Купала, Купалiха, вiхура лiхалецця...

Тамара Ханяк з Лепеля — пра Янку Купалу i сваё дзяцiнства

Цi шмат знойдзецца на Беларусi людзей, якiя маглi б пахвалiцца тым, што асабiста сустракалi пры жыццi класiка беларускай дый сусветнай лiтаратуры паэта Янку Купалу? Тамара Якаўлеўна Ханяк жыве ў Лепелi. Многiя яе знаёмыя нават i не здагадваюцца, што бабуля Тамара можа расказаць не толькi цiкавыя падрабязнасцi з жыцця знакамiтага паэта, але i ўвогуле пра даўнiну нашага краю.

Iшоў 1931 год. Было гэта ў мястэчку Копысь, што на Аршаншчыне. Сям’я Панталёвых (дзявочае прозвiшча Тамары Якаўлеўны) вярнулася з Урала. Да вайны Якаў Дзмiтрыевiч Панталёў працаваў млынаром, больш таго, ён загадваў млыном. I гэта па тым часе дало сям’i шанец выжыць. Што-што, а хлеба акраец на стале сям’я заўсёды мела. Бацькава “пасада” мела непасрэднае дачыненне i да знаёмства iх сям’i з Янкам Купалам. Добрага млынара ў акрузе ведалi ўсе, таксама як i таленавiтага паэта. Купала ў той час меў лецiшча на беразе Дняпра, у маляўнiчым урочышчы Ляўкi, куды часцяком наведваўся. Ён пасябраваў з дырэктарам мясцовай арцелi, дзе шылi розную вопратку (прозвiшча яго бабуля Тамара, на жаль, не прыгадала). Памятае, як да прыезду паэта калгас адпраўляў на Купалава лецiшча жанчыну, каб тая навяла парадак. Пакоi былi не панскiя, што там надта прыбiраць. Тамара сама бачыла, бо не аднойчы забягалi туды з сяброўкаю Белкай. Белка — дачка дырэктара арцелi. Лецiшча — звычайны вясковы дом. “Не дом, — папраўляе сама сябе бабуля Тамара, — а хата”. Вiдаць, у яе паняццi хата — нешта больш сялянскае i народнае, чым дом. У хаце — ложак, стол, было шмат кнiг. На стале стаяў нiкелiраваны блiскучы самавар, якi Купала раздзьмухваў скураным чобатам. Частаваў дзяцей чаем, чытаў iм свае вершы. Не адны нашы дзяўчаты, у Купалы збiралася шмат мясцовай дзятвы, якую паэт вельмi любiў. I яны называлi яго проста дзядзькам, гэтага добрага i шчырага чалавека. А той з усмешкаю папраўляў: “Якi ж я вам дзядзька? Завiце дзядулем”. Тамара памятае, як дзядзька Купала чытаў iм верш “Вечарынка”. Да гэтага часу памятае:

Вечарынка ў калгасе,

У “Чырвоным аратаi”,

Прыйшлi Сцёпкi, Пецькi, Васi,

Прыйшлi Зосi, Стасi, Касi,

I гармонiк грае, грае...

Некалi гэты верш яна памятала ўвесь, але з гадамi падзабылася. Шмат чаго сцерлася з памяцi пажылой жанчыны. Але незабыўныя эпiзоды дзяцiнства памятае бабуля да драбнiц.

Неўзабаве i бацька пасябраваў з Янкам Купалам, ды так моцна, што дружба гэтая працягнулася да самага ваеннага лiхалецця.

У Купалы быў на той час шыкоўны аўтамабiль (цi то так здавалася малой, якая сапраўдны аўтамабiль бачыла гады ў рады), i меў паэт асабiстага шафёра. Вадзi­цель Коля быў чалавекам выхаваным i меў добрую душу. Аднойчы яны з дзядзькам Купалам паехалi на млын да Якава Дзмiтрыевiча i пры­хапiлi з сабою малую Тамару. Дзяўчынка была на сёмым небе ад ра­дасцi. Яна ўпершыню ў жыццi ехала на такой вялiкай i прыгожай машыне. Пакуль мужчыны, паставiўшы на ўзгорку аўта­ма­бiль, вырашалi свае справы на млыне, малая пачала нагамi яго разгойдваць. Аўтамабiль раптам i пакацiўся пацiху з узгорка. На шчасце, вадзi­цель Коля гэта заўважыў ды пусцiўся наўздагон. Пасля гэтага бацька ўзлаваўся i зрабiў канчатковы вырак: “Болей у машыну нiколi не сядзеш!” А дзядзька Купала толькi ўсмiхаўся.

Ну а вечарынкi, вясёлыя ды задорныя, паэт любiў i, чаго граху таiць, не грэбаваў застоллямi. Гэтая акалiч­насць, на думку бабулi Тамары, i падлiвала алею ў агонь яго сяброўства i з бацькам-млынаром, i з дырэктарам арцелi.

Затое калi на дачу прыязджала мацi Купалiха, абстаноўка мянялася. З’яўлялася яна, праўда, не часта, але дзецi яе чамусьцi не палюбiлi. Магчыма таму, што ў гэты час на дачу iх не пускалi. Купалiха была жанчынай уладарнаю i, як здавалася дзяўчынцы, мажнаю, высокаю. Аднойчы дзецi назiралi, як яна купляла курэй i, не цырымонячыся, кiдала iх у вялiзную сетку. Ку­рачкi чаплялiся гало­вамi за сетку, дзецям было вельмi шкада птушак. З таго часу, калi бабуля Тамара бачыць, як прадаўцы бесцырымонна хапаюць за лапы ды крылы жывых куранят, сама сабе кажа: “Во, як Купалiха даўней”.

Бацька прайшоў тры вайны. Пасля яны з Янкам Купалам сустрэлiся ў Поль­шчы. Бабуля называе прыкладна трыццаць дзевяты год, але дакладнай даты не памятае. Кажа, што сядзелi з паэтам у нейкага баўэра, што меўся нават фотаздымак падчас той апошняй сустрэчы. I гэта быў не адзiны здымак Янкi Купалы з iх сям’ёю. Але ж усе фатаграфii згарэлi разам з хатаю. У вайну спалiлi палову Копысi. Iнакш бы зараз i распавядаць не было патрэбы, усё i так было б зразумела па фатаграфiях.

* * *

Копысь бамбiлi ўжо ў першы дзень вайны. Дзяўчынка запомнiла, як cкiнутая ня­мецкiм самалётам бомба забiла жарабя. А на трэцi дзень яны пакiнулi родную хату i падалiся ў бежанцы. З суседзямi даехалi да Горацкага раёна, да вёскi Бася, дзе тыдзень жылi ў цёткi. Вёску звалi Бася, а цётку — Вася (Васiлiна). Памятае, жылi ў яе сям’ёй, а яшчэ з iмi жыла Белка, ды не тая, з якой сябравала Тамара ў дзяцiнстве, а iншая Белка — яўрэйская дзяўчынка. Так пражылi з ты­дзень. Пасля Белку забралi партызаны. Памятае Тамара эпiзод, калi партызаны прыйшлi ў вёску, толькi расклалi адзенне сушыцца, як лазню, дзе яны сядзелi, акружылi фашысты i расстралялi знячэўку заспетых хлопцаў. Выдала iх здраднiца, жыхарка той жа вёскi. Партызаны не даравалi гiбель сваiх бая­вых сяброў. Яны вылавiлi здраднiцу, прывязалi яе да дрэва, i кожны расстраляў у яе абойму, лiтаральна прашылi цела кулямi. Такiя вось жорсткiя стаялi часiны. Прыгадвае бабуля i расстрэл яўрэяў, якiх сагналi ў вёску Напраснаўку, там было шмат знаёмых яўрэяў з Копысi, i яны з мацi хадзiлi глядзець расстрэл. Не паглядзець хадзiлi, а раз­вiтацца са знаёмымi. Не пашанцавала тады i адной беларускай сям’i. Палiцай стаў чапляцца да дзяўчыны, а тая вазьмi дый пляснi яму па твары. Ня­мецкi пры­служнiк тут жа расстраляў усю сям’ю.

Калi зусiм стала нецiхотна ў Басi, падалiся на бацькаву радзiму ў вёску Засценак. Iшлi пешшу кiламетраў пад сорак. Па дарозе прасiлi па­есцi. З Засценка па­да­лiся ў Каменку да бацькавай сястры. Бацька на той час ужо ваяваў, а яго сястра, да якой пры­бiлiся бежанцы, не прыз­­нала, не прыняла сваякоў. Больш таго, паведамiла немцам: маўляў, мой брат рускi, а жонка яго яўрэйка, дык можаце яе з дзецьмi расстраляць. Пачуўшы такое, немец ледзьве не пусцiў у расход самую даносчыцу.

Часова пасялiлiся ў клецi, там мясцовыя жыхары зрабiлi для iх iмправiзаваную печку. Вясною iм нарэшце пабу­давалi хатку i зрабiлi ў ёй вялiкую рускую печ. Партызаны не аднойчы спынялiся ў той хатцы. Аднаго разу расклалi на печцы сушыцца патроны, а печка гарачая вельмi была. I давай патроны ўзрывацца. Ляцелi асколкi ў розныя бакi. Ледзьве ўра­тавалiся.

Калi бацька вярнуўся з вайны, атрымаў бясплатны лес, як i ўсе тыя, чые хаты пагарэлi. Пабудавалiся ў Оршы. Бацька ўладкаваўся на пiўзавод. Трымалi карову, вельмi добрая была кармiцелька. Малако прадавалi, бо патрэбны былi грошы.

Гаспадар пакiнуў гэтую хату даўно, ды бабуля не скар­дзiцца на цяжкасцi. Ёй ужо, бадай, восемдзесят. Але cама, нягледзячы на ўзрост, шчыруе на градках, сама, калi трэба, бярэ ў рукi малаток цi сякеру. Жыццё яе прымусiла спадзявацца на ўласныя сiлы, якiя, дзякуй Богу, яе не пакiдаюць.

На здымку: Тамара ХАНЯК (ПАНТАЛЁВА) – успамiны пра дзяцiнства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter