Якiм будзе Кодэкс аб культуры?

Культура трымае экзамен

Два гады таму было заяўлена пра стварэнне Кодэкса аб культуры. Доўгія месяцы абмеркавання, унясення змен, спрэчкі — і вось дакумент нарэшце гатовы. Дэпутаты ўжо азнаёміліся з ім у першым чытанні. Не за гарамі час, калі ён убачыць свет. Пакуль жа ёсць сэнс разабрацца, што гэта за Кодэкс і навошта ён патрэбны.


Фото БелТА

Першае — гэта ўнікальны дакумент, які не мае аналагаў ні ў суседніх краінах, ні ў Заходняй Еўропе. З апошняй амаль усё зразумела, там наогул кадыфікацыя дакументаў нармавання дзейнасці ў сферы культуры — не вельмі пашыраная практыка па прычыне стаўлення да гэтай сферы як да жывога працэсу, які сам сябе рэгламентуе. Лічыцца, што ёсць агульныя правілы жыцця, імі трэба кіравацца, і неабавязкова ствараць нейкія законы аб культуры. Хаця апошнія дваццаць гадоў паказалі, што і Заходняя Еўропа і Амерыка пачынаюць прымаць усё больш грунтоўныя дакументы, якія рэгулююць сферу культуры, і не выключана, што ў бліжэйшы час яны пойдуць нашым шляхам. Што датычыць Расіі і Украіны, то тут хутчэй трэба гаварыць пра недасканаласць іх заканадаўстваў, што не дазваляюць зрабіць адзіны дакумент.

— Па шчырасці, з’яўленне такога дакумента ў нашай краіне яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму не ўяўлялася магчымым, таму што заканадаўства было яшчэ рухомым, яно толькі фарміравалася, — гаворыць намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдат культуралогіі Алесь Суша, які быў адным з распрацоўшчыкаў Кодэкса. — І тое, што мы сёння гаворым не пра закон або падзаконны акт, а менавіта пра Кодэкс, гэта ў пэўнай меры сведчыць, што мы выйшлі на новы ўзровень сталення і заканадаўчая база не будзе мяняцца кожны год. 

Асноўнай цяжкасцю пры яго стварэнні была як раз адсутнасць аналогій. Ні для каго не сакрэт, што большасць заканадаўчых актаў ва ўсім свеце капіруюць адзін аднаго з улікам асаблівасцей той ці іншай краіны. Запазычыць і адаптаваць пад сябе (уключыць іншыя нарматыўныя акты, міждзяржаўныя дамоўленасці, канвенцыі і гэтак далей) — самы просты шлях. Тут жа падгледзець не было дзе. Таму ад самага пачатку рабочая група, складзеная са спецыялістаў розных кірункаў дзейнасці ў гэтай сферы, усё распрацоўвала сама.

Былі некаторыя супярэчнасці і ў разуменні таго, што такое культура наогул.

— Культура — гэта фактычна ўсё, што створана чалавекам, — працягвае культуролаг. — Пры вялікім жаданні, калі не адчуваць межаў, можам сферу культуру пашырыць практычна на ўсе формы жыцця-дзейнасці, так бы мовіць: напрыклад, уключыць сюды палітычную, педагагічную, асветніцкую, судовую, кнігавыдавецкую дзейнасць і іншыя. Гэта з пункту гледжання тэарэтычнага падыходу, можа, і добра, але з іншага боку ў нас ёсць выпрацаваны часам ведамасны падзел. У чым была цяжкасць? Кодэкс — гэта не ведамасны акт, гэта рэспубліканскі дакумент агульнанацыянальнага значэння. Кодэксы рэгламентуюць не дзейнасць пэўнай галіны, пэўнага ведамства, напрыклад Міністэрства культуры, а ўсю сукупнасць адносін паміж суб’ектамі нашага грамадства ў сферы культуры, да якога б ведамства яны ні адносіліся. І вызначэнне межаў гэтай сферы выклікала пытанні.

Алесь Суша прыводзіць прыклад з дзейнасці бібліятэчнай сістэмы. Калі б якая з устаноў захацела на сваёй базе стварыць нейкі медпункт, то, бясспрэчна, такое структурнае падраздзяленне працавала б па правілах, распрацаваных Міністэрствам аховы здароўя. Калі б захацелі аддзяленне пажарнай часці, то — па дакументах Міністэрства падаткаў і збораў. А хто павінен рэгуляваць дзейнасць бібліятэкі, якая адкрыецца (ці ўжо існуе) у арганізацыі, падпарадкаванай таму ж МПЗ або Міністэрству аховы здароўя? Здавалася б правільным, калі б упаўнаважаны орган, а такім згодна з Законам «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь» з’яўляецца Міністэрства культуры, ствараў агульныя для ўсіх нарматыўныя дакументы, кіраваў бы гэтымі арганізацыямі. Але, на вялікі жаль, мы маем сітуацыю, калі бібліятэкі існуюць фактычна ва ўсіх ведамствах краіны, нават у санаторыях, турмах, і ўсюды працуюць па сваіх законах. Як кажуць, хто грошы дае, той і музыку заказвае. Тут жа, калі мы ўжо выйшлі на ўзровень Кодэкса аб культуры, бясспрэчна трэба больш упэўнена гаварыць пра агульнарэспубліканскі ўзровень, а не ўзровень пэўнага ведамства. Такая ж справа, напрыклад, і ў музейнай галіне, і ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Адпаведныя заканадаўчыя акты існавалі ў некаторых галінах, але наяўнасць Кодэкса павышае гэты ўзровень дзеяння да нацыянальнага. 

Былі ў нарматыўных  дакументах і «дзіркі», якія Кодэкс залатаў. У прыватнасці, як асобныя суб’екты культурнай дзейнасці выразней заканадаўча замацаваны спонсары культуры (юрыдычныя асобы, якія падтрымліваюць гэтую сферу ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта), а таксама мецэнаты культуры (фізічныя асобы, якія робяць ахвяраванні). Таксама ў праект Кодэкса ўведзена паняцце дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры. 

Пашырана роля грамадскіх аб’яднанняў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны — напрыклад, прадугледжана стварэнне грамадскіх наглядальных камісій па ахове такой спадчыны пры Міністэрстве культуры і пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах. Акрамя іншага, у дакуменце знайшлі адлюстраванне пытанні ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа ў мэтах захавання іх нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці.

Упершыню на заканадаўчым узроўні замацоўваецца пытанне аховы археалагічнай спадчыны. 

— Так, вызначана, што археала-гічныя даследаванні могуць ажыццяўляцца толькі на падставе дазволу, атрыманага ад Нацыянальнай акадэміі навук, пазначана, якія арганізацыі і якія спецыялісты ў гэтых арганізацыях могуць займацца такімі даследаваннямі. Прапісана, што артэфакты, якія знойдзены прафесійна або выпадкова, абавязкова падлягаюць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць. Грамадскі абарот падобных артэфактаў абмежаваны, каб так званыя «чорныя капальнікі» не ўтойвалі і не выносілі на чорны рынак аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, — растлумачыла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.

Якія чаканні ад Кодэкса непасрэдна ў прадстаўнікоў сферы культуры? Творчыя людзі звычайна ў першую чаргу баяцца нейкіх абмежаванняў, рамак, у якія іх мусяць уціснуць. Але Алесь Суша суцяшае:

— Па вялікім рахунку Кодэкс не ўносіць прынцыпова новых узаемаадносін у нашым грамадстве. Кодэкс фактычна збірае ў сябе ўжо назапашаны на працягу апошніх дваццаці гадоў багаж нарматыўных дакументаў, якія і без таго рэгламентавалі сферу культуры.

Каб адкінуць усе сумненні ў творцаў, у Міністэрстве культуры раяць ім уважліва чытаць дакумент, калі яны яшчэ да сённяшняга дня гэта не здзейснілі, што падаецца вельмі дзіўным. Пасля стварэння канцэпцыі яе абмеркаванне зрабілі публічным, яна была змешчана на інтэрнэт-сайце Мінкультуры, а потым там з’явіўся і сам Кодэкс. Было наладжана актыўнае абмеркаванне, Міністэрства культуры часта звярталася да розных устаноў і ведамстваў, мясцовых органаў улады з просьбамі накіроўваць свае думкі і ідэі, заўвагі, прапановы ў адрас рабочай групы. Словам, за паўтара года выказаць свае меркаванні мелі магчымасць усе зацікаўленыя. Трэба адзначыць, што амаль усе заўвагі былі ўлічаны.

Што будзе з нарматыўнымі прававымі актамі ў сферы культуры пасля таго, як прымуць Кодэкс, і як будуць уносіцца ў яго змены? Большасць тых самых дакументаў будзе адменена. Бясспрэчна, заканадаўства і надалей будзе мяняцца. Зноў жа прыклад — бібліятэкі за апошнія дзесяць гадоў значна памяняліся. Сам факт укаранення інфармацыйных тэхналогій прынцыпова змяніў бібліятэчны свет, сёння гэтыя ўстановы абсалютна іначай працуюць. Напрыклад, у Нацыянальнай бібліятэцы ўжо больш за дзве трэці наведванняў — віртуальныя. Адпаведна, усе гэтыя навацыі знаходзяць адлюстраванне ў нашым заканадаўстве. Гэта ж будзе і пасля з’яўлення Кодэкса. Бясспрэчна, будуць з’яўляцца тыя ці іншыя міжнародныя дамоўленасці, канвенцыі, міждзяржаўныя стандарты, таму будзе абнаўляцца і наша заканадаўства. 

stepuro@sb.by 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter