Ксендз Кирилл Бардонов: Крестным путем Иисуса Христа

Крыжовым шляхам Хрыста

Хрысціяне каталіцкай і праваслаўнай канфесій цяпер перажываюць перыяд Вялікага посту — час падрыхтоўкі да свята Вялікадня. Зместам святкавання Вялікадня з’яўляецца Хрыстовае ўваскрэсенне, а зместам Вялікага посту — пакаянне і паяднанне з Богам, якому спрыяе ўспамін Хрыстовага цярпення і смерці. У Вялікім посце ў касцёлах праводзіцца незвычайнае набажэнства — Крыжовы шлях.

Той, хто калі-небудзь бываў у касцёле, напэўна, звяртаў увагу на некалькі абразоў, якія вісяць на сценах, з адлюстраваннем Хрыста ў розных пазіцыях, але з крыжам на плячах. Можа ўзнікнуць пытанне, чаму гэтых абаразоў так шмат, тым больш што ў праваслаўных цэрквах мы такога не ўбачым.

У старажытнасці ў Іерусаліме ўзнік звычай праходзіць дарогай, якая вядзе да месца распяцця і пахавання Хрыста, успамінаючы пра асноўныя моманты гэтага шляху. У Сярэдневякоўе ў касцёлах сталі змяшчаць абразы з адлюстраваннямі эпізодаў Крыжовага шляху. Звычайна гэта 14 абразоў ці скульптур, якія яшчэ называюць прыпынкамі. Падчас набажэнства Крыжовага шляху святар разам з вернікамі з крыжам праходзіць па чарзе ад першага прыпынку да апошняга, затрымліваючыся каля іх дзеля малітоўнага разважання. Часам гэтыя прыпынкі змяшчаюцца па-за касцёлам у форме капліц ці фігурных кампазіцый. У такім выпадку Крыжовы шлях можа расцягвацца на некалькі кіламетраў. Прыпынкі, змешчаныя на вуліцы, называюцца Кальварыяй (лацінскі адпаведнік грэчаскаму слову «Галгофа»). Менавіта да гэтага значэння адсылаюць нас назвы Кальварыйскай вуліцы і Кальварыйскіх могілак у Мінску.

Даволі вядомай з’яўляецца Мядзельская Кальварыя, размешчаная на ўскраіне горада Мядзела каля аўтатрасы Мядзел — Паставы. Агульная працягласць гэтага Крыжовага шляху складае два кіламетры. Гэта ўнікальны для Беларусі аб’ект, які ўзнік у XVIII стагоддзі. Мядзельская Кальварыя была задумана і пабудавана паводле плана Крыжовага шляху ў Іерусаліме. У Еўропе некалькі соцень розных Кальварый.

Вернікі любяць разам ці па­асобку праходзіць Крыжовым шляхам Хрыста, просяць у яго сілы з годнасцю і цярпеннем перано­сіць жыццёвыя выпрабаванні. Такой малітоўнай рэфлексіі асабліва спрыяе час Вялікага посту — час перамогі над сваімі слабасцямі і настаўлення на жыццё не толькі для саміх сябе.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter