Ксёндз Кірыл Бардонаў: Лепшае месца ў жыцці

Людзі маюць схільнасць шукаць выразныя паказчыкі таго, што іх жыццё мае сэнс і што яны на правільным шляху. Сучаснае грамадства настойліва прапануе нам думку аб тым, што такім крытэрыем з’яўляецца месца чалавека ў жыцці, тое, хто ён у параўнанні з іншымі. З гэтым звязана жаданне адчуць перавагу над тымі, хто побач.

Быць найлепшым... Гэтая спакуса праследуе сучаснага чалавека пастаянна. Для таго, каб вызначыць “лепшы” ты ці “горшы”, неабходна выбраць нейкія крытэрыі для ацэнкі. Найгоршым з’яўляецца нават не само існаванне такіх крытэрыяў, а пастаяннае параўноўванне сябе з іншымі. Так нараджаюцца зайздрасць, рэўнасць і незадаволенасць сабой, расчараванне жыццём і гэтак далей.

Евангельская гісторыя пра Хрыста і Яго вучняў ніяк не ўпісваецца ў логіку гэтага свету. Апавяданне пра Бога, які, спрошчана кажучы, вырашыў нарадзіцца ў хлеве, не змяшчаецца ў правілах барацьбы за лепшае месца ў жыцці.

Можна доўга разважаць, чаму менавіта такім спосабам — праз ганебную смерць Хрыста — Бог вырашыў уратаваць свет. Калі ўжо так сталася, што Божы Сын павінен быў быць прыніжаны ганебнаю смерцю, то гэта выразнае пасланне кожнаму чалавеку: варта напоўніць жыццё сапраўднай любоўю, якая гатова саступаць, адмовіцца ад нечага дзеля дабра іншай асобе.

У Бога няма лепшых і горшых, дрэнных і добрых. Гэтая думка сагравае сэрцы многіх людзей. Нават ведаючы гэта, мы ўсё адно стараемся ва ўсім пераўзысці іншых, асабліва тых, хто знаходзіцца побач. Сваім знешнім выглядам мы ўжо хочам заявіць свету аб тым, што мы не проста адрозніваемся ад іншых, але ў нечым пераўзыходзім іх.

Сацыяльныя сеткі правакуюць карыстальнікаў ствараць свой нейкі нерэальны вобраз і рознымі спосабамі звяртаць на сябе ўвагу. Асабліва гэта датычыць моладзі, толькі не спрыяе развіццю асобы. А можа, наадварот, яшчэ больш паглыбіць жаданне параўноўваць сябе з іншымі, змагацца за лепшае месца ў віртуальным свеце.

Праўда, якая датычыць гэтай тэматыкі, вельмі простая: лепш кімсьці быць, чым кімсьці здавацца. Як бы нам ні хацелася напоўніць сваё жыццё ўсім тым знешнім, што дае нам адчуванне ўяўнай перавагі над іншымі, рана ці позна мы ўсё адно будзем вымушаныя заставацца сам-насам з сабою, з такімі, якія мы ёсць на самой справе. У такія моманты раптоўна нам адкрываецца бессэнсоўнасць многіх нашых спроб даказаць свету тое, што мы лепшыя за іншых. І тады мы можам адкрыць у сабе жаданне прымаць іншых такімі, якія яны ёсць, а ў першую чаргу прыняць праўду пра самога сябе і перастаць бегчы за прывідам не нашага шчасця, перастаць жыць чужым жыццём.

Святы Францішак, які жыў на мяжы ХІІ і ХІІІ стагоддзяў, заплаціў аднаму бяздомнаму, каб той кожны раз, калі яны сустрэнуцца на вуліцы, гучна казаў: “Францішак, ты ганарлівец”. Такі спосаб выбраў гэты манах, каб заўсёды нагадваць сабе пра сваё месца ў жыцці. Гэтае месца ў кожнага сваё, а месца, падрыхтаванае для нас, і з’яўляецца найлепшым.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter