Крыж для «пасла»

Надумалiся ў вёсцы царкву будаваць. Шмат было гарачых спрэчак, прапаноў, ажно да непаразумення. Аднаму хочацца так, другому – гэтак. Каму драўляную, каму цагляную, каму мураваную...

Надумалiся ў вёсцы царкву будаваць. Шмат было гарачых спрэчак, прапаноў, ажно да непаразумення. Аднаму хочацца так, другому – гэтак. Каму драўляную, каму цагляную, каму мураваную. З дахам бляшаным цi пад моднай цяпер чарапiцай. З купаламi простымi цi меднымi. Бо на залатыя, самi разумееце, нават калi ўсю вёску прадаць, усё роўна не хопiць. Рассварылiся, адным словам, вернiкi. 

Урэшце, каб выпрацаваць саламонава рашэнне, выклiкалi з раёна святара. Прыехаў бацюшка, сабралiся людзi на сход, выбралi старасту прыхода. Месца пад будучы храм бацюшка асвяцiў малiтвамi i святой вадою. Загадаў таксама змайстраваць вялiкi драўляны крыж i ўкапаць яго на мяжы будучай будоўлi. Каб усе бачылi, што месца святое. 

На тым i разышлiся. Вёска занялася сваёй будзённай i звыклай работай. Мiналi тыднi, месяцы, а пачатая на сходзе справа не рухалася з месца. Усё роўна як i не было той сходкi. 

Урэшце, стараста, бойкая i рухавая маладзiца, страцiла цярпенне, рашуча падступiлася да здатнага мясцовага цесляра. I не адступiлася, пакуль Кастусь не ўзяў сякеру i  не зрабiў крыж. Атрымаўся ён прыкладна  ўдвая большы, чым ставяць на могiлках. 

I вось неяк у час абеду Кастусь узвалiў крыж на плечы i панёс яго да месца закладкi царквы. А шлях да яго ад цясляркi, трэба сказаць, няблiзкi. Бадай, з добры кiламетр, ды яшчэ па цэнтральнай вулiцы пасёлка. 

Нясе сабе Кастусь крыж, пакрэктвае, з сустрэчнымi вiтаецца. А людзей, як на лiха, паўнюткая вулiца. Адно, што вёска сама па сабе жывая i вялiкая, а па-другое, самы разгар дня. Мiтусяцца, як тыя печкуры на мелкаводдзi. I ўсе як адзiн у майстра пытаюцца: 

— А хто гэта ў нашай вёсцы памёр? 

Напачатку Кастусь цярплiва i нават ветлiва тлумачыў, што гэта не магiльны крыж, а сiмвал святой справы. Але, калi адзiн i той жа допыт прагучаў у пяты-дзесяты раз, Кастусь адчуў, што пачынае шалець. Накоплены статычны зарад крыжаносец выпусцiў у чарговую цiкаўную кабету. Калi тая  запыталася,  хто гэта памёр, то Кастусь нечакана для самога сябе растлумачыў: 

— Хто памёр, хто памёр! Вялiкi чалавек памёр! Пасол беларускi на  Канарскiх астравах. Ён, аказваецца, з нашых мясцiн – з суседняй Лебядзянкi, пасля вайны тут жыў i вучыўся ў нашай школе. Затым у людзi выйшаў. У паслы выбiўся. А калi смерць падступiлася, то  захацеў, каб на радзiме пахавалi... 

I пайшоў працаваць «бабскi тэлефон». Раней чым Кастусь дабраўся да  месца закладкi храма, ужо ўсе наперадзе ведалi i гаманiлi аб хуткiм  пахаваннi «пасла». А яшчэ меркавалi, хто з вялiкiх на­чальнiкаў, мiнскiх, а можа i ма­скоўскiх, на пахаванне прыедзе. Няпросты, як нi кажы, нябожчык. Глядзi, што i з iншаземцаў хто на праводзiнах будзе. Тады i вёсцы што-кольвечы перападзе ў знак павагi да знакамiтага земляка... 

Якiя толькi фантазii не лiлiся ўздоўж вясковай вулiцы! А задаволены Кастусь адносна спакойна дабраўся да месца. Там ён трошкi адпачыў, затым укапаў гладка абгабляваны, з бурштынавай жаўцiзной крыж у адведзенае месца. З пачуццём сумленна выкананага абавязку загадкава ўхмыльнуўся i смачна высмалiў цыгарэту. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter