“Купіце крыху дабрыні і спагады”. Чаму плакала ўнучка галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”

На маёй першай у жыцці кнізе (гэта была “Вайна і мір”, якую мне падарылі, калi быў усяго адзін годзік) ёсць такі надпіс: “Памятай, што кніга – лепшы сябар!”. Немагчыма з гэтым не пагадзіцца.
На маёй першай у жыцці кнізе (гэта была “Вайна і мір”, якую мне падарылі, калi быў усяго адзін годзік) ёсць такі надпіс: “Памятай, што кніга – лепшы сябар!”. Немагчыма з гэтым не пагадзіцца. Кніжная прадукцыя, змешчаная сёння на паліцах крам і выстаў, такая багатая і разнастайная, што нават маленькае дзіця можа мець сваю добрую бібліятэчку. Большую колькасць дзіцячых кніжак, якія я знайшла ў магазінах, выпускаюць расійскія выдавецтвы, але ж выданні на роднай, беларускай мове таксама карыстаюцца попытам сярод пакупнікоў. Пра тое, што выпускае сёння выдавецтва “Мастацкая літаратура”, і пра тое, якой бачыцца дзіцячая кніга, я гутарыла з галоўным рэдактарам выдавецтва Віктарам Праўдзіным. — Пасля аб’яднання выдавецтваў “Юнацтва” і “Мастацкая літаратура” ў 2002 годзе “Мастацкая літаратура” наладзіла выпуск дзіцячай прадукцыі: кніжкі асобных аўтараў і серыі. Па-ранейшаму папулярным жанрам для дзяцей застаецца казка. Нашы серыі “Казка за казкай” і “Беларускія народныя чарадзейныя казкі” падштурхоў- ваюць маленькага да першых ведаў. Некаторыя з гэтых кніжак выпускаюцца з перакладам на рускую і англійскую мовы, але тым не менш не страчваюць беларускага каларыту. Вельмі цікавая кніжка “Вячэрняя казка” (на рускай мове). Яна змяшчае 365 казак з 83 краін свету. Яе якраз хапае на год – па адной казачцы ў дзень самых вядомых беларускіх і замежных аўтараў перад сном. Увогуле маленькі чытач не павінен з гадамі расчароўвацца ў тым, пра што прачытаў і аб чым даведаўся ад дарослых. Вось чаму сёння неабходна, каб нашы дзеці і ўнукі атрымлівалі праўдзівую і цікавую інфармацыю. Гэта наш галоўны накірунак, і выдавецтва шмат увагі надае выпуску кніг, якія нясуць пэўныя веды пра навакольны свет, пра нашу гісторыю, пра дабро і зло. У мінулым годзе на буйнейшай сусветнай выставе ў Франкфурце-на-Майне велізарную цікавасць выклікала кніга для малодшага школьнага ўзросту “Герб, сцяг і гімн беларускай дзяржавы” Эдуарда Скобелева, якая стала на час выставы візітнай карткай Беларусі. Вельмі цікавая серыя “Зямля мая”. Кнігі, якія ўжо выйшлі, а гэта “Птушкі” Сяргея Зуёнка, “Расліны” Аркадзя Скуратовіча і “Звяры” Алеся Наварыча, нясуць чытачу інфармацыю пра навакольнае асяроддзе Беларусі, пра братоў нашых меншых. Зараз плануецца выданне яшчэ дзвюх кніжак – “Рыбы” і “Насякомыя”. Беларускую гісторыю маленькім будзе цікава вывучаць па кніжцы Сяргея Тарасава “Фрэскі” з цудоўнейшымі малюнкамі Міколы Купавы, прачытаць пра абрады, традыцыі і прыкметы нашага народа можна ў серыі “Беларускі народны каляндар”. Практычна кожнае выданне з’яўляецца дыпламантам якога-небудзь конкурсу. — Віктар Аляксандравіч, відавочна, што кнігі выдадзены на добрай паперы, з прыгожымі малюнкамі і, тым не менш, даступныя па цане. Вось, напрыклад, велізарную цудоўную кніжку “Вячэрняя казка” можна набыць за 10 тысяч, у той час як расійскае выданне такога кшталту каштуе мінімум 35. З чым гэта звязана і ці можна гаварыць увогуле пра канкурэнтаздольнасць беларускіх выданняў? — Сапраўды, мы не збіраемся крыўдзіць нашых пакупнікоў, і асабліва дзяцей, няякасным словам або малюнкам, таму імкнёмся выдаваць прадукцыю вышэйшай якасці. Вельмі даступны кошт нашых кніг тлумачыцца тым, што 50 працэнтаў выданняў знаходзiцца на датацыі дзяржавы. Гэта значыць, што дзяржава дапамагае перш за ўсё не выдавецтву, а менавіта тым, хто збіраецца набыць кнігу. А наконт канкурэнтаздольнасці я хачу сказаць, што нашы кнігі папулярны і набыць іх можна не толькі ў магазінах, але і на розных міжнародных выставах. — Ва ўсіх дзіцячых кніжках вашага выдавецтва выдатныя малюнкі. Гледзячы на іх, трошкі зайздросціш, што такіх няма ў кнігах для дарослых. А якім павінен быць дзіцячы мастак? — Увогуле, ва ўсім свеце сёння назіраецца тэндэнцыя адмаўлення ад камп’ютэрных персанажаў і графікі і вяртання да алоўка і фарбаў. Многія бацькі ўсё больш купляюць дзецям савецкія мульцікі і тыя кніжкі, на якіх выраслі самі. А чаму? Таму што кніга ў першую чаргу павінна быць добрай! І задача дзіцячага мастака няпростая. Дзеці больш уважлівыя да таго, што намалявана і як. Асабліва маленькія, якім вельмі падабаецца разглядаць малюнкі, па іх яны вучацца. Я вось, напрыклад, нядаўна падарыў унучцы кніжку, а яна замест таго, каб радавацца, плакала амаль дзве гадзіны. Высветлілася, што яе вельмі ўразіў і напалохаў малюнак на вокладцы – кот, які крычаў ад таго, што ягоны хвост трапіў у мышалоўку. Таму мастак заўсёды павінен памятаць, для каго ён малюе, каб не здарылася так, што малюнак нашкодзіць або падмане маленькага чытача. — Віктар Аляксандравіч, а як асабіста вы ставіцеся да такіх кніжак, як, напрыклад, “Гары Потэр”, і ўвогуле, якой павінна быць дзіцячая кніга? — Мне часта задаюць пытанне наконт “Гары Потэра”. Я лічу, што гэта так званая модная дзіцячая літаратура. Нават у школах тых хто не прачытаў гэтую кніжку, лічаць адсталымі. На яе ёсць сёння попыт, але ж... Дзіцячыя кнігі павінны вучыць дабрыні і спагадзе, павазе да сям’і, сяброў, навакольнага асяроддзя. Час сёння нясецца ўперад, мы шмат чаго не паспяваем, нават кнігі чытаем толькі ў транспарце. А хочацца, каб дзеткі нашы раслі разумнымі і каб кніжкі для іх былі сапраўднымі сябрамі!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter