Аматараў даўніны і незвычайных экскурсій запрашаюць на “Ноч музеяў”

Культурная бяссонніца

Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У многіх краінах, у тым ліку ў нашай, да гэтага свята прымяркоўваюць акцыю “Ноч музеяў”. Традыцыйна захавальнікі гісторыі падаўжаюць час працы і дазваляюць наведвальнікам адчуць сябе ў скуры героя Бэна Стылера з аднайменнага фільма.
Фота БЕЛТА
Сёлета акцыя пройдзе ў большасці музеяў у ноч на 20 мая. Таму сёння варта добра выспацца, каб заўтра хапіла сіл на ўсе тыя цікавосткі, якія рыхтуюць музейшчыкі. Дарэчы, фантазія іх, здаецца, не мае межаў. Кожны год музеі радуюць сваіх наведвальнікаў абсалютна новай канцэпцыяй і арыгінальнай праграмай.

Да прыкладу, Нацыянальны мастацкі музей прапануе паглыбіцца ў насычанасць каляровага спектра і адкрыць 14 унікальных культурных лакацый. Яркім момантам вечара стане выступленне ў сценах музея заслужанай артысткі Аксаны Волкавай. Нацыянальны гістарычны музей, запрашаючы на 13-ю “Ноч музеяў”, абяцае нямала незвычайнасцей. Ілюстрацыі Сальвадора Далі да “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры на вачах гледачоў чароўным чынам перанясуцца на чалавечыя целы. Вітаўт і Ягайла прапануюць пагуляць з імі ў косці, а першабытны чалавек — расшыфраваць піктаграмы.

У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў гэты вечар можна будзе пакаштаваць армейскай кашы і навучыцца вырабляць салдацкі трохвугольнік. У Нясвіжскім замку — прайсці гістарычны квэст, а ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі — адчуць, як сціраюцца межы паміж эпохамі, краінамі і стылямі. Музеі з усёй краіны абяцаюць: заўтра будзе весела!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter