Куды сплывае востраў-прывід?

Паўночная Беларусь для мяне заўсёды была месцам крыху містычным і таямнічым. І, як аказалася, багатым на цуды, схаваныя ў гушчарах лясоў Паазер’я. Вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Наталля Міклушонак і іншыя супрацоўнікі Верхнядзвінскага райвыканкама з энтузіязмам адгукнуліся на просьбу карэспандэнта “НГ” вызначыць сем дзіваў сваёй малой радзімы. Яны прапанавалі, па-першае, Сар’янскі касцёл, які мае даволі драматычную гісторыю. Пабудаваны храм у сярэдзіне XIX стагоддзя прускім архітэктарам Густавам Шахтам на сродкі пана Ігнація Лапацінскага як помнік заўчасна памерлай жонцы Марыі. Касцёл у стылі неаготыкі лічыцца адным з самых выразных храмаў гэтага напрамку ў нашай краіне.

Другі цуд — касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Росіца. Паводле легенды, цэглу на будаўніцтва храма перадавалі жывым ланцужком за 10 вёрст са станцыі Бігосава. У 1930-я гады храм быў знявечаны: яго высокія вежы былі скінуты нібыта ў мэтах маскіроўкі. У памяці жыхароў раёна назаўсёды застануцца імёны росіцкіх пакутнікаў — ксяндзоў Юрыя і Антонія, якія ў лютым 1943 года разам з мясцовымі жыхарамі загінулі ад рук фашыстаў. У 1999 годзе росіцкія пакутнікі былі кананізаваны Папам Рымскім, і ў храм у апошнія гады збіраецца шмат паломнікаў.
У параўнанні з Прыдняпроўем або Палессем дубы і дубравы на поўначы Беларусі — амаль экзотыка. Тым больш да іх павагі. Сярод асабліва каштоўных — помнікі прыроды рэспубліканскага значэння дубы-патрыярхі. 380-гадовы іспалін над Дзвіной каля вёскі Юсціянава і яго 410-гадовы сабрат у былой вёсцы Сахонава за доўгае жыццё пабачылі нямала. Так, сахонаўскі дуб з нібыта чугуннымі каранямі і вялізным камлём — адзіны ўцалелы сведка гвалтоўнага знішчэння фашыстамі вёскі Сахонава. У Верхнядзвінскім раёне ёсць некалькі геалагічных помнікаў — “дзяцей” ледавіка, які адступіў з гэтых мясцін 10 тысяч гадоў таму. Вялікі камень Хараброўскі важыць каля 210 тон, а яго вышыня — 2,7 метра. Гэтая расколатая глыба ляжыць у русле Заходняй Дзвіны непадалёку ад вёскі Барсукі.
Самы паўночны раён Беларусі можа ганарыцца і другім па велічыні ў рэспубліцы возерам. Плошча Асвейскага возера складае 5,3 тысячы гектараў. Вакол возера створаны рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Асвейскі” — буйны комплекс азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот. Заказнік мае статус Рамсарскага ўгоддзя, бо тут гняздуецца 36 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Асобным цудам Верхнядзвінскага края можна лічыць “востраў-прывід”. Сплавіна, якая ўтворана шматгадовымі зараснікамі водных і балотных траў, адарвалася ад берага Асвейскага возера некалькі гадоў таму і дрэйфуе па воднай гладзі па волі ветру. Яе памеры прыкладна 100 на 200 метраў. На востраве паспелі вырасці бярозы і асіны, а восеньскай парой травяны кавёр чырванее ад журавін.
Свае цуда-людзі ёсць і на Верхнядзвіншчыне. Адзін з такіх неардынарных людзей — галоўны ўрач Каханавіцкай бальніцы Пётр Квяцінскі. У 1991 годзе ён стварыў клуб “Белыя вароны”, члены якога з’яўляюцца прыхільнікамі сістэмы Парфірыя Іванова і прапагандуюць здаровы лад жыцця. Яны арганізуюць веласіпедныя прабегі па памятных мясцінах Беларусі і блізкага замежжа, купаюцца ў прорубі зімой, займаюцца добраўпарадкаваннем, праводзяць творчыя вечары і сустрэчы. Ініцыятар дзейнасці клуба Пётр Квя-цінскі не аднойчы ўдзельнічаў у маскоўскай перадачы “Малахаў +”, таму можна сказаць, што яго ведаюць не толькі ў нашай краіне. І землякі, вядома, ганарацца Пятром Пятровічам.

Магчыма, і ў вашым раёне ёсць вартыя ўвагі цуды архітэктуры, культуры і прыроды, незвычайныя людзі і таленавітыя майстры сваёй справы? Калі ласка, паведамляйце пра іх па тэлефоне 287-15-07 або пішыце на электронны адрас a_yasko@ng.by. Чакаем таксама лісты з вашымі ідэямі на адрас: 220115, г.Мінск, вул.Б.Хмяльніцкага, 10а.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter