На следующей неделе телеканалу «Беларусь 3» исполняется десять лет. Какие премьеры он подготовил зрителям?

Культурная дыпламатыя

Здаецца, яшчэ нядаўна ў Белтэлерадыёкампаніі абмяр­коўвалі перспектывы развіцця першага ў нашай краіне сацыякультурнага канала. А ўжо на наступным тыдні гэты самы канал (гаворка пра «Беларусь 3», вядома!) святкуе першы значны юбілей. Сваё вяшчанне ён пачаў 8 лютага 2013 года, і ўвесь гэты час творчая каманда «Беларусь 3» неадступна падпарадкоўвае сваю працу галоўнай мэце — папулярызацыі і захаванню беларускай культурнай спадчыны, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці і выхаванню патрыятызму.

Адзін з самых папулярных праектаў канала — праграма «Кадры жыцця». Актрыса Святлана СУХАВЕЙ (на фота разам з Наталляй ВАРЛЕЙ) гэтым разам завітала ў госці да Сяргея КАЦЬЕРА.
tvr.by

Скарбонка каштоўнасцей 

Тэлеперадачы, дакументальныя фільмы, ігравыя і анімацыйныя стужкі, тэлеверсіі спектакляў і канцэртаў… Дзесяць год штодня «Беларусь 3» прапануе пазнавальны і забаўляльны кантэнт, які прыцягвае ўвагу як дарослых, так і дзяцей. Цікавая лічба: кожны дзень першы (і адзіны!) айчынны сацыякультурны канал гля­дзяць больш за 850 тысяч чалавек. Па словах галоўнага дырэктара Галоўнай дырэкцыі «Беларусь 3» Наталлі Марынавай, важнае месца ў змястоўным напаўненні тэлеканала займае стварэнне тэматычных эфіраў, прымеркаваных да дзяржаўных святаў, памятных гістарычных падзей і юбілеяў выдатных дзеячаў беларускай навукі і культуры, а таксама прамыя трансляцыі богаслужэнняў, музычных конкурсаў і канцэртаў, значных мерапрыемстваў краіны.

Чым яшчэ жыве канал сёння? Па-першае, працягваюць выходзіць любімыя праграмы «Дабраранак», «Калыханка», «Навіны культуры», «Беларуская кухня», «Сваімі словамі», «Жывая спадчына», «Кадры жыцця», «Камертон» і «Суразмоўцы». Творчая каманда тэлеканала заўсёды знаходзіцца ў пошуку цікавых тэм, што, безумоўна, прыносіць свой плён. Па-другое, за мінулыя некалькі год у эфіры з’явілася досыць шмат новых праектаў: «Кампазітары Беларусі», «Памяць зямлі маёй», «Гісторыя Беларусі. Бітвы», «Кафедра», «Гісторыя. Факты» і «Вечары з сімфанічным аркестрам». Радаваў тэлеканал і цікавымі дакументальнымі стужкамі, сярод якіх варта ўзгадаць фільмы «Штурман журналістыкі. Да 100-годдзя Рыгора Булацкага», «Імправізацыя. Памяці Міхаіла Фінберга», «Брэсцкая крэпасць», «Па слядах Купалы», «Крочым за Коласам» і «Дарога памяці», які з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Нагадаем, большасць праектаў уласнай вытворчасці выходзіць на беларускай мове. 

Прэм’ера за прэм’ерай 

«10 гадоў — 10 прэм’ер» — пад такім слоганам пройдзе юбілейны для «Беларусь 3» тэлесезон. У дзень свайго нараджэння канал поўнасцю зменіць графічнае афармленне, а ў эфіры з’явіцца серыя відэаролікаў з віншаваннямі ад вядомых дзеячаў культуры нашай краіны.

У суботу, 11 лютага, у 11:30 вый­дзе першы выпуск сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі і Нацыянальнай акадэміі навук «Навука побач». Ён прыйдзе на змену «Навукаманіі», але вядучая застанецца ранейшая — Кацярына Бярэцкая. У кожным выпуску «Навукі побач» пойдзе гаворка пра гісторыю стварэння тых рэчаў, без якіх чалавек ужо не ўяўляе жыцця. Даведаюцца гледачы і пра адкрыцці, што з імі звязаны, і пра перспектыўныя даследаванні.

У гэты ж дзень у 22:45 на тэлеканале пакажуць святочны канцэрт Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі да 10-годдзя «Беларусь 3». Яшчэ адна цікавая прэм’ера запланавана на 12 лютага. У 11:45 у эфіры — першы выпуск тэлевіктарыны «Веды ў кубе». Каб высветліць, хто лепш ведае беларускую мову і літаратуру, удзельнікам трэба будзе адказаць на дзясятак пытанняў.

Акрамя таго, на працягу бліжэй­шых месяцаў канал прад­ставіць шэраг новых пазнавальных праектаў. 19 лютага тэлегледачоў чакаюць прэм’еры штотыднёвай выніковай праграмы «Культурны тыдзень», якая раскажа пра апошнія падзеі ў культурным жыцці краіны, і спецыяльнага праекта «Вялікі тэатр» (да яго 90-годдзя). Перадачы цыкла дазволяць зазірнуць за кулісы і пазнаёміцца з тымі, хто кожны дзень стварае для беларусаў і гасцей краіны сапраўдную казку.

У сакавіку ў эфіры з’явіцца праект «Новыя людзі», героямі якога стануць таленавітыя навукоўцы, музыканты, мастакі, выканаўцы — лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Таксама чакаем 10-серыйны цыкл аб развіцці эстрадна-сцэнічнага жанру ў Беларусі «Легенды эстрады». Дарэчы, новы дакументальны фільм рыхтуе і вядомы рэжысёр Сяргей Кацьер. Стужка раскажа пра народнага мастака Беларусі, скульптара Івана Міско, які ў лютым мінулага года адзначыў 90-гадовы юбілей.

leonovich@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter