Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Розныя беларускія гурты Цюменьскай вобласці супольна выступалі ў горадзе Табольску з вялікай канцэртнай праграмай

Культурны дэсант на Іртышы

У Табольску ў мікрараёне “Левабярэжжа”, які адрэзаны ад асноўнай часткі горада Іртышом, 8 ліпеня адзначалі тры святы: Дзень сям’і, кахання і вернасці, Дзень рыбака ды Івана Купалы. Таму і рознапланававую праграму прапанавалі табалякам нашы супляменнікі — з Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства «Аўтаномія «Беларусь»” і Табольскай гарадской аўтаноміі беларусаў. Суполкі ўзначальваюць Марыя Піскун і Уладзімір Габрусь. Cвяточныя дзеі захапілі гасцей свята: тры гадзіны праляцелі як імгненне. Словы падзякі выступоўцам ад гледачоў за падораную радасць гучалі вельмі шчыра, беларусаў не хацелі адпускаць. Адна з супляменніц казала: за дзясяткі кіламетраў спецыяльна ехала — “каб толькі паслухаць беларускую гаворку, надыхацца Радзімай”.

У Купальскім карагодзе і Марыя Піскун, адна з арганізатараў свята

Канцэртная праграма — на 43 нумары! Выступалі вядомыя беларускія гурты Цюмені: народны “Лянок”, сямейны “Спадчына”, моладзевы “Палессе” і “акапэльны”, нядаўна створаны “Сузор’е”, а таксама дуэты “Сястрыцы” і “Каханне”. Былі на сцэне Алена і Ягорка Перыкавы, Аляксандр Вахнічаў, Вера Піскун, Ангеліна Падкарытава, ды яшчэ Косця Каралёў — ён ажно з Магілёва.

Словы “прыгажосць — гэта сіла” вельмі стасуюцца да гуртоў: галасамі цудоўнымі, сваёй аўрай, незвычайным гучаннем беларускіх спеваў яны твораць цуды. І душа мая, падаецца, пачынае звінець і спяваць — быццам анёл дакрануўся. І дух захоплівае, і слёзы, і ўсмешка... Пад гэтыя песні ўспамінаецца Бацькаўшчына — далёкая і заўсёды любімая. І мама, і вясковыя хаты, а таксама пралескі, лясы-пералескі, чыстыя крыніцы... Як такога эфекту дамагаюцца кіраўнікі гуртоў Клаўдзія Зуева, Марыя Піскун, Тамара Грыгор’ева ды Алена Перыкава — загадка, ды вынік відавочны. Колькі ні слухаю гурты беларускія — штораз атрымліваю непаўторную асалоду. Бо прыгажосцю праменяць як унікальныя галасы й спевы, так і касцюмы, многія з якіх шылі артысткі самі па даўніх выкрайках, узорах. Прыгожыя й самі людзі, якія збераглі ў сэрцах любоў да родных вытокаў, традыцый продкаў-беларусаў.

На Табольскім свяце бачны былі й таленты сцэнарыстаў, і тых, хто яго зладзіў, таму што ўсіх далучыць да свята гэтак ярка, займальна — няпростая справа. А ў Табольску тое атрымалася. Кожная новая гульня была, як кажуць, у тэму: прадуманая, лагічна спалучана з назвай свята. Аўтары сцэнара свята — Марыя Піскун з дочкамі Верай Піскун і Надзеяй Падкарытавай, прычым апошнія былі й вядучымі. А Станіслаў Падкарытаў прафесійна спраўляўся з гукам. Спачатку ўшаноўвалі юбіляраў сямейнага жыцця, пачынаючы ад 55-гадовых. Вядучыя расказалі пра Залатое ды Сярэбранае вяселлі, пра Сапфіравае, Каралавае, сямейныя традыцыі. Згадвалі біблейскую мудрасць пра тое, што ёсць сапраўдная Любоў. На сцэну, якую зладзілі  на прасторнай паляне са скошанай травой, выходзілі сужонкі, якія пражылі разам не адзін дзясятак гадоў. Сёлета, дарэчы, юбілеі ў дзвюх пар з ансамбляў “Спадчына” і “Лянок”: гэта Мікалай і Марыя Піскуны, а таксама Сяргей і Святлана Яфімчыкі. Яны ж і песні спявалі пра каханне. Юбіляры атрымалі падарункі з рук Андрэя Анатольевіча Хадасевіча, старшыні Табольскай гарадской думы.

У плыні свята прайшоў і конкурс на лепшы рыбацкі падворак. У намётах, недалёка ад сцэны, табалякі падрыхтавалі рыбныя разнасолы: шчупак фаршыраваны, карасі смажаныя, вобла сушаная... Пераможцаў вызначылі, а потым яны шчодра частавалі ўсіх ахвочых наварыстай юшкай з вялікага катла. Дзяліліся й рэцэптамі гатавання розных страў. Цёпла, па свойску ўсё было. Вядучыя таксама тонка ўпісваліся са сваімі жартамі, трапнымі слоўцамі ў гэтыя дзеі: аніхто без іх увагі не застаўся.


Залатым звяном праграмы стала беларускае Купалле. Гледачам расказалі, як водзяць карагоды, скачуць цераз вогнішча, купаюцца ў вадаёмах і абліваюцца вадой, звіваюць вянкі, загадваюць жаданні, варожаць. І шукаюць папараць-кветку на шчасце, бо ёсць павер’е: хто яе знойдзе, той будзе разумець мову птушак і жывёл. А навошта нам гэта? Вядома ж: каб быць бліжэй да Прыроды, і сябе адчуваць — яе жывою часцінкай.

У асобных конкурсах удзельнічала да 20 чалавек — а як выбраць пераможцу? Вырашылі: праз апладысменты “залы”. І вянкі Купальскія звівалі, потым — русалачак выбіралі: косы распускалі як дочкі, так і матулі. Гулялі ў “Ручаёк” ды, падзяліўшыся на каманды, спаборнічалі ў эстафеце “ваданосаў”: па лыжачцы шклянкі напаўнялі. Вадой абліваліся: бо гэта ж Купалле! Прыдумалі арганізатары і “вогнішча” — стог сена ўпрыгожылі пунсовымі кветкамі: як полымя. У скачках стараліся той стог не закрануць: каб думкі былі добрымі, а целы — здаровымі. Была ў свята інтрыга, загадкі, нават міні-спектакль з Вадзіцаю — самога Вадзеніка старэйшай сястрыцаю... І кожная дзея з праграмы нейкі сэнс мела, у Купальскую тэму, нібы ў вянок, увівалася, чаргавалася з выступамі гуртоў — з адпаведнымі песнямі.

Радасць і захапленне бачыла я на тварах дзяцей, што ўдзельнічалі ва ўсіх дзеях. Падобных святаў на Левабярэжжы Іртыша не было даўно. Беларусы разварушылі публіку спевамі, гульнямі, досціпам, дабрынёй... Суполкі, як бачым, не толькі пашыраюць нашу мову і культуру ў Сібіры, але і ўмацоўваюць міжнацыянальныя сувязі. Вядучы спецыяліст абласнога камітэта па справах нацыянальнасцяў Сяргей Яфімчык, ён жа спявак з гурта “Лянок”, з гонарам казаў: у Сібіры беларусы робяць усё, каб традыцыі продкаў — зберагаць і пашыраць, каб аўтарытэт нашай гістарычнай Радзімы заставаўся ў Расіі на вышыні.

Увесь час быў у цэнтры падзей на святочнай пляцоўцы, заклікаў землякоў у карагоды Уладзімір Габрусь, старшыня праўлення Беларускай аўтаноміі ў Табольску. Ён жа і памочнік старшыні Табольскай гарадской думы, і старшыня гарсавета ветэранаў. Сапраўдны беларус! І Андрэй Хадаcевіч, высока ацэньваючы майстэрства выканаўцаў, да заканчэння свята быў з народам, прычым не староннім назіральнікам.

АД РЭДАКЦЫІ

“Табольскае Левабярэжжа “акупіравалі” беларусы” — пад такой інтрыгуючай назвай напісалі пра падзею нашы калегі з інтэрнэт-сайта “Тобольск-информ”. Спадзяемся, ніхто там не ў крыўдзе за такі дружалюбны культурны дэсант? Дарэчы, даўно пачуваюць сябе сваімі нашы супляменнікі таксама і ў Цюмені. Трохі раней, напрыклад, напісала ў рэдакцыю Марыя Піскун — пра тое, што беларусы Цюменьшчыны 12 чэрвеня, у Дзень Расіі, паўдзельнічалі ў 23-м фестывалі нацыянальных культур “Мост дружбы”. “Фестываль праходзіў у Цюмені, і ўсё было вельмі прыгожа, з яркімі фарбамі, — чытаем у допісе. — Працаваў беларускі падворак, дзе можна было пакаштаваць розныя нацыянальныя стравы. Удзельнічалі ў свяце беларусы з сяла Арамашава, з сяла Вікулава прыехаў вядомы гурт “Вячоркі”, з сяла Дзясятава — ансамбль “Жывіца”. З самой Цюмені былі вядомыя гурты “Лянок” і “Палессе”, а таксама наш сямейны ансамбль “Спадчына”. Сёлета ўпершыню паўдзельнічалі ў фестывалі актывісты маладой суполкі — Цюменьскай гарадской грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў”. Старшыня праўлення ў ёй — Наталля Уладзіміраўна Габрусь. Нашы сябры выстаўлялі на фестывальным беларускім падворку свае арыгінальныя працы”.

Па наводцы нашага даўняга няштатнага аўтара Людмілы Бакланавай напісала нам, даслала цікавыя спасылкі з прэсы і сама Наталля Габрусь: “Наша суполка створана ў жніўні 2016 года. Цяпер мы разгортваем сваю дзейнасць, і ўжо актыўна ўдзельнічаем у справах культурна-асветніцкіх, скіраваных на зберажэнне і пашырэнне беларускай культурнай спадчыны ў Расіі”. Спадзяемся на працяг творчага супрацоўніцтва, паважаныя супляменнікі.

Голас Радзімы № 27 (3531), чацвер, 20 ліпеня, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter