Купала і Колас у Міхайлаўскім

У Пушкінскім запаведніку працуе выстаўка Купалы і Коласа

У Пушкінскім запаведніку працуе выстаўка, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры

Выстаўка ў Дзяржаўным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным запаведніку А.С. Пушкіна «Міхайлаўскае» знаёміць з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа ў кантэксце рускай і сусветнай літаратуры, адлюстроўвае геаграфію сустрэч і сяброўства народных паэтаў Беларусі з рускімі пісьменнікамі, паведамілі «Р» у Міністэрстве культуры.

У экспазіцыі сабраны ілюстрацыі да твораў песняроў знакамітых беларускіх мастакоў Георгія Паплаўскага, Арлена Кашкурэвіча, Міхаіла Басалыгі, Васіля Шаранговіча, Янкі Раманоўскага, Анатоля Александровіча, Лазара Рана, Барыса Заборава, Юрыя Зайцава, Георгія Грамыкі, Яўгена Ціхановіча, Эдуарда Агуновіча, чые работы ўвайшлі ў залаты фонд беларускай кніжнай графікі XX – пачатку XXI стагоддзя.

Аснову літаратурна-дакументальнай часткі выстаўкі складаюць рукапісы перакладаў твораў Янкі Купалы рускімі літаратарамі, прыжыццёвыя выданні паэта з аўтографамі Валерыю Брусаву, Апалону Карынфскаму, Міхаілу Ісакоўскаму, Максіму Горкаму, выданні твораў Якуба Коласа на рускай мове, перапіска класікаў беларускай літаратуры з сябрамі і калегамі.

Асобная частка экспазіцыі выстаўкі прысвечана тэме «Беларускія песняры і Аляксандр Пушкін», дамінантай якой з’яўляецца пераклад Янкі Купалы знакамітай паэмы Аляксандра Пушкіна «Медны коннік», зроблены да 100-годдзя з дня смерці паэта.

Сумесны выставачны праект здзейснены Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і Дзяржаўным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным запаведнікам Аляксандра Пушкіна «Міхайлаўскае» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter