У Міністэрстве культуры Беларусі абвясцілі конкурс «Мецэнат культуры»

Культура ўдзячна мецэнатам

Увага і павага — лепшыя ўзнагароды для людзей, якія дапамагаюць грашыма тэатрам, музеям, бібліятэкам і іншым падобным установам. Так вырашылі ў Міністэрстве культуры Беларусі і абвясцілі конкурс «Мецэнат культуры». Дыпломы яго атрымаюць прадстаўнікі сарака трох арганізацый.

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Галоўны спонсар усё ж дзяржава, такой думкі прытрымліваецца намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Валерый Гедройц. Асноўныя выдаткі пакрываюцца за кошт бюджэту, таксама дзякуючы яму штогод з’яўляецца чатыры-пяць новых пастановак. Але для развіцця тэатра гэтага недастаткова. Вось і шукаюць кіраўнікі падтрымкі ў багатых людзей. У Вялікім, напрыклад, дванаццаць пастаянных партнёраў. Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, «Музычныя вечары ў Нясвіжы», «Балетнае лета» – гэтыя і іншыя праекты былі б немагчымы без падтрымкі мецэнатаў.

Такая ж сітуацыя і ў Нацыянальным мастацкім музеі. Без існавання пазабюджэтных сродкаў не адбылося б шмат значных падзей, і перш за ўсё ўнікальны праект «Дзесяць стагоддзяў культуры Беларусі». Наперадзе, расказаў дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў, шмат іншых цікавых выстаў: каштоўных праваслаўных ікон Эль Грэка, слуцкіх паясоў з калекцыі Каўнаскага музея і г.д. Мецэнаты закупляюць кар-ціны, страхуюць іх, дапамагаюць тэхнікай. Усё згодна з Указам № 300 Прэзідэнта  «Аб спонсар-скай дапамозе». Але, на думку генеральнага дырэктара Купалаў-скага тэатра Паўла Палякова, гэты спіс можна было б пашырыць, напрыклад, аказваць матэрыяльную дапамогу на лячэнне артыстаў.

У 2014 годзе мецэнаты выдаткавалі на культуру каля 50 мільярдаў рублёў. Нагадаем, арганізацыі, якія аказваюць спонсарскую дапамогу тэатрам, музеям, іншым падобным установам, маюць падатковыя льготы.

Наталля СЦЯПУРА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter