Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Крыж паклонны

Крыж паклонны

Першы жыхар гэтай вёсачкi, хто трапiўся на вочы, быў прыкладна майго ўзросту, можа, трохi маладзейшы.


Ён дзелавiта корпаўся ля студнi, мяняючы стары, месцамi добра падгнiўшы драўляны калаўрот. На зямлi побач ляжаў навюткi, яшчэ не распакаваны ланцуг. Стары ж ланцуг, iржавы, дзе-нiдзе перавязаны такiм жа iржавым дротам, валяўся тут жа, ля ног.

Маё пытанне, цi стаiць яшчэ на палявой дарозе, недзе за кiламетр ад вёскi, драўляны паклонны крыж, трошкi збянтэжыла мужчыну. Растлумачыў, што ён тут у чыне зяця, жонка яго адсюль, вось з гэтай хаты.


— А цешча з цесцем гадкоў ужо пяць як адышлi ў свет лепшы. Гаспадары былi… двор на зайздрасць заўсёды быў, поўны што на скацiнку, што на птушку хатнюю. А ў доме з жонкай i цяпер прытрымлiваемся таго парадку, якi пры яе бацьках быў, — расказаў ён. — А што наконт крыжа, — успомнiў мужчына пра пытанне, — дык лепей суседку, бабульку Янiнку спытаць. Яна вунь праз вулiцу, у сваiм агародчыку. Раней за мяне ўстала, прыходзiла глядзець, што я тут ляпаю зранку… Яна тут, мо, самая старая. У каго, калi не ў яе… Падыдзеш?


Убачыў, што старая, пачуўшы нашу гаворку, ужо ўглядаецца, моцна прыжмурыўшы вочы, — мясцовы я цi аднекуль здалёк завiтаў.

Прывiтаўшыся i выслухаўшы маё пытанне, адказала не адразу. Зачынiла шчыльна за сабой веснiчкi, выйшла на вулiцу, прысела на шырокую ўкапаную лаўку, папляскала па ёй рукой, запрашаючы прысесцi побач i мяне.


Гаворка пайшла трохi весялей, калi старая даведалася, што я з суседняй вёскi, якая тут непадалёку, за невялiчкiм пагоркам у бок старога шляху. А пачуўшы, што я Верцы Высоцкай сынам даважуся, зусiм узрадавалася. Як высветлiлася, яна з маёй матулькай «за польскiм часам» хадзiла ў адну пачатковую школу.

— А крыжык стаiць яшчэ пакуль. Але ж надта пакасiўся, бедненькi. Была каля яго мiнулай восенню… Мо ўжо i долу ляжыць. Трэба Сяргейку сказаць, — яна махнула рукой у бок двара насупраць, адкуль я толькi што выйшаў, — хай на ровары згойсае, бо ў гэтым годзе я ўжо не хадок на такiя адлегласцi.

А далей пацяклi ўспамiны пра той крыж у полi.


— Мабыць, мацi твая, нябожчыца, не горш за мяне ўспомнiла б, як мы яго ўсёй вёскай за адну ноч на тым месцы ўсталявалi. Можаш уявiць сабе? За адну ноч! А напярэдаднi вестка цяжкая маланкай абляцела ваколiцы — вайна! Усе як ёсць мужчынкi ды хлопцы старэйшыя павесткi атрымалi — рушыць на свiтанку наступнага дня на чыгуначную станцыю, блiжэйшая што адсюль. На фронт, значыць, нашых родненькiх, цягнiк павязе.

Не памятаю ўжо, цi гэта святар з храма мясцовага, цi хто са старэйшых жыхароў вёскi прапанаваў, за ноч да ранку крыж паклонны збудаваць ды ўсталяваць пры дарозе на скрыжаваннi, ад якога нашы крывiначкi, памалiўшыся з тымi, хто iх выпраўляць будзе, хто застаецца чакаць iх, нягледзячы нi на што, на чыгунку накiруюцца, а адтуль у пекла, значыць, вайны праклятушчай.


Здавалася, што нiхто ў тую ноч не спаў. Хiба толькi дзеткi, малыя якiя зусiм. I працавалi пад гутарку цiхую, пад малiтвы, а недзе i пад песнi, часам сумныя, развiтальныя, абрадавыя. Спявалi i малiлiся, малiлiся i працавалi. Хто кросны збiраў ды наладжваў, хто па чарзе за iмi працаваў, хацелася ўсiм па кропельцы свайго смутку, любовi сваёй укласцi ў справу такую святую. Маладзейшыя дзяўчаткi крыжык на ручнiчку вышывалi ды вяночак вакол яго. Па кветачцы хто, па лiсцiку. Гэтая праца жаночая ды дзявочая. А мужчынкi з хлопцамi за пiлы ды сякеры — ды да лесу. Усё як належыць: ашкурылi дубок, загаблявалi, засеклi гнёзды ды пазы.

Калi прыгледзецца, на крыжы цвiкоў жалезных няма — на драўляных трымаецца i сёння. Ручнiчок, вядома ж, мянялi да нашага часу некалькi разоў, а вось сам крыж яшчэ той, першапачатковы.


Асвяцiлi, малебен адслужылi i — яшчэ сонца не ўстала — усе ля крыжыка сабралiся. Дзетак i тых маленькiх пабралi на рукi. Здавалася, сама зямелька плакала разам з намi i нават сонца не хацела падымацца, каб не бачыць столькi гора чалавечага…

Бабулька плакала i цяпер. Амаль нячутна, закрываючы твар ражкамi старэнькай выбеленай сонцам i часам хустачкi, толькi ўздрыгвалi плечы.


— Аднавiць бы крыжык, — выцiраючы рукамi вочы, як быццам саромеючыся i просячы прабачэння сказала яна. — Але ж… занятыя ўсе, ва ўсiх справы свае, свае цяжкасцi. А да крыжа, кажуць, у гэтым го­дзе нават сцежку зааралi. Па раллi хто туды таптацца будзе?.. А ў мяне сiлы, мо, толькi што на агародчык i засталося.

v-cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter