На Любаншчыне шчодра частуюць велікодных валачобнікаў

Куды ляцела пава?

Па вёсцы Закальное Любанскага раёна на другі дзень Вялікадня ходзяць валачобнікі. Яны ідуць па галоўнай вуліцы ў святочным настроі, ім хочацца спяваць. Гурт, у які ўваходзяць жанчыны і дзеці, пачынае спяваць традыцыйную песню “Ляцела пава”.

Фота аўтара
У  валачобным абрадзе гэтая песня заўсёды выконвалася першай. І, як правіла, яе пачынаюць жанчыны, за імі ўступаюць дзяўчынкі і хлопчыкі. Галасы далёка чуваць, а ў ціхае надвор’е песні валачобнікаў пазнаюць ажно на другім канцы вёскі:

Ляцела пава цераз паплава,

Іграйце, малойцы, гуляйце!

Яна ляцела, пер’е раняла,

Пало пер’ейко да на каменнейко,

Хто ж тое пер’е збіраць будзе?

Наогул, валачобныя песні — гэта не толькі вясновыя, але яшчэ і віншавальна-велічальныя. У Закальным зберагаюць народныя і бытавыя песні як сапраўдную спадчыну, а валачобныя асабліва. Услед за “Ляцела пава” гучыць песня, якую спяваюць і ў іншыя дні ад Масленкі да Юр’я. Старэйшае пакаленне вяскоўцаў любіць яе:

Весна-весна на вуліцы,

Мая Тэкля ўсё лён трапае,

Не напрала на спадніцу,

Не напрала на сарочку,

Не напрала на світачку...


У скарбонцы ў валачобнікаў шмат не толькі песень, але і прывітальных слоў, і вершаваных пажаданняў. Калісьці ў старажытнасці валачобны абрад меў аграрна-магічны сэнс, пазней ён набыў характар вясёлай забавы і гульні. Каля ганка, а калі гаспадары яшчэ запросяць і ў хату, валачобнікі пачынаюць сапраўдны спектакль. Тут у ход ідуць і песні, і рыфмаваныя куплеты, і выслоўі:

Яйкі чырвоныя, пірагі пухоныя,

Сыр на тарэлачцы, а к сыру 

цукерачкі.

А мы яйкі пералічым,

гаспадыньку павялічым!

У валачобным спектаклі ёсць цікавая роля жачыка — маленькага хлопчыка, які ходзіць разам з жанчынамі, гэта сын адной з валачобніц. Вось чаму велікодны абрад у Закальным па-мясцоваму называюць “Жачык”. За апошні час валачобны звычай крыху змяніўся: каб пераймаць традыцыю, разам з дарослымі ходзяць і дзеці. Раней жа бралі толькі аднаго хлопчыка, які вымаўляў гаспадарам словы, якія памятае не адно пакаленне закальненцаў:

Я маленькі жачыку,

Паўзу, як рачыку,

Скачу, як жабка,

Дай яйка, бабка!

У жачыка асаблівая роля ў гульнявым эпізодзе абрада — ён абменьваецца з гаспадарамі чырвонымі яйкамі. Нягледзячы на ўзрост малога, на яго абавязкова звяртаюць увагу, і гаспадары ад душы частуюць валачобнікаў велікоднымі прысмакамі.

Закальненцы чакаюць “Жачыка”. Валачобнікі спяшаюцца пажадаць сваім аднавяскоўцам, суседзям, родным і сваякам, знаёмым і незнаёмым, як казалі на закальнецкай старане спрадвеку:

“Долі, шчасця,

Здароўя — як у зялёнага дуба,

Каб заўсёды жылі вы люба!”

Іван Лужынскі

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter