Кубак кавы ля карцін

Карэспандэнт “НГ” спытала дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова пра ідэі, поспехі і спадзяванні.

Нацыянальны мастацкі музей працягвае здзіўляць унікальнымі праектамі для дарослых і дзяцей

Велічны будынак з калонамі на Леніна, 20 (толькі ў такім будынку і жыць музам мастацтва) заўсёды прыцягваў увагу мінчан і гасцей сталіцы. І не толькі сваім выглядам. То музыка ў залах гучыць, то водар кавы даносіцца… Я ўжо не кажу пра ўласна мастацкія праекты! Якія толькі ідэі ні нараджаюцца ў галаве дырэктара музея Уладзіміра ПРАКАПЦОВА, толькі б прыцягнуць да музея і мастацтва як мага большую колькасць людзей. Як дарослых, так і дзетак – ім Уладзімір Іванавіч нават дазваляе маляваць, седзячы на падлозе самага вялікага ў Беларусі храма мастацтваў. Ёсць ва Уладзіміра Іванавіча ідэя адкрыць у музеі арт-кафэ, студыю-мансарду для дзяцей і яшчэ шмат чаго.

Карэспандэнт “НГ” спытала дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова пра ідэі, поспехі і спадзяванні.

— Уладзімір Іванавіч, Нацыянальны мастацкі музей сёлета па-добраму парадаваў і па-сапраўднаму здзівіў беларускага гледача. Убачылі мы і вучняў Парыжскай школы, і каралеўскія скарбы з Музея Вікторыі і Альберта, і працы Шагала... З чым звязаны гэты культурны ўсплёск і наколькі складана ажыццявіць падобныя праекты?

— Такія праекты робяцца не  адзін дзень і не адзін год. Міжнародныя праекты звязаныя з вялікай падрыхтоўчай працай — гэта і дамоўленасць з нашымі калегамі, і збор неабходных сродкаў, і многае іншае. У юбілейны год Марка Шагала для нас было вельмі важным зрабіць прысвечаную яму выставу. Цікавы праект — выстава работ з Музея Вікторыі і Альберта “Каралеўскія скарбы”. Падзеяй стала наша сумесная з Белгазпрамбанкам выстава “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. Праект рыхтаваўся не менш за два гады. Атрымаўся цудоўны арт-праект з кафэ, інтэрактывам, інфармацыйным і музычным суправаджэннем. Сёлета адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і стагоддзе яго дачы “Чайка”. Адбылося некалькі перасоўных выстаў — у Нясвіжы, Гомелі, Добрушы, Лепелі... Выставачны план гэтага года быў сапраўды вельмі напружаным. Плануем, што не менш цікавыя праекты будуць і ў наступным годзе.

— Акрамя ўласна выставачнай дзейнасці музей актыўна працуе ў галіне выдавецкіх праектаў. Мабыць, адзін з самых паспяховых — “Славутыя мастакі з Беларусі”. Колькі кніг з гэтай серыі ўжо ўбачыла свет і чаго чакаць беларускім аматарам мастацтва далей?

— Так, у Год кнігі мы распачалі разам з выдавецтвам “Беларусь” серыю “Славутыя мастакі з Беларусі”. Выдадзена ўжо пяць кніг, прысвечаных Івану Хруцкаму, Валенцію Ваньковічу, Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю, Язэпу Драздовічу і Станіславу Жукоўскаму. Яркія, невялікія і недарагія (коштам каля 30 тысяч беларускіх рублёў) выданні, якія носяць асветніцкі характар, карыстаюцца вялікім попытам. Некаторыя ўжо перавыдаваліся два-тры разы. Кнігі на трох мовах, таму набываць іх могуць і замежныя турысты. Вельмі трапны праект, які мы абавязкова будзем працягваць. Тым больш што ён доўгатэрміновы і неабмежаваны — дваццаць, трыццаць, сто мастакоў... Можа быць і тысяча. Вось будзе маё стагоддзе, можа быць, і я патраплю ў гэтую серыю.

 — Нацыянальны мастацкі музей заўсёды радаваў
не проста культурнымі праектамі, а вось такімі цікавымі разыначкамі. Да прыкладу, вы запрашалі наведвальнікаў папіць кавы ў парыжскай кавярні або пакаштаваць віна ў гонар французскага свята Бажале. Такі ход — гэта жаданне прыцягнуць большую колькасць наведвальнікаў або ператварыць НММ у нешта большае, чым проста музей?

— Заўсёды хацеў, каб Нацыянальны мастацкі музей быў не проста музеем — навукова-адукацыйным цэнтрам. Ужо сёння ён набывае зусім іншы фармат. Раней наведвальнікам было дастаткова проста наведаць стандартную экскурсію. Сёння ўжо патрэбныя розныя тэхнічныя сродкі, нестандартныя формы, інтэрактыў. Калі на выставе работ мастакоў Парыжскай школы ў залах, дзе вісяць карціны, гучыць французская музыка, ідзе фільм пра мастакоў, то і экспазіцыя зусім па-іншаму ўспрымаецца. Мы шукаем іншыя формы. Кавярню, якая з’яўляецца часткай праекта “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, мяркуем перафармаціраваць пазней у арт-кафэ. Вядома, ёсць кавярні і “пакруцей” на праспекце. Але ў кавы з рэстарана і кавы з музея зусім розны смак. У інфраструктуры музея павінны быць і магазін сувеніраў, і кавярня, і рэстаран... На жаль, разгарнуцца пакуль цяжка, бо не хапае памяшканняў.

— Яшчэ з часоў Радзівілаў, калі не раней, існавала ў Беларусі традыцыя мецэнацтва, калі заможныя людзі матэрыяльна падтрымлівалі дзеячаў літаратуры і мастацтва. Мяркуючы па апошніх культурных праектах, традыцыя адраджаецца? Наколькі паспяхова?

— Першыя крокі зроблены. Пры музеі створаны апякунскі савет. Вялікую дапамогу мецэнатаў мы адчулі падчас падрыхтоўкі “Каралеўскіх скарбаў”, выставы Марка Шагала. Вядома ж, усё гэта няпроста. Пакуль мы толькі на шляху адраджэння традыцыі. Трэба яе развіваць. Прывучаць моладзь з малых гадоў удзельнічаць у спонсарстве. Няхай ён кіне ў скрыначку на адраджэнне храма ці, скажам, Навагрудскага замка і сто рублёў. Галоўнае, каб у людзей выхоўвалася пачуццё неабходнасці захоўваць і берагчы сваю культуру. Вырасце гэты хлопчык ці дзяўчынка, стане багатым чалавекам і ператворыцца ў мецэната.

— Ці могуць фундатары і мецэнаты дапамагчы ў рэстытуцыі беларускіх скарбаў з-за мяжы? Або справа тут зусім не ў грошах?

— Рэстытуцыя — гэта вяртанне, а не выкуп твораў. Калі ёсць даказальная  база, твор вяртаецца, а не выкупляецца. Аднак спонсары маглі б дапамагчы ў іншым — удзельнічаць у аўкцыёнах і набываць творы, неабходныя для нашых музеяў і калекцый.

— І якія творы, Уладзімір Іванавіч, вы хацелі б убачыць у музеі?

— Мару, каб тут была калекцыя слуцкіх паясоў. У даваеннай калекцыі іх было 48. Але ўсе яны былі вывезеныя з музея падчас вайны. І сёння сваіх паясоў мы не маем — бяром на дэпазіт з тых музеяў, дзе яны захаваліся. У Расіі, да прыкладу, іх каля ста. Мы нават гатовыя абмяняць на некалькі з іх, скажам, карціну сусветна вядомага мастака Шышкіна, толькі каб папоўніць фонд музея гэтымі беларускімі скарбамі.

— Дзяржпраграма “Слуцкія паясы”, нядаўна прынятая ў краіне, не прадугледжвае вяртанне гэтых паясоў на радзіму?

— Праграма прадугледжвае толькі адраджэнне слуцкіх паясоў. Згодна з ёй у нашай краіне будуць рабіцца рэплікі на слуцкія паясы. Паясы, набліжаныя да арыгіналаў, будуць знаходзіцца ў музеях краіны, дэманстравацца ў школах, распаўсюджвацца як сувеніры. Вось, дарэчы, наш музей распачаў цікавы праект. (Уладзімір Іванавіч прадэманстраваў унікальныя тканыя папкі і вокладкі ў стылі слуцкіх паясоў.) Гэта эскізныя варыянты, выкананыя Барысаўскім камбінатам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У такой вокладцы-футляры можна падарыць, да прыкладу, набор кніг “Славутыя мастакі з Беларусі”. Глядзіцца вельмі каларытна.

— Магчыма, праблема інфраструктуры вырашыцца са стварэннем музейнага квартала?

— Плануецца, што так. Да прыкладу, у новым будынку музея, які адкрыецца ў 2014 годзе на вуліцы Карла Маркса, 24, будуць і арт-кафэ, і магазін... Гэта закладзена ў канцэпцыю музея.

 — Ведаю, у вас была ідэя адкрыць дзіцячую экспазіцыю, каб беларусы ўжо з малых гадоў прывучаліся да мастацтва.

— Падобнае ёсць у многіх музеях свету, якія разумеюць вялікую ролю педагогікі. Плануецца рэканструкцыя комплекса будынкаў музея. І якраз у будынку адміністрацыі на пятым паверсе плануецца зрабіць мансарду-студыю для дзетак.

— На Першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які прайшоў сёлета ў Гродне, вас прызналі лепшым кіраўніком музея. Зразумела, у чалавека з такім званнем і спраў безліч. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова зірнуць толькі на ваш працоўны стол, завалены паперамі. А на асабістую творчасць часу хапае?

— Якраз планую зладзіць у наступным годзе, калі буду святкаваць юбілей, сваю персанальную выставу. Ужо пераехаў у новую майстэрню і распачаў новы твор. Часу, вядома, вельмі мала. Даводзіцца працаваць па вечарах, на выхадных.

— А як наконт адпачынку?

— А яго проста няма. Гэта толькі звонку падаецца, што працаваць у музеі — значыць гуляць сярод карцін ды сустракацца з мастакамі. Аднак у дырэктара музея вельмі шмат адміністрацыйных абавязкаў. З папер проста не вылажу. Праўда, заўсёды маю магчымасць пераключыцца, прайсціся ля карцін ды адпачыць душой. Магчыма, адсюль і працаздольнасць такая.

— А на радзіму з’ездзіць часу хапае?

— Радзіма — гэта святое. Зараз якраз працую над серыяй работ з роднай вёскі Жгунская Буда, што на Гомельшчыне. Таму бываю там часта. Малюю эскізы з натуры, а пасля ўжо дапрацоўваю ў майстэрні.

— У кожнага чалавека ў кожны з перыядаў жыцця ёсць свае жаданні. А пра што сёння марыце вы? Ці падзеліцеся з нашымі чытачамі?

— Калі гаварыць пра мару як дырэктара — хацелася б завяршыць музейны квартал. Даўно жыву гэтай ідэяй. Што датычыцца асабістай творчасці, мару напісаць карціну, на якой будуць прысутнічаць чатыры дырэктарымузея — Міхалап, Аладава, Карачун і я. Так і бачу нас за адным сталом.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter