У Нацыянальнай акадэміі навук наладжваюць серыйную вытворчасць сучаснага электратранспарту

Куды кола вывезе

Па прагнозах, ужо праз 15—20 гадоў многія развітыя краіны адмовяцца ад бензінавых і дызельных аўто. На змену прыйдзе электрычны транспарт. Мы не супраць такіх перамен, але пакуль прыходзіцца карыстацца навінкамі з Кітая і Еўрасаюза. І вось добрая навіна: у Нацыянальнай акадэміі навук распрацавана матор-кола і выпушчаны першыя электравеласіпеды. На чарзе скутары, скейты, самакаты, веларыкшы — усе гэтыя нашы тавары будуць зараджацца ад разеткі і радаваць цэнамі.


Серыйная вытворчасць індывідуальнага электратранспарту будзе наладжана ў ААТ «Прыборабудаўнічы завод «Аптрон» Нацыянальнай акадэміі навук. З чаго ўсё пачыналася, узгадвае яго генеральны дырэктар Мікалай Янкевіч:

— Мы сур’ёзна задумаліся над праблемамі экалогіі — Еўропа пачынае задыхацца, Азія наогул у жаласным стане. Перашкаджаюць не толькі газы, але і шум, вібрацыя. Трэба пераходзіць на больш «чыстыя» сродкі перамяшчэння. Мы зразумелі, што ў сілах у гэтым краіне дапамагчы.

Маючы напрацоўкі, спецыялісты за кароткі тэрмін сканструявалі рэгуляваны электрамеханічны прывод. Паменшылі яго, кампактную «начынку» ўпісалі ў матор-кола. Выпрабавалі і задаволеныя вынікамі. Удзельныя характарыстыкі значна лепш, чым у кітайскіх аналагаў. Калі параўноўваць, ККД павысіўся на 15%. За кошт выкарыстання нанаструктураваных матэрыялаў і распрацоўкі свайго камутатара ў 1,5 раза павялічылі магутнасць матор-кола. Хутка паменшыцца і вага вырабу — з 10 да 4 кг.

— Праведзена сур’ёзная сумесная праца. Матэрыялаведы, машынабудаўнікі, праграмісты, матэматыкі — у распрацоўцы ўдзельнічалі больш за сотню навуковых арганізацый. І вось ён, вынік, — Мікалай Янкевіч праводзіць мяне да першых доследных узораў.

Чалавека, далёкага ад навукі, само кола наўрад ці моцна ўразіць. А вось у рабоце — без сумненняў. Каб выпрабаваць яго сiлу, саджуся на веласіпед. З выгляду гэта звычайны двухколавы транспарт з нейкай iскрынкай — правадамі і датчыкамі. Разбіраюся, што да чаго.

Аказалася, нічога складанага. Незвычайны веласiпед можна завесці па-старому, «з нагі» — проста пачаць круціць педалі. А можна яшчэ да паездкі адрэгуляваць патрэбны рэжым: лёгкі, сярэдні і цяжкі. Выстаўляю сабе прагулачны варыянт — веласіпед павязе мяне з хуткасцю 6 км/г. Каб заехаць на крутую горку, мяняю расклад — матор лёгка цягне мяне ўверх, а я ўсяго толькі трохі дапамагаю, без асаблівай нагрузкі кручу педалі.

Руліць незвычайным транспартам вельмі проста — за ўсё адказваюць разумны блок кіравання і сучаснае праграмнае забеспячэнне. Разганяюся і спрабую плаўна спыніцца. Тут прымаюць удзел адразу два віды тормаза: электронны і ручны, як у звычайным веласіпедзе. Тармажу — адзін момант, і рухавік перастае працаваць. Увогуле, кіраваць такой штуковінай без праблем змогуць не толькі маладыя людзі, але і пенсіянеры.

— Такі веласіпед здольны пацягнуць больш за 150 кг, гэта значыць, двух сярэдніх чалавек. Разганяецца да 40 км/г, але такой хуткасцю вы наўрад ці будзеце карыстацца — для звычайнай язды хопiць і 15—20 км/г. Электратранспарт сілкуецца энергіяй ад звычайнай разеткі, — інжынер-канструктар Вадзім Калюжны дэманструе шнур, які нагадвае зарадку ад ноўтбука. — Батарэі хопіць мінімум на 50 км. Калі самому круціць педалі, праедзеш і ўсе 80.

Маючы напрацоўкі, спецыялісты за кароткі тэрмін сканструявалі рэгуляваны электрамеханічны прывод.

Дарэчы, каб зарадзіцца па поўнай, зараз спатрэбіцца каля чатырох гадзін. Але зусім хутка будзе выкарыстоўвацца новы тып батарэі, і з ёй гэты працэс зойме ўсяго 60 хвілін.

Распрацоўшчыкі не сумняваюцца, што такі транспарт будуць купляць. У нашай краіне эксплуатуецца каля 1,5 мільёна веласіпедаў. Попыт на іх ёсць заўсёды. Штогадовы аб’ём продажу — каля 100 тысяч штук. Пры гэтым прырост продажу велатэхнікі кожны год павялічваецца на 10—15%. Па статыстыцы, толькі ў Мінску цяпер выкарыстоўваецца больш за 400 тысяч веласіпедаў. І іх уладальнікам не абавязкова ставіць свой стары транспарт у камору і трацiць грошы на новы варыянт — досыць усяго толькі купіць цуда-кола. Замяніць існуючы модуль, падключыць, і можна далей ехаць з ветрыкам.

Прыкладны кошт такога матор-кола — 120 долараў. Гатовы веласіпед з усім сучасным начыннем абыдзецца пакупніку ў 500—600 долараў, у залежнасці ад мадэлі. Трохколавы транспарт, напрыклад, пацягне на 900 долараў. Гэта нядорага, у параўнанні з цэнамі на прадукцыю канкурэнтаў.

Дарэчы, распрацоўкай зацікавіліся не толькі ў нас. Абзавесціся такім велапаркам жадаюць ужо і на Кубе. Глядзіш, і іншыя краіны звернуць увагу на наш тавар — сур’ёзна задумаюцца аб супрацоўніцтве. Таму мадэльны рад вырашылі пашырыць.

— 15 верасня будзем праводзіць выпрабаванні яшчэ адной навінкі — электраскутара. Зараз ідзе мантаж доследнага ўзору. Ужо ў першым паўгоддзі 2018 года каля 500 электраскутараў плануецца выпусціць у продаж, — анансуе Андрэй Залускі, вядучы інжынер завода «Аптрон».
Распрацоўшчыкі не сумняваюцца, што такі транспарт будуць купляць. У нашай краіне эксплуатуецца каля 1,5 мільёна веласіпедаў. Попыт на іх ёсць заўсёды.

І на гэтым навукоўцы не спыняюцца: старанна займаюцца распрацоўкай нашых электрычных скейтаў, самакатаў, гіраскутараў. Зусім хутка ў продажы з’явяцца беларускія электравеларыкшы (экатаксі) — гэта веласіпед з камфортнай каляскай, у якой за мяжой звычайна перавозяць турыстаў.

Распрацоўку такога глабальнага праекта плануюць завяршыць на працягу года. Наладзіць серыйную вытворчасць — на працягу трох гадоў.

— Ёсць сур’ёзныя планы па развіцці вёскі. Напрыклад, мы можам рабіць вельмі зручны транспарт для паштальёнаў, развозчыкаў прадуктаў. Будуць мадэлі і для вяскоўцаў, якім трэба штодня перавозіць нейкія грузы — няхай гэта будуць яблыкі, таматы, бульба.

Пакуль такія варыяцыі цуда-транспарту я магу разглядзець толькі на паперы. Але і эскізы ўражваюць. Першае, чым я б абзавялася, — гэта недарагі велатрэнажор — круці дома педалі і тэлевізар глядзі. Навукоўцы абяцаюць: усе інжынерныя фантазіі неўзабаве стануць явай. На базе завода «Аптрон» створаць высокатэхналагічны вытворчы ўчастак, які аснасцяць сучаснымі лініямі з высокадакладным абсталяваннем з лічбавым праграмным кіраваннем. Гэта дазволіць арганізаваць у краіне серыйную вытворчасць канкурэнтаздольнай імпартазамяшчальнай інавацыйнай прадукцыі.

Дарэчы, у маштабны праект уваходзіць і адкрыццё новага ўчастка па вытворчасці сучасных назапашвальнікаў энергіі для індывідуальнага электратранспарту. Вынік працы такога цэха дазволіць цалкам адмовіцца ад імпарту дарагіх аналагаў і знізіць канчатковы кошт прадукту. Паводле прагнозаў навукоўцаў, ужо гадоў праз пяць у кожнай другой сям’і жыхароў краіны будзе новы сродак перамяшчэння з прыстаўкай «электра».

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter