнага аддзела ПРУП “Праектрэстаўрацыя”, навуковы кіраўнік аднаўлення тэатра, расказала, што фасаду будзе вернуты дэкор канца XIX стагоддзя, страчаны ў час пасляваеннай перабудовы. Аднак, магчыма, давядзецца зменшыць колькасць месцаў у зале — з 550
да 400.
Але перабудова ўнутранага аб’ёму гістарычнага будынка немагчымая. Таму ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце была створана творчая група, якая падрыхтавала праект сучаснай прыбудовы да старога будынка Купалаўскага. Армен Сардараў, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, кіраўнік творчай групы, упэўнены, што яму з калегамі ўдалося спалучыць гісторыю і сучаснасць. “У выніку рэалізацыі нашага праекта акцёры атрымаюць дадатковую сцэну, на якой змогуць ладзіць спектаклі, пакуль у асноўнай зале будуць гаспадарыць рэстаўратары. А затым “запасная” сцэна стане рэпетыцыйнай”, — агучыў адзін з варыянтаў найбліжэйшай будучыні тэатра спадар Сардараў.
Стары і новы корпусы тэатра злучыць галерэя ў стылі XIX стагоддзя. Кіраўніцтва Купалаўскага папярэдне ўхваліла прапанаваныя варыянты рэканструкцыі.

Будынак цяперашняга Купалаўскага адкрыўся ў 1890 годзе як Мінскі гарадскі тэатр, а за два гады да гэтага на цырымонію закладкі падмурка з Санкт-Пецярбурга спецыяльна прыязджалі члены імператарскай фаміліі. Пад фундаментам дагэтуль ляжаць залатыя манеты, кінутыя сваякамі цара на ўдачу.
З 1920 года гарадская сцэна набыла статус Беларускага дзяржаўнага тэатра. Да 1939 года, пакуль не быў узведзены будынак тэатра оперы і балета (нядаўна рэканструяваны), тут ішлі і яго спектаклі.
У снежні 1917 года ў гарадскім тэатры дэлегаты з усіх куткоў Бацькаўшчыны сабраліся на Усебеларускі з’езд і пастанавілі, што Беларусь мусіць стаць вольнай рэспублікай у саюзе з Расіяй.
Да пабудовы Дома ўрада (1933 год) у тэатры праходзілі галоўныя дзяржаўныя мерапрыемствы — гэта быў фактычна тагачасны Палац Рэспублікі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter