Народная газета

Культура як фундамент

Раман Матульскі аб тым, як не згубіць самабытнасць і зрабіць беларускую мову папулярнай

На пасадзе дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі працуе 15 гадоў. З ім галоўная бібліятэка краіны пераязджала ў новы будынак, перажывала тэхнічнае перааснашчэнне, прымярала на сябе новыя формы працы, ініцыявала буйныя праекты па захаванні і папулярызацыі нашай нацыянальнай кніжнай спадчыны. Ведаючы пра заклапочанасць гэтага чалавека нашай культурай і чуючы яго дасканалую беларускую мову, многія здзіўляюцца, калі дазнаюцца, што сам ён выхадзец з Украіны. Але сёння і язык не паварочваецца назваць яго “не адным з нас”. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь разважаем з Раманам Сцяпанавічам пра культурную ідэнтычнасць, мову і кнігі.

— Незалежнасць прадугледжвае самастойнасць дзяржавы не толькі ў палітыцы, эканоміцы, але і ў культуры. Сёння мы жывём ва ўмовах глабалізацыі і падуладны ўплыву розных культур і традыцый. Як захаваць пры гэтым сваю самабытнасць і не растварыцца ў агульным “катле” культур?

— Упэўнены, што самастойнасць дзяржавы звязана ў першую чаргу менавіта з культурай, культурнай ідэнтычнасцю народа, які пражывае на пэўнай тэрыторыі. Гэта фундамент, на якім трымаецца ўсё астатняе. 

А тое, што існуюць розныя культуры, плыні, дык яны заўсёды існавалі, і гэта толькі на карысць усім. Адзін з асноўных законаў філасофіі — адзінства і барацьба супрацьлегласцей — гаворыць, што толькі пры наяўнасці разнастайнасці можа быць адзінства. Гэта асноўнае, што рухае чалавецтва. Думаю, ніхто не хоча жыць у свеце, дзе ўсе будуць аднолькавыя. Таму нацыянальная культура — гэта тое, што трэба захоўваць у першую чаргу. Але захаваецца яна толькі тады, калі мы будзем упэўнены ў сваёй ідэнтычнасці, калі і мы, і ўсе астатнія ў свеце будуць прызнаваць, што Беларусь — гэта нешта асаблівае і ўнікальнае.

— Ва ўсім свеце ролю тых каранёў, на якіх моцна трымаецца дрэва нацыянальнай культуры, іграе мова. Але, на жаль, на беларускай мове сёння размаўляе невялікая частка людзей, многія яе зусім не ведаюць. Як, на ваш погляд, можна зрабіць яе больш папулярнай, каб не засохлі гэтыя самыя карані?

— Перш чым адказаць на гэта пытанне, трэба ўспомніць, чаму людзі сталі менш размаўляць на беларускай мове. Мы добра ведаем, што ў Першай сусветнай вайне загінуў кожны чацвёрты беларус, у Другой — кожны трэці. Што гэта былі за людзі? Перш за ўсё сацыяльна актыўная частка насельніцтва, дарослыя мужчыны, якія выконвалі ролю носьбіта духоўных каштоўнасцей, мовы, традыцыі. Вайна забрала жыццё тых, на кім трымалася сям’я і дзяржаўная гаспадарка. Для таго каб падняць краіну з руін, узнавіць эканоміку, прыехалі спецыялісты з розных рэспублік СССР — настаўнікі, урачы, інжынеры — людзі з высокім сацыяльным статусам, людзі, якія служылі прыкладам, на якіх хацелася быць падобнымі шкалярам, у тым ліку і ў карыстанні мовай. 

Сёння мы жывём у самастойнай, незалежнай, мірнай дзяржаве, якой можна ганарыцца, — ганарыцца яе сучаснымі эканамічнымі дасягненнямі, багатай гісторыяй, культурнымі традыцыямі, мовай. Нікога нельга сілай прымусіць размаўляць на той ці іншай мове. Кожны з нас паасобку і ўсе мы разам павінны знайсці матывацыю для таго, каб карыстацца беларускай мовай у штодзённым жыцці. Прыклад у гэтым нашым дзецям павінны паказваць перш-наперш бацькі, настаўнікі, знакамітыя людзі, а СМІ, у першую чаргу электронныя, вучыць усіх нас правільнаму вымаўленню, узбагачаць слоўнікавы запас прыгожымі беларускімі словамі.

— Ведаю, самі вы пазнаёміліся з беларускай мовай ужо ў свядомым узросце, калі прыехалі паступаць у Мінскі інстытут культуры на факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі. Але сёння, чуючы вашу гаворку, складана паверыць, што гэта не родная ваша мова.

— Я ж ужо столькі тут жыву! Паўтаруся, галоўнае — жаданне. Да таго ж мне вельмі шанцавала на людзей. Калі рыхтаваўся да экзаменаў, трэба было неяк адпачыць, прыйшоў у бібліятэку Інстытута культуры і папрасіў параіць штосьці цікавае з беларускай літаратуры. Супрацоўніца бібліятэкі прынесла мне “Дзікае паляванне Караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча. Узяў, пачаў чытаць, але нечага бракавала. Сэнс быў, але не адчувалася мелодыка. Уся справа ў тым, што гэта быў пераклад. На наступны дзень папрасіў кнігу ў арыгінале. І Караткевіч загучаў! Пакуль ішла ўступная кампанія, прачытаў сваю першую кнігу па-беларуску. А пасля мова была ў вучэбнай праграме, і маім першым і адзіным настаўнікам беларускай мовы стала Вера Адамовіч, жонка вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, — цудоўны чалавек, таленавіты выкладчык з шыкоўнай беларускай мовай. З такім настаўнікам проста немагчыма было дрэнна размаўляць па-беларуску. Добры прыклад і жаданне — вось што прымушае вучыцца.

— Вядома, што для захавання і папулярызацыі нашай культуры і мовы нямала робіць і Нацыянальная бібліятэка. Чаго толькі каштуе маштабны праект па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, за які калектыў бібліятэкі ўзнагароджаны прэміяй “За духоўнае адражэнне”. Сёлета павінна з’явіцца факсімільнае выданне першага Буквара. Дарэчы, на якой стадыі зараз знаходзіцца гэта праца?


— Для таго і існуе Нацыянальная бібліятэка, каб захоўваць нацыянальную культуру ва ўсіх яе шматлікіх вобразах. Праект па факсімільным узнаўленні спадчыны Францыска Скарыны задумваўся, каб паказаць самім сабе і сусвету, што беларусы не сёння нарадзіліся, што гэта не лапатная нацыя, якая не зразумела адкуль з’явілася, што ў нас багатыя навукова-асветніцкія традыцыі, пра якія мы і самі недакладна ведаем. Што датычыцца Буквара — усё па графіку. Макет падрыхтаваны і чакае выдання. Першага верасня, у Дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства, зробім падарунак шкалярам, прэзентуючы першую ў свеце кнігу, якая выйшла 400 гадоў таму пад назвай “Буквар” і да стварэння якой мелі дачыненне беларусы. Такія праекты ствараюць падставы для гонару сваёй краінай, гісторыяй і застаўляюць тых, хто за межамі Беларусі, як мінімум паважаць нас.

— Многія наракаюць на тое, што з прыходам камп’ютараў, інтэрнэта людзі перасталі чытаць, хадзіць у бібліятэкі. Ці так гэта?

— Гледзячы якімі крытэрыямі карыстацца. Калі 1960-х гадоў — магчыма. Структура інфармацыйнага рынку за апошнія гады моцна змянілася. З’явіліся электронныя носьбіты. Але гэта не значыць, што людзі не чытаюць. За 10 гадоў кнігавыдача ў Нацыянальнай бібліятэцы зменшылася прыкладна на 20%. Але зварот да электронных дакументаў за гэты ж перыяд павялічыўся ў 12 разоў! Мы рэгіструем штогод 4,5 мільёна звяртанняў да электронных рэсурсаў і баз даных. Я ніколі не супрацьпастаўляў электронную і папяровую кнігі. Кожная мае свайго чытача і сваё прызначэнне. Да таго ж дзякуючы сучасным тэхналогіям нашымі карыстальнікамі сёння з’яўляюцца чытачы са 115 краін, якія маюць магчымаць атрымліваць інфармацыю пра Беларусь, нашу гісторыю, сённяшняе жыццё з першых крыніц.

— Раман Сцяпанавіч, а чаму вы выбралі ў свой час бібліятэчную справу?

— Пайшоў па слядах бацькі. Вырас у закуліссі і не бачыў іншага месца працы, як ва ўстанове культуры. Калі скончыў вучылішча і збіраўся паступаць у інстытут у Кіеў, да мяне дайшлі чуткі, што ў Мінску адкрыўся новы Інстытут культуры і там няма конкурсу. Вядома, што значыць для абітурыента “месца, дзе няма конкурсу”. Цягнікі ад майго гарадка ў Кіеў і Мінск ішлі з розніцай у паўгадзіны, таму доўга не думаў, сеў і прыехаў у беларускую сталіцу. Тое, што конкурсу няма, вядома ж, было няпраўдай. Але камісія прыняла мяне, як роднага сына, я паспяхова здаў экзамены і быў залічаны. І з таго часу мой лёс канчаткова звязаны і з бібліятэчнай справай, і з Беларуссю.

— У чалавека, які ідзе з кнігай па жыцці, напэўна, і дома немалая бібліятэка?

— Не, толькі некалькі шафаў. Калі прыйшоў у прафесію, зразумеў, што ўсіх кніг не сабраць. Да таго ж кнігі павінны быць ва ўжытку, а ў асабістай бібліятэцы яны, звычайна, чытаюцца адзін раз, а далей пыляцца на паліцы. Дома цяпер захоўваю арыгінальныя выдавецкія праекты, не магу развітацца з якаснымі фотаальбомамі, бо з маленства захапляўся фатаграфіяй, ёсць прафесійная літаратура, штосьці для душы з мастацкіх твораў. А астатнія кнігі, якімі абрастаю, прывожу ў бібліятэку ў фонд — чытачам яны больш патрэбныя.

— Вы ўспомнілі, што раней цікавіліся фатаграфіяй. А ці хапае сёння ў такога занятага чалавека, як вы, часу на нейкія захапленні?

— Час заўсёды трэба знаходзіць, бо можна і сэнс жыцця згубіць. Гэта філасофія прыходзіць з узростам. Вольнага часу няшмат. Але ўсё адносна. Майструю з дрэва — гэта дзедавы гены. Ад брутальнай садовай мэблі перайшоў у дом. Паабяцаў жонцы, што будзе кухня. Праца з дрэвам прыносіць мне вялікае задавальненне. Вырошчваю вінаград. Гатункаў няшмат, але галоўнае, што яны смачныя і падабаюцца нашай унучцы. Вельмі важна пераключацца і фізічна, і псіхалагічна, каб з часам і на нейкую праблему паглядзець з іншага боку.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Владимир ШЛАПАК
Загрузка...