Пра тое, якім мігрантам у Беларусі рады, і каму давядзецца з гасціннай краінай развітацца

Куды цякуць людскія рэкі

Нядаўна стала вядома: Еўрапейская камісія выдзеліць сем мільёнаў еўра для рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзеянне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні пытанняў, звязаных з узрослым патокам нелегальных мігрантаў”. Як паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў, фінансаванне пройдзе ў плыні Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на падставе адпаведнага пагаднення, якое, мяркуецца, будзе падпісана паміж МУС Беларусі, Еўракамісіяй і Прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Беларусі. Пойдуць сродкі й на стварэнне цэнтраў часовага ўтрымання замежных грамадзян-незаконных мігрантаў, затрыманых у Беларусі, а сірыйскія альбо іншыя ўцекачы з ЕС у іх размяшчацца не будуць. Змяшчаць незаконных мігрантаў плануецца на час правядзення неабходных працэдур, звязаных з ідэнтыфікацыяй асобы і/ці дэпартацыяй. Цяпер, дарэчы, у МУС і Дзяржаўнага пагранкамітэта няма спецыялізаваных памяшканняў, каб утрымліваць такіх грамадзян, працаваць з імі — яны размяшчаюцца ў ізалятарах часовага ўтрымання. Грашовыя сродкі прызначаюцца і для садзеяння добраахвотнаму вяртанню замежнікаў з Беларусі ў дзяржавы, грамадзянамі якіх яны з’яўляюцца, для рашэння іншых задач.

У швейным цаху працуюць жанчыны-мігранткі

Хоць у Беларусі не адчуваецца такога масавага наплыву мігрантаў, як у краінах Заходняй Еўропы, ды не ізаляваны мы ад свету. А стужкі навін летась поўніліся весткамі пра злачынствы, учыненыя бежанцамі, што апанавалі еўрапейскі рэгіён у апошнія некалькі гадоў. Ці можа тая людская рака пацячы і ў Беларусь, ці не стане гэта для нас праблемай? Пра тое ішла размова на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай Міжнароднаму дню мігрантаў.

Міграцыя даўно лічыцца мужнаю праявай волі людзей, якія імкнуцца пераадолець нягоды і цяжкасці, каб дамагчыся лепшага жыцця. Аднак у XXI стагоддзі не толькі ў пошуках лепшае долі рухаюцца па свеце мігранты...

“Беларусь адкрытая для тых, хто настроены працаваць”

У спакойнай Беларусь заўсёды без варожасьці ставілася да тых, хто прыязджае ў нашу краіну. Мяркуючы па апошніх дадзеных МУС, колькасць мігрантаў, што прыбываюць у нашу краіну, штогод павялічваецца. І гэтая з’ява патрабуе ўвагі грамадскасці.

Паводле дадзеных МУС, на 1 снежня 2016-га ў Беларусі жыло больш за 234 тысяч замежных грамадзян: гэта 0,5% насельніцтва краіны. З іх каля 55 тысяч маюць дазвол на часовае пражыванне (11,4 тыс. прыбылі да мужа, жонкі ці блізкага сваяка, звыш 15,5 тыс. — на вучобу, амаль 17,2 тыс. — па службовых справах), больш 179, 5 тыс. іншаземцаў знаходзяцца ў краіне пастаянна. Асобная катэгорыя — гэта працоўныя мігранты, якія прыбылі ў краіну за 2016 год: іх каля 20 тысяч. Большасць замежных работнікаў прыбыла з Украіны, другое месца тут займае Кітай, трэцяе — Расія. У Беларусь прыязджаюць на працу і з такіх краін, як Каба-Вердэ, Кот-д’Івуар, Емен, Кенія, Камерун, Сьера-Леонэ, Конга... Едуць працаваць і еўрапейцы: італьянцы, немцы, брытанцы, грэкі, партугальцы, славакі, шведы... Як запэўнілі на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі МУС, карысць нам ад такой колькасці мігрантаў — ёсць. “Беларусь заўсёды была адкрыта для тых, хто настроены працаваць, — адзначыў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. — Мы не супраць павелічэння плыні мігрантаў. Часцяком гэта добрыя людзі, якія дзеляцца з намі досведам, ведамі, прыўносяць у наш побыт і сваю культуру. Асабліва гэта тычыцца высокакваліфікаваных спецыялістаў у сферы аграрнага сектара, энергетыкі (у сувязі з будаўніцтвам АЭС), адукацыі. Але кожны мігрант, які прэтэндуе на тое, каб жыць у Беларусі, павінен быць гатовы да таго, што яго будуць вывучаць, як кажуць, пад павелічальным шклом”.

Заняткі ў класе для дзяцей мігрантаў

Для адных — новая радзіма, для іншых — транзітны калідор

Калі з легальнымі мігрантамі сітуацыя ў Беларусі не выклікае занепакоенасці, то нелегалы працягваюць заставацца галаўным болем і памежнай службы, і праваахоўных органаў. “Геаграфічнае размяшчэнне Беларусі, адкрытасць межаў з Расіяй зручныя для росту транзітнай міграцыі, паколькі многія мігранты могуць выкарыстоўваць Беларусь для перапраўкі ў Еўропу”, — адзначыў кіраўнік Прадстаўніцтва МАМ у Беларусі Зейнал Гаджыеў. Так, летась органамі МУС выяўлена 15 арганізаваных груп незаконных мігрантаў, усяго — 70 чалавек, у асноўным выхадцы з В’етнама, Марока, Гвінеі, Індыі, Лівана, Ірана.

Каб пазбегнуць масавай некантралюемай і незаконнай міграцыі, з якой за апошнія два гады сутыкнулася Еўропа, МУС плануе распрацаваць новую канцэпцыю нацыянальнай міграцыйнай палітыкі. Ужо ў 2018-м будуць унесены прапановы па змяненнях у заканадаўства Беларусі, скіраваныя на тое, каб спыніць нелегальную міграцыю, упарадкаваць знаходжанне ў краіне асобных катэгорый асоб. Важным новаўвядзеннем пры тым стане і адкрыццё цэнтраў прыёму і ўтрымання мігрантаў, пра якія гаварылася раней. Прычым функцыяванне тых цэнтраў будзе адпавядаць усім міжнародным стандартам.

Свае сярод сваіх — уцекачы ў Беларусі

Праблема бежанцаў была і застаецца адной з найскладаных па ўсім свеце. Паводле інфармацыі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі, за перыяд рэалізацыі ў Беларусі заканадаўства аб вымушанай міграцыі ў кампетэнтныя органы краіны звярнулася каля 3,7 тыс. замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з 50 краін. Сярод тых, хто знайшоў для сябе ў Беларусі другую радзіму, пераважаюць выхадцы з Афганістана, Грузіі, Пакістана, Шры-Ланкі. Для іх былі вырашаны жыллёвыя праблемы, пытанні працаўладкавання, у школах Беларусі створаны класы, дзе вучні з розных краін могуць вывучаць родную мову, гісторыю, знаёміцца з культурай і традыцыямі сваіх бацькоў.

Па словах Аляксея Бегуна, самая вялікая плынь вымушаных мігрантаў прыйшлася на 2014-15 гады: “Да 2012-га сітуацыя з плынню вымушаных мігрантаў, якія прыбываюць у Беларусь, была адносна стабільнаю. З хадайніцтвамі пра абарону звярталіся не больш за 160 замежнікаў. Сітуацыя кардынальна змянілася ў 2014 годзе: тое была звязана з пачаткам збройных канфліктаў у Сірыі, Украіне. З хадайніцтвамі пра абарону звярнуліся 868 замежнікаў, з якіх грамадзян Украіны — 76,5%”.

Дарэчы, за два гады ў Беларусь прыехала каля 160 тысяч грамадзян Украіны. Па ўсіх існуючых міжнародных стандартах гэта лічба велізарная: амаль паўтара працэнта насельніцтва Беларусі. Дапамогу брацкаму ўкраінскага народу аказвалі ўсе, хто мог: дзяржава, грамадскія арганізацыі, проста жыхары Беларусі. Прычым гэта была рэальная падтрымка: дзяржава вылучала жыллё, грамадскія структуры аказвалі матэрыяльную, юрыдычную, медыцынскую, псіхалагічную дапамогу. А людзі прыносілі прадукты харчавання, адзенне, часта проста пускалі на бестэрміновае пражыванне ў свой дом украінскія сем’і.

Сёння многія з тых, хто прыехаў да нас, як ім здавалася, часова, каб перачакаць бяду на сваёй радзіме, вырашылі застацца жыць у Беларусі. А мы таму і рады. Бо наша краіна заўсёды адкрытая для сяброў. Нездарма ж пра беларускі народ гавораць у свеце як вельмі гасцінны, талерантны, дружалюбны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter