Как поставский клуб «Традиция» обновляет обычаи

Кухня, гульня і абрад

Унікальны клуб, іначай не скажаш, вось ужо 20 гадоў дзейнічае ў Паставах. Спалучае ў сабе нацыянальную кухню, мясцовыя абрады, гульні і народныя песні. Называецца «Традыцыя» і працуе пры Курапольскім СДК, яго сябры часта збіраюцца ў райцэнтры ў Доме рамёстваў «Стары млын» на ўзбярэжжы ракі Мядзелкі. 

Пазнаёміць з работай клуба пагадзілася дырэктар Цэнтра культуры народнай творчасці Пастаўскага раёна Ксенія Грэська. Аднак яна адразу агаварылася, што аповед будзе няпоўны, калі не запросім Людмілу Чатовіч, якая стаяла ля самых вытокаў «Традыцыі».

Члены клуба «Традыцыя».

З вуснаў гэтых дзвюх жанчын, апантаных, улюбёных у сваю справу, і давялося пачуць не толькі шмат цікавага, але і часам нават нечаканага, дзіўнага:

— Наш край славіцца пекарскай скульптурай. Напрыклад, Таццяна Дубоўская вырабляла буслоў, Іна Дзеравянка — курыцу з куранятамі, а Іна Русецкая — кошык з ружамі да вяселля. Гэтай восенню ў Расоны на «Вялікую вясельніцу», акрамя іншага, вазілі нашага адметнага «Вясельнага барана» і «Грыбочкі». На жаль, іх не можам паказаць, бо застаўся толькі кошык, а грыбочкі з’елі госці.

— А кошык не ўпадабалі?

— Так, ён з салёнага цеста, зацвярдзеў надта і таму «ўратаваўся». Затое наш дамашні хлеб разыходзіцца на ўра.

— Вы нават гэтым займаецеся?

— А як жа? У свой час атрымалі гэту навуку ад Алены Дзіковіч з вёскі Казіміраўцы. Увогуле, у нас ёсць 12 рэцэптаў выпечкі дамашняга хлеба. У 2014 годзе мы прывезлі яго ў розных варыянтах на «Дажынкі» ў Гарадок як выставачны экзэмпляр, але неўзабаве давялося распрадаць, бо аб’явілася шмат жадаючых. Аднак славіцца Пастаўшчына не толькі выпечкай. Адметнасць нашага раёна і Віцебскай вобласці — гэта ўсім вядомыя клёцкі з «душамі». Прычым нярэдка можна пачуць вымаўленне з націскам у гэтым слове на другім складзе. Мы ж лічым, што гэта няправільна. Націск ставім на першы склад. Менавіта з «дУшамі», бо ў кожную клёцку ўкладаецца асобная душа. Мы нават правялі Свята клёцак. Гатавалі па розных рэцэптах — з мясам, грыбамі, рыбай, шчаўем, крапівою... Дарэчы, клёцкі з «душамі» Віцебскай вобласці ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.



Урэшце, якіх толькі страў не адкапала ў продкаў «Традыцыя»: «Пянькі з рэбраў з апенькамі», «Барсучок з бульбы», «Кошыкі з грыбамі»... У свой час сябры клуба частавалі гэтымі і іншымі прысмакамі на «Славянскім базары» ў Віцебску легенду савецкай эстрады Людмілу Зыкіну, гурт «Любэ» і многіх іншых.

НЯРЭДКА «Традыцыя» спалучае ў адным мерапрыемстве кухню і абрад. Гэта датычыцца ў першую чаргу хрэсьбін, калі галоўная гаспадыня свята, баба-павітуха, мае права прадаваць сваю кашу. Гатавалі яе абавязкова з зерня. З тым рытуальным напамінкам для немаўляці, каб яно расло, квітнела і мацнела. У кашу дабаўлялі разынкі і тамілі ў малаку ў печы.

Брэндам «Традыцыі» стаў абрад «Выкуп месца» — своеасаблівае жартоўнае тэатральнае міні-прадстаўленне паводле завядзёнак другога дня вяселля на Пастаўшчыне. Падзеі сцэнарыя разгортваюцца наступным чынам: пасля таго як госці ўсю ноч гулялі, маладых віншавалі, на наступны дзень хтосьці «захворваў». Спачатку на парозе сустракаюць «нямоглых» лекамі, асаблівай «мікстурай», якая папраўляе здароўе. Так званай народнай аптэкай. Вяселле працягваецца. Пакуль віноўнікі ўрачыстасці адпачываюць, госці — мужчына з жанчынай — апранаюцца ў падстаўных маладажонаў. Толькі наадварот: ён у маладую, яна ў маладога. І цяпер сапраўдныя муж і жонка павінны выкупіць сваё месца: не грашыма, а выкананнем розных заданняў, дзе актыўна дапамагаюць сваты.

Працягваючы гаворку пра вясельны абрад, па-свойму творча прадставілі сябры клуба добра вядомую «Жаніцьбу Цярэшкі». Для ўдзелу ў ёй запрасілі хлопцаў з вёскі Сяргеевічы да дзяўчат у вёску Кураполле. У апошняй і разгарнулася дзея з пачастункамі, жартамі, песнямі. Усё так, як і было даўней.

Значнае месца ў праграме «Традыцыі» займаюць менавіта гульні моладзі. Адна з іх — варажба на Каляды. Прывязвалі стужкай курыцу і ставілі перад ёй тры міскі: з зернем, вадой, манетамі. Калі курыца падыдзе да першай, то ўвесь год маладыя пражывуць у дабрабыце, калі да другой — будуць перабівацца з хлеба на ваду, да трэцяй — надарыцца спрыт у камерцыі.

Або яшчэ такі абрад — «Талака». У Піліпаўку, калі няма работы па гаспадарцы, жанкі, дзяўчаты збіраліся ў адной хаце на вячоркі, дзе скублі пер’е, рыхтавалі падушкі на пасаг. На пытанне, адкуль бярэ «Традыцыя» пер’е, Ксенія Грэська не задумваючыся адказала:

— Бяру ў свекрыві падушку і раздзіраю. Усім хапае. Даўней, ведаеце, якія падушкі важкія былі?!

На гэтых вячорках дзяліліся вясковымі навінамі, жартавалі, спявалі народныя песні на самыя розныя тэмы: вясельныя, купальскія, пра сялянскую працу. Ксенія Грэська прыгадала «Жніўную»:

Рада, рада перапёлка,
Што лета даждала.
Рада, рада гаспадынька,
Што жыта пажала...

Сябры аб’яднання запісвалі фальклор ад старажылаў у сваім раёне — такіх, як Нона Сабалеўская з вёскі Волахі, Крысціна Касарэўская з Гуты, Уліма Нямірская з Юняк, Валянціна Скабейка з Вайшкунаў і іншыя.

У клубе 19 чалавек. Афіцыйна ім кіруе Вікторыя Кухта, але цяпер яна ў дэкрэтным водпуску па доглядзе за дзіцяці. Часова і даволі плённа яе замяняе маладая калега Вольга Лойка. У штаце таксама тыя ж Ксенія Грэська, Людміла Чатовіч, спецыялісты Цэнтра культуры народнай творчасці Пастаўскага раёна Святлана Марозава, Лізавета Тамашэвіч. У аб’яднанні не толькі пастаўчане, але і вяскоўцы з раёна: Людміла Мелец з Лукашова, Марына Пусько з Валкоў, Тамара Маслоўская з Гуты, Алена Кашаева з Камаяў і іншыя. Прычым неабавязкова работнікі культуры, як Ніна Буйла і Наталля Болт з Андронаў.



З дня заснавання клуба ў ім удзельнічае Галіна Іваноўская з вёскі Парыж:

— Выдатна памятаю, як дваццаць гадоў таму мы з нашым толькі створаным калектывам адправіліся на «Славянскі базар», каб прадставіць вясельны абрад Пастаўшчыны. Хвалявання было шмат, але яшчэ больш цікавасці. Натхняла, што наша праца не засталася незаўважанай, была высока ацэнена спецыялістамі і гледачамі. Але важнейшай за любыя дыпломы і ўзнагароды стала атмасфера, якая склалася ў калектыве. Мы, удзельніцы «Традыцыі», працуем у галіне культуры ў самых розных куточках Пастаўшчыны — Камаях, Гуце, Парыжы... Гэтыя першыя выезды нас вельмі згуртавалі. І праз гады мы — як адна вялікая сям’я.

Ля самых вытокаў клуба, як адзначалася ўжо, Людміла Чатовіч, якая апроч таго піша сцэнарыі і публікуе свае работы ў раённых, абласных і рэспубліканскіх выданнях:

— Гэта быў подых часу. Клубы нацыянальнай кухні пачалі стварацца ва ўсіх рэгіёнах Віцебшчыны і рэспублікі. Ідэю стварэння «Традыцыі» выказала Таццяна Гарошка, цяпер дырэктар нашага краязнаўчага музея. Але напачатку аб’яднаннем кіравала Ксенія Грэська. Потым яе змяніла вялікая знаўца фальклору і спявачка Ганна Балаш. За аснову ўзялі этнаграфічныя матэрыялы пра Пастаўшчыну. Мы не толькі частавалі гасцей на шматлікіх святах, але і паказвалі ім тэатралізацыі выключна на аснове народных традыцый. Такім чынам, кухня, гульня і абрад у нашым клубе прадстаўлены разам: тры ў адным. Такая форма работы на Віцебшчыне тады больш нідзе не практыкавалася.

КЛУБ «Традыцыя» з 2003 года носіць званне народнага. Па-ранейшаму лічыць яго сваім «дзіцём», апякуе дырэктар Цэнтра культуры Пастаўскага раёна Ксенія Грэська, хаця ўсё магло скласціся па-іншаму:

— У культуру прыйшла выпадкова. Заўсёды была на святах, глядзела выступленні артыстаў і думала: «Якія яны шчаслівыя! Якое ў іх вясёлае жыццё! Як здорава працаваць у культуры! Гэта вечнае свята». Між іншым, так думаюць многія. Скончыла школу і ўладкавалася ў Дварчанскі сельскі клуб. З часам перайшла рэжысёрам у метадычны цэнтр аддзела культуры, а ў 1999 годзе, калі пайшла на адпачынак яго дырэктар, прапанавалі гэтую пасаду мне. І ў гэтым жа годзе мы паехалі на «Славянскі базар». Быў ён тады, як кажуць, больш дэмакратычны. Мы ўсе хацелі туды з’ездзіць: будзем на падлозе спаць, толькі запрасіце. Была там такая пляцоўка з нацыянальнымі кухнямі. Вось там і тусаваліся...

Клуб «Традыцыя» гастраліруе не толькі па сваім раёне і вобласці, але і за мяжой. Разам з мясцовым заслужаным ансамблем «Паазер’е» пабывалі ў польскім Вроцлаве на аглядах аматарскіх аб’яднанняў, Свяце нацыянальных культур. Было вельмі цікава, калі балгары, украінцы, туркі прадстаўлялі сваю кухню, культуру, дзяліліся ўражаннямі. Удзельнічалі і ў міжнародным фестывалі вясельных абрадаў у горадзе Венграў, таксама ў Польшчы. Летась паехалі ў латвійскі горад Рэзекне на Свята смаку, дзе шмат падворкаў ад кожнага рэгіёна. Мы былі пад сцягамі Рэспублікі Беларусь і Пастаўскага раёна. Смажылі на кало­дзе дранікі, склаўся вялікі ажыятаж. У маі паехалі ў Латвію. На гэтым тыдні «Традыцыя» адправілася ў Бяла-Падляску!..

saulich@bk.ru

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter