Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Самарскай вобласці наведалі Арэнбург: паўдзельнічалі ў шматнацыянальным круглым стале, міжнародным фестывалі-конкурсе, сустракаліся з супляменнікамі

Культурны дэсант да суседзяў

Крэатыўна, з маладой энергіяй адзначалі сёлета Міжнародны дзень роднай мовы актывісты моладзевага аддзялення Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Па ініцыятыве Ірыны Глускай, прэзідэнта суполкі, святу прысвяцілі афіцыйны візіт у Арэнбург. “Для нас вельмі важна было напярэдадні Дня роднай мовы, які адзначаецца ў свеце дзеля зберажэння і пашырэння моўнай і культурнай разнастайнасці, быць разам з суайчыннікамі з суседняга рэгіёну, — расказала яна. — Як вядома, Беларусь адзначае сёлета 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і пра тое варта шырэй гаварыць і ў Расіі. Бо гэтая дата — сведчанне багатых культурных традыцый беларусаў, нашай адметнасці, актыўнай уключанасці ў еўрапейскія працэсы Адраджэння. 500 гадоў таму з’явілася друкаванае слова на старабеларускай мове. На жаль, не ўсе ведаюць пра даўнія традыцыі, карані беларускай мовы. Дылетанты нават кажуць, нібыта яна была... штучна створана бальшавікамі ў 20-я гады... Калі ж мы будзем лепш ведаць сваю гісторыю, то такія абразлівыя для ўсіх культурных людзей “домыслы” зможам аргументавана адпрэчваць. Да таго ж нам цікава ўсталяваць міжрэгіянальныя і міжнацыянальныя сувязі паміж беларускай моладдзю Самарскага рэгіёну і моладзевымі суполкамі Арэнбургскай вобласці.

Ірына Глуская з гуртом “Каданс” у Арэнбурзе

Вакальны ансамбль “Каданс” паказаў жыхарам і гасцям Арэнбурга прыгажосць беларускіх песень, нашу культуру. А дэвіз самарцаў у суседзяў быў такі:  “Культура — мова сяброўства і нацыянальнай згоды”.

План візіту, які заняў з дарогай чатыры дні, быў насычаным, уключаў пытанні гуманітарнага ды культурнага, моладзевага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва. Прайшоў і абмен досведам працы на карысць міжнацыянальнага міру і згоды. У складзе дэлегацыі, якую ўзначаліла Ірына Глуская, быў актыў моладзевага аддзялення суполкі, шэсць салістак “Каданса” і яго мастацкая кіраўніца Іна Сухачэўская. Праводзілі творчы дэсант прыгожа: на Самарскі чыгуначны вакзал прыйшлі прадстаўнікі этнааб’яднанняў вобласці, члены праўлення суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, родныя і сябры ўдзельнікаў паездкі. Ірана Шаміева, актывістка Лігі азербайджанцаў Самарскай вобласці, прыгатавала нават вялікі падарункавы торт з надпісам “Самара + Оренбург = ВМЕСТЕ”.

Дзень першы: моладзевы

Прыехаўшы на месца, самарцы азнаёміліся з этнападворкамі ў Культурным комплексе “Национальная деревня”. Прыём быў гасцінным і цёплым. Паказалі гасцям і адметныя мясціны Арэнбурга. І ў той жа дзень праходзіў круглы стол “Шматнацыянальныя гарады: моладзевыя праекты міжнацыянальнага ўзаемадзеяння”. Сабраліся кіраўнікі розных моладзевых этнасуполак горада і вобласці. Самарцы дзяліліся досведам працы ў плыні падрыхтоўкі да Чэмпіянату свету па футболе-2018, матчы якога пройдуць і ў Самары. Расказалі пра падрыхтоўку да V Моладзевага форуму Прыволжскай федэральнай акругі “Волга-2017»”: ён, ужо традыцыйны, пройдзе ў чэрвені ў Самарскай вобласці. Сёлета будзе там і шматнацыянальная пляцоўка. Гаварылі пра важны патрыятычны праект самарскіх беларусаў: складанне рэестра воінаў, якія былі прызваны з Куйбышаўскай вобласці, загінулі, абараняючы і вызваляючы Беларусь, і пахаваны на беларускай зямлі.

Абмяркоўвала моладзь і розныя іншыя пытанні. Па выніках моладзевага форуму падпісана трохбаковае Пагадненне аб узаемадзеянні ды супрацоўніцтве, мэта Пагаднення — міжрэгіянальныя кантакты, духоўна-маральнае, патрыятычнае выхаванне і асвета моладзі. Напрыканцы круглага стала яго ўдзельнікі абмяняліся сувенірамі, а самарскія беларусы падарылі новым сябрам друкаваныя выданні пра народы сваёй вобласці. І потым ужо ў нефармальнай абстаноўцы, пад час чаявання, былі зацікаўленыя размовы. Дарэчы, і чаяванне было шматнацыянальным... Кіраўнікі этнасуполак частавалі гасцей нацыянальнымі прысмакі, а самарцы здзівілі ўсіх смачным тортам, які прывезлі з сабой. Вечарам беларускі ансамбль з Самары “Каданс” разам з ансамблем “Белая Русь” з Арэнбурга паўдзельнічалі ў Фестывалі беларускай культуры на Беларускім падворку. Гучалі прыгожыя народныя і сучасныя беларускія і рускія песні, беларусы згадвалі сваю гістарычную радзіму, расказвалі пра жыццё, справы беларусаў Самарскай і Арэнбургскай абласцей. У прыватнасці, самарцы даведаліся, што ў 1929-м беларускімі населенымі пунктамі Асякееўскага раёна Арэнбуржа лічыліся: арцель Бедната (66 чалавек), пасёлак Чырвоная Горка (108 чалавек), пасёлак Беларускі (139 чалавек). А ў Бугурусланскім раёне была вёска Новая Мікалаеўка, у якой жыло амаль 600 чалавек.

Цяпер беларусы Самары маюць новых сяброў у Арэнбурзе

Дзень другі: творчы

На другі дзень гурт “Каданс”, яго салісткі бліскуча выступілі ў конкурснай праграме першага Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці “Ярче солнца таланты блистают”. Гэта толькі частка Міжнароднага праекта “Душа моей Родины”, які праходзіў пры інфападтрымцы Мінкультуры Расіі. Пра ўнікальнасць, высокае майстэрства артыстак з “Каданса” ведаюць гледачы розных рэгіёнаў Расіі, а таксама і ў Беларусі: гурт выступаў на фэставых і святочных сцэнічных пляцоўках у гарадах на гістарычнай радзіме.

На фестывалі ў Арэнбурзе “Каданс” выканаў дзве песні ў конкурснай праграме: “Чатыры сыны” на беларускай мове і “Золотая ярмарка” на рускай. У намінацыі “Эстрадны вакал: ансамбль” самарцы — лаўрэаты 1 ступені. У намінацыі “Эстрадны вакал: сола” Лізавета Глубінец — лаўрэат 1 ступені, а Вераніка Кузняцова — лаўрэат 3 ступені. У конкурснай праграме яны выконвалі адпаведна патрыятычную песню “Помнят люди” ды ўкраінскую лірычную “Я молюся за тебе”.

Візіт у Арэнбург прайшоў цікава, графік мерапрыемстваў быў шчыльным і насычаным. “Ад самарскай суполкі беларусаў, сябе асабіста шчыра дзякую ўсім, хто ўдзельнічаў у прыёме і размяшчэнні нашай дэлегацыі ў Арэнбурзе, — гаворыць Ірына Глуская. — Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую Віктару Мяфодзьевічу Пархамовічу, старшыні Арэнбургскай абласной беларускай культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі. Дзякуй таксама Кацярыне Ракавай, якая ўзначальвае Асацыяцыю нацыянальных моладзевых этнасуполак Арэнбургскай вобласці “Вместе”, яна ж і намесніца старшыні беларускай суполкі Арэнбургскай вобласці. Мы ўдзячны і Яшару Дурсун Аглы Масімаву, старшыні грамадскай арганізацыі “Азербайджанская молодежь Оренбуржья”, і супрацоўнікам гасцінічнага комплексу “У Солохи” з іх дырэктаркай Аленай Залатаровай, і кіраўніцтву чувашскага Паб-рэстарана “Чапай”... Нас гасцінна прымалі, нам стварылі камфортныя ўмовы — таму і ўсё задуманае мы здзейснілі. Будзем і далей працаваць на ўмацаванне і пашырэнне міжрэгіянальных і міжнацыянальных сувязяў, усталёўваць творчыя кантакты за межамі вобласці. Бо вельмі важна ведаць тых, хто жыве побач з намі, разумець іх звычаі — каб разам будаваць грамадства, заснаванае на ўзаемнай павазе”.

Ад рэдакцыі. Спадзяемся, беларусы Арэнбургскай вобласці пяроймуць ад супляменнікаў з Самары і досвед супрацоўніцтва з газетай “Голас Радзімы”. І пазаштатнага аўтара Мікалая Бойку мы папрасілі паспрыяць такім кантактам. У прыватнасці, было б цікава больш даведацца пра сучаснае жыццё згаданых у тэксце беларускіх вёсак Арэнбургскай вобласці, пра актывістаў тамтэйшай беларускай суполкі, іх сувязі з гістарычнай радзімай, цікавыя грамадскія справы.

Голас Радзімы № 11 (3515), чацвер, 16 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter