Экскурс у мінулае і сённяшні дзень гарадскога пасёлка Крывічы

Крывічы: краса Нарачанскага краю

ЭТНІЧНАЯ супольнасць “крывічы” займала ў Сярэдневякоўі тэрыторыю ад Панямоння да Паволжа і ад Прыдзвіння да верхняга Падняпроўя. Першы ўспамін пра іх змяшчаецца ў “Аповесці мінулых гадоў”. Яны ўдзельнічалі ў паходах слынных Алега і Ігара супраць візантыйцаў. У канцы Х стагоддзя склалася Полацкае княства, якое насялялі крывічы. У розных кутках Беларусі захаваліся вёскі і мястэчкі з такой назвай. Сярод іх і нарачанскія Крывічы. У Метрыках Вялікага Княства Літоўскага 1493 года яны занатаваны як шляхецкая ўласнасць. Валодалі імі розныя магнаты. Адзін з уладальнікаў — цівун і падкормій троцкі Андрэй Укольскі — выдзеліў у паселішчы зямлю для будаўніцтва кляштара трынітарыяў і касцёла Святога Андрэя. Апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1776 годзе надаў Крывічам статус мястэчка, у цэнтры якога паўстаў мураваны касцёл. Штогод на Сёмуху і ў пачатку жніўня тут ладзіліся кірмашы.



У канцы ХIХ стагоддзя працавалі вінакурня, лячэбніца. У Першую сусветную вайну ў мястэчку размяшчаліся армейскія склады расійскай арміі.

Пасля рэвалюцыйных падзей пачатку ХХ стагоддзя Крывічы аказаліся ў складзе буржуазнай Польшчы, а ў 1939 годзе ўвайшлі ў БССР і да 1962- га былі раённым цэнтрам.

Нямецка-фашысцкія акупанты пакінулі тут крывавы след. Нацысты спалілі жывымі 470 мірных жыхароў і 130 расстралялі. Жудасная вайна забрала ў Крывіцкім раёне больш як дзве тысячы жыццяў.
Настаяцель праваслаўнага храма Святой Тройцы айцец Мікалай ГАРБАЧОНАК

У першыя пасляваенныя гады ў мястэчку пабудавана электрастанцыя. Сяляне аб’ядналіся ў калгас, пазней рэарганізаваны ў ААТ “Пруднікі-Агра”. Крывічы сталі пасёлкам гарадскога тыпу. Дзейнічаюць дрэваапрацоўчая вытворчасць “Сэрвач”, лясніцтва Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, участак мядзельскага ДРБУ-133 , вытворчая  база ААТ “Мядзель- аграсэрвіс” і іншыя арганізацыі.

Захаваліся хрысціянскія славутасці — касцёл Святога Апостала Андрэя і праваслаўная царква Святой Тройцы.

ВЯЛІКАЯ асалода — вандраваць летнім часам па Нарачанскім краі, калі ўсё навокал красуе. Люстэркі паўсотні мядзельскіх азёр і азярцоў пацеркамі зіхацяць сярод зялёнага ўбору лясоў, заліўных лугоў, хлебных ніў і сенажацяў.

Вякамі густы бор ахоўваў старажытнае мястэчка Крывічы. Сяляне карчавалі ляды і засявалі землі збажыной, лёнам і іншымі культурамі. Гадавалі жывёлу, лавілі рыбу, разводзілі пчол. І цяпер на падворках шмат жыўнасці.

Аператар машыннага даення кароў ААТ “Пруднікі-Агра” Аксана Карпук адна гадуе дваіх дзяцей. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла карову. Штодзённа гаспадыня прадае па два вядры сырадою, што заўважна поўніць сямейны бюджэт. Дзеці Даша і Аляксандр прыглядаюцца, як маці спрытна доіць карову. Каля веснічак на эстакаду ставяць вёдры з малаком. У вызначаны час прыватны малаказборшчык аб’язджае на аўтамабілі населеныя пункты сельсавета і сабранае малако пастаўляе ў Мядзел на перапрацоўку. Цялятак гаспадары здаюць у ААТ “Пруднікі-Агра” і атрымліваюць сена для зімоўкі кароў. Ёсць на крывіцкіх падворках коні, авечкі, козы, свінні і свойская птушка.

Дырэктар ААТ “Пруднікі-Агра” Аляксандр ДЗЯКОНСКІ

Павел і Таццяна Шаблоўскія, у якіх трое малых дзяцей, дапамагаюць бацькам у недалёкай вілейскай вёсцы Клесіна нарыхтоўваць сена для каня і каровы. Зяць Павел Мечыслававіч разам з цесцем Казімірам Францавічам Зяновічам кладуць пакосы. Частыя дажджы перашкаджалі сушыць скошаную траву.

— З-за пераўвільгатнення пазней звычайнага жніво пачынаецца, — хвалюецца дырэктар ААТ “Пруднікі-Агра” Аляксандр Дзяконскі. — Гаспадарка пасля далучэння двух суседніх сельгаспрадпрыемстваў стала адной з найбольш буйных у раёне. Амаль дзесяць тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Трэцюю частку займаюць збожжавыя. На фермах — дзве з паловай тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, палова з якіх — дойны статак. Да самых аддаленых участкаў амаль трыццаць кіламетраў. Ледзьве паспяваю ўсюды бываць.

Бібліятэкар Даната САВІЦКАЯ

На гэтай зямлі жылі і працавалі продкі маладога кіраўніка гаспадаркі. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандр Дзяконскі спецыялістам вярнуўся дамоў. Узначальваў агранамічную службу гаспадаркі. Трэці год — дырэктар аб’яднанага калектыву. Жонка — галоўны бухгалтар Крывіцкага сельвыканкама. Падрастае дачка Валерыя.

— У сярэднім па сельвыканкаме штогод нараджаецца да пятнаццаці дзяцей, — канстатуе старшыня сельсавета Наталля Бялоўская. — На аўтамашыне “хуткай дапамогі” парадзіх суправаджае ў цэнтральную раённую бальніцу фельчар Галіна Клімовіч, у якой падрастаюць два сыны. Галіна Віктараўна піша цікавыя байкі. Дастаецца ад яе пякучых радкоў гультаям і абібокам. З-пад яе пяра выходзяць дзіцячыя казкі. Яе запрашаюць на сустрэчы са школьнікамі, выступае перад чытачамі ў бібліятэцы.

Мастацкі кіраўнік Аляксандр КУЦЬКО і дырэктар Дома культуры Марыя КАЛІНІНА

— Круглы год абслугоўваем чытачоў, — адзначае бібліятэкар Даната Савіцкая. — У час летніх канікулаў школьнікі імкнуцца прачытаць праграмную літаратуру. Актыўна наведваюць бібліятэку і старэйшыя жыхары. Амаль паўтары тысячы чытачоў карыстаюцца паслугамі дзвюх гарпасялковых бібліятэк. Знаходзіць час Таццяна Котак, каб пачытаць цікавую кніжку для чатырох дзяцей. Яна адна гадуе іх. Двое — прыёмныя.

Узялі з прытулка хлопчыка Іна і Міхаіл Шыкаўцы, у якіх сваіх трое дзяцей. Людміла і Міхаіл Міхайлавы ўсынавілі двух сірот. Дзяржава падтрымлівае сем’і з прыёмнымі дзецьмі.

Жывёлаводка Аксана КАРПУК з сынам Аляксандрам і дачкою Дар’яй

У АПОШНІЯ гады прырастае насельніцтва ў Крывічах. Пераязджаюць сюды з іншых рэгіёнаў рэспублікі. Летась паўтары сотні прыезджых атрымалі крывіцкую прапіску.

Не так актыўна, як раней, але будуюцца дамы. Пазалетась пяць сем’яў справілі наваселле і дзве — у мінулым годзе. Без банкаўскіх крэдытаў будуюцца, Наталля Якубоўская, Міраслаў Халадзянкоў. Маладая сям’я Паршутаў купіла жылы дом у Прудніках. Адрамантавалі і абжываюць яго. Асобныя пакоі ў сына Віктара і дачкі Насці. Гаспадар працуе майстрам электрычных сетак, а гаспадыня — сацыяльны работнік. Абслугоўвае дванаццаць адзінокіх пенсіянераў. На веласіпедзе ездзіць да іх у суседнія вёскі. Прадукты з магазіна прывозіць. За старанную працу Марыя Аляксандраўна адзначана ганаровай граматай Мядзельскага райвыканкама.

Ветэран працы Яніна НІКУЛІНА

ДАБРАЧЫННАЙ дзейнасцю займаюцца крывіцкія праваслаўная і каталіцкая абшчыны. Святар Траецкай царквы айцец Мікалай Гарбачонак дапамагае прыхаджанцы храма Наталлі Высоцкай, якая працуе паляводам у ААТ “Пруднікі-Агра”. Адна гадуе шасцярых дзяцей, двое з якіх — інваліды. Пяцёра дзяцей на руках у аўдавелай працаўніцы ААТ “Пруднікі-Агра” Галіны Рудніковіч. Дзяржава, гаспадарка і людзі дапамагаюць шматдзетным сем’ям рыхтавацца  да навучальнага года.

— Перыядычна айцец Мікалай возіць маіх двух маленькіх інвалідаў на кансультацыі ў абласную бальніцу, што ў Бараўлянах, — удзячная Наталля Высоцкая. — Арганізаваў і экскурсію ў Мінскі заапарк. З-за інваліднасці мае дзеткі не могуць наведваць школу. Педагогі займаюцца з імі дома.

Галіна КЛІМОВІЧ з сынамі Данілам і Аляксандрам

Дзейнічае ў школе цэнтр праваслаўнага выхавання, дзе праводзіць гутаркі бацюшка Мікалай.

— На летнія канікулы для старшакласнікаў арганізаваны лагер працы і адпачынку, — адзначае педагог Людміла Гапановіч. — Навучэнцы працуюць у фермерскай гаспадарцы Віктара Чабатара, а таксама на плантацыях лекавых раслін у аптэкарскім садзе каля вёскі Нікольцы. Праца не цяжкая, але карысная для выхавання.

Сацыяльны работнік Марыя ПАРШУТА

Шмат гадоў Людміла Яўгенаўна кіруе Крывіцкім садам-школай. Ганарыцца выпускнікамі. Намеснікам міністра адукацыі стаў Казімір Фарына. Хлебаробскі шлях абраў выдатнік вучобы Аляксандр Дзяконскі. Дзесяць адзінаццацікласнікаў сёлета атрымалі атэстаты сталасці і васямнаццаць школьнікаў закончылі дзевяць класаў. Даніла Мычко вырашыў стаць зваршчыкам. Для вучобы абраў Маладзечанскі дзяржаўны каледж. Спецыяльнасць муляра-плітачніка атрымлівае там яго сябар Павел Валковіч. Пасля вучобы юнакі настроены вярнуцца дамоў.

– МОЛАДЗЬ працягвае справу старэйшых, — задаволена старшыня сельсавета Наталля Бялоўская. — Пасля заканчэння сталічнага дзяржаўнага каледжа мастацтваў летась узначаліла Дом культуры Марыя Калініна. Мой сын Іван атрымаў дыплом інжынера. Займеў сям’ю. Працуе ў Нацыянальным парку “Нарачанскі”.

Павел і Таццяна ШАБЛОЎСКІЯ з дочкамі Палінай, Настассяй і Карынай

Двое ўнукаў цешаць сэрца Наталлі Васільеўны, карані якой на крывіцкай зямлі. Пасля заканчэння інстытута народнай гаспадаркі працавала галоўным спецыялістам калгаса, а потым узначаліла яго. Цяпер кіруе сельсаветам і радуецца, што за маладымі будучыня Нарачанскага краю.

Мядзельскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter