Цеста шмат не бывае: як рыхтуюцца да Вялікадня католікі (ФОТА)

Кулічы ўжо ў печы

Вялікдзень — адно з самых светлых свят. Каталікі сёлета сустрэнуць яго першымі. Ужо адчуваеце гэты смачны пах булак? Сёння — у Вялікую суботу, напярэдадні Вялікадня — у касцёлах вернікі памоляцца, благаславяць стравы на велікодны стол. Але каб было што несці, трэба ж прыгатаваць, так? Тады зазірнём у госці да сям’і Чарныш, а пасля ў касцёлы, каб паглядзець, як там рыхтуюць усё да свята.

Дачка Яна і маці Вольга ЧАРНЫШ: «Да свята мы гатовыя! Булак хопіць і сабе, і ўсім родным».

Як жа горача! Адчуваю, добра папацею ў гасцях у Вольгі, Віталя і іх дзяцей — Вікторыі і Яны. Сям’я Чарныш зладзіла на кухні сапраўдную Афрыку. Такі жар створаны менавіта ў гэтым пакоі для цеста, падрыхтаванага для святочных кулічоў. Мама Вольга выкладвае на стол неабходныя інгрэдыенты — малако, яйкі, муку, масла, цукар…

— Тата ў нас праваслаўны, а мы ўтрох — каталічкі. Але муж ходзіць і з намі кожную нядзелю ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы, — пачынае справу на кухні маці.

Яна і Віка — галоўныя памагатыя мамы. Кулічы робяць толькі пад велікодныя песні.

Дзяўчынкі — 14-гадовая Віка і 7-гадовая Яна, п’юць гарбату і назіраюць за дзеяннямі мамы. Запэўніваюць, што таксама ведаюць толк у велікодных кулічах — дапамагалі бабулі Ірыне, якая звычайна кожны год на ўсю сям’ю пячэ кулічы з карыцай. Віка ўвогуле ў гэтым годзе адказная за нядзельны святочны стол. У яе меню ўваходзяць салаты, бульбачка, курыца і ўсё тое, што асвецяць у касцёле сёння, — булкі, яйкі, хлеб, мяса, каўбасы, агуркі і памідоры.

Вольга раскрывае тайну рэцэпта кулічоў, якім з ёй падзялілася калега на працы. На літр малака нам неабходны два кілаграмы мукі, пачак дражджэй, 200 грамаў сметанковага масла. Справа пайшла! У разагрэтае на пліце малако сыплем паўкілаграма цукру, размешваем, каб растапіць, потым дадаем масла, каб і яно там растапілася. Выключаем пліту і пакідаем, каб астыла да пакаёвай тэмпературы. Затым у малако дадаём дрожджы — ім трэба там разысціся. Пасля прасейваем муку і ўжо ў яе ўсю гэтую масу выліваем.

Кулічы хутка «выраслі» ў духоўцы. Дарэчы, а па якім рэцэпце вы іх робіце?

— Добранька вымешваем, дадаўшы туды тры ўзбітыя яйкі, і вывальваем на стол цеста — будзем зараз мясіць, — Вольга робіць усё спрытна і ўмела. А маленькая Яна спрабуе праціснуцца да стала, каб таксама паўдзельнічаць. Мама не пускае — сілы ў дзіцяці не хопіць на цеста. — Яшчэ дадам ванілін і гарэлку — каб не чарсцвела булка. Усё! Пакідаем цеста ў спакоі — хай даходзіць.

Ужо пасля, калі цеста паднялося, яго зноў месяць і раскладваюць па формах. Шмат кулічоў атрымаецца! Прычым розных — з курагой, разынкамі, арэхамі. Зробіць мама макавыя рулеты. Дзяўчынкі, даведаўшыся аб гэтай навіне, аж загарэліся! Гэта, запэўніваюць яны, самае смачнае.

Касцёлы ўжо ўпрыгожаны... Заўтра будзе чутна ў іх: «Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!»

Пакуль ёсць перадышка, Вольга ўспамінае, як яна, калі была дзяўчынкай, у вёсцы ў бабулі ў дзень Вялікадня ўставала ў 4 раніцы і пяць кіламетраў ішла ў касцёл з сябрамі з вёскі — усяго 30 хлапчукоў і дзяўчынак. Малыя ўпершыню чуюць такія падрабязнасці з мінулага. Віка дадае, што і ў яе спраў поўна — не пяць кіламетраў пешшу, канешне, але таксама складаныя:

— Я хаджу ў моладзевы хор у касцёле. Увесь тыдзень старанна рыхтаваліся, заўтра ў 11.00 на святой імшы будзем спяваць. У асноўным рэпертуар святочны — Хрыстос Уваскрос! А яшчэ сёння панясу асвячаць кошык з булкамі, яйкамі і іншымі прадуктамі ў касцёл Маці Божай Будслаўскай, гэта недалёка ад дому. А ўвечары пойдзем усе разам пасля поснай вячэры на Велікодную Вігілію ў 21.00.

У касцёле іграюць як малыя, так і прафесійныя дарослыя арганісты, якія кранаюць за самую душу.

У сам Вялікдзень раніца сямейства Чарныш пачнецца ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы з рэзурэкцыі — урачыстага шэсця вакол касцёла.

— У гэты дзень усе не вітаюцца, а гавораць адзін аднаму так: Хвала Хрысту! Ці — Пахвалёны Езус Хрыстус! — Вольга прымаецца абмазваць узбітымі яйкамі кулічы ў формачках. Так булкі будуць блішчаць пасля духоўкі. — Пасля вітання частуем «пахвалёнкай» — яечкам, кулічом.

Віка дадае:

— Пасля касцёла мы адразу едзем дадому. Таму што есці на гэты час ужо хочацца. Адразу ўсе за стол! Прыедуць сваякі і сябры, і мы ўсе разам будзем у гэта свята. Усе жадаюць адзін аднаму здароўя, міру, дабра і спакою.

У касцёле можна набыць і велікодныя яйкі з дрэва, а яшчэ паштоўкі, сувенірных баранчыкаў

Напрыканцы дочкі, напяваючы велікодныя радасныя песні, дапамагаюць маці зрабіць упрыгажэнні для кулічоў — ружы з цеста, крыжыкі, хвалістыя палосачкі... Тут жа ствараюцца планы на наступны год:

— Навучымся з дзяўчынкамі рабіць велікодны тварожны куліч, праўда? — пытаецца маці. Малыя ківаюць і глядзяць, як Вольга акуратна ставіць у духоўку адну формачку за другой. Ой, ну і смачна ж будзе!

Тым часам мы едзем у два касцёлы — першым для нас будзе Архікафедральны сабор Найсвяцейшай Панны Марыі на плошчы Свабоды, а другі — касцёл Найсвяцейшай Тройцы на праспекце Незалежнасці, 44а. У апошнім сёстры Аўгусціна і Анна зрабілі з паперы дэкарацыі пячоры, грабніцы Езуса. Дзеці — па двое, з ружанцамі ў руках — будуць па паўгадзіны дзяжурыць ля грабніцы і маліцца ў свята. Дзяжурная па касцёле Наталля Насурава дадае: «Яшчэ ў панядзелак развесілі тут светлыя тканіны — гэта ж свята Уваскрэсення — сімвала жыцця. А там, дзе былі крыжы з распяццем Пана Езуса, — завесілі фіялетавымі тканінамі, сімвалізуючымі смутак».

У Архікафедральным саборы таксама ўсё прыгожа, прыемна — падрыхтавана да Вялікадня. Ля алтара белыя абрусы — адчуваецца надыходзячае свята. Вось гродзенец прыехаў у Мінск наведаць касцёл, мы пазнаёміліся на лесвіцы, калі ён вельмі дакладна падкрэсліў значнасць свята: «Галоўнае, і кожны вернік гэта сапраўды вам пацвердзіць, не стол з чырвонымі яйкамі, а ўнутраны змест свята і нашага жыцця».

alinakasel@gmail.com

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА, Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter