Чем молодая оперная певица Кристина Николаева-Рудкевич завоевывает зрителей?

Крысціна НІКАЛАЕВА-РУДКЕВІЧ: «Голас мецца-сапрана менавіта для ракавых гераінь»

Поспех любіць настойлівых — ісціна слушная. Яе можна прымерыць да лёсу маладой опернай спявачкі, выкладчыцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, зоркі, якая загараецца на вачах, Крысціны НІКАЛАЕВАЙ-РУДКЕВІЧ. Таленавітая, разумная, прывабная — першае, што пасля знаёмства з ёй прыходзіць на розум. «Прывабнасць ва ўсім» — якраз той канёк, які артыстка лічыць самым важным у глядацкіх сімпатыях.




Як прынята казаць, лёсам распарадзіўся выпадак. Зусім яшчэ малой Крысціна за руку з мамай крочыла па родным горадзе Гомелі на кіслародныя кактэйлі ў дзіцячую паліклініку. Якраз насупраць — музычная школа. Цікаўная дзяўчынка з чатырох гадоў чытала кніжкі, тым больш звярнула ўвагу і на стракаты анонс ля школы, які клікаў дзяцей вучыцца.

— Я бадай з пялёнак давала канцэрты бацькам. Усаджвала іх на канапу, апранала нешта незвычайнае ці хоць хустку на плечы і танчыла, — раскрывае артыстка хобі дзяцінства. — І як убачыла аб’яву тую, стала прасіць бацькоў, каб аддалі ў музычную школу. Яны, па шчырасці, успрынялі просьбу не надта. Прафесійных музыкаў у нашай радні не было, але як не спраўдзіць жаданне любімай дачушкі?

Май. Цеплыня. Крысціна ў прыгожай ярка-жоўтай сукенцы. Мама і тата таксама ў святочных строях. Усе разам ідуць на праслухоўванне. Дакладней, праслухоўвацца ідзе дзяўчынка, бацькі ганарова суправаджаюць. Музычныя здольнасці Крысціну не падвялі. І шасцігадовае дзяўчо стала на першую прыступку сваёй прафесіі.

Затым пастаноўка голасу, удзел у хоры, вакальным і фальклорным ансамблях, асваенне баяна і фартэпіяна, заняткі танцамі пры Палацы культуры, гарадскія канцэрты, раённыя і абласныя конкурсы… Гэта і першыя апладысменты, і гонар бацькоў, сімпатыі аўдыторыі. А ў 14 гадоў Крысціна займела сапраўдную славу, калі з лёгкасцю прайшла ўсе этапы і стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Сузор’е надзей». Кожны адбор паказвала тэлебачанне, кульмінацыя — гала-канцэрт.

— Чатыры гадзіны на вялізных абцасах — добрая зорная загартоўка, — дзяўчына ўспамінае, як здымалі «Сузор’е…».

Крысціна Нікалаева ніколі не мітусіцца. І ніводная нотка ў голасе не выдае яе напружанасці, занятасці. Яна заўсёды разважлівая і памяркоўная, тым не менш клопатаў і спраў хапае. Справіцца з усім гэтым можна, калі правільна размеркаваць час. Крысціна гэта зразумела яшчэ падлеткам і, маючы высокую паспяховасць у звычайнай школе, атрымала два дыпломы ў музычнай. А з дзевяці класаў адкусіла кавалак дарослага жыцця — паступіла ў Гомельскі каледж мастацтваў на харавое аддзяленне.

— Гэта адказны крок, — расстаўляе акцэнты оперная спявачка. — А вышэйшай прыступкай прафесійнага развіцця пасля каледжа лічылася вучоба ў кансерваторыі.

Гэта цяпер падасца, што Крысціна Нікалаева заўсёды была такой рашучай і смелай. Некалі яна нават не мроіла штурмаваць кансерваторскія вышыні, якія здаваліся непадступным фарпостам. Калі б старшыня экзаменацыйнай камісіі на дзяржэкзамене па вакале, выкладчыца акадэміі музыкі, сама б не параіла дзяўчыне туды паступаць: «У вас мецца-сапрана — рэдкі голас».

Крысціну не напужалі наступныя сем гадоў вучобы. У 2017-м дзяўчына скончыла акадэмію музыкі з чырвоным дыпломам і, больш таго, засталася там па размеркаванні. Працуе выкладчыкам па сольных спевах і вакальным ілюстратарам. А ў дыпломе тры спецыяльнасці: спявак оперны, выкладчык і артыст хору.

Вялікі тэатр таксама калісьці быў марай для гамяльчанкі:

— Пратэкцыі ў музычнай сферы ў мяне ніякай. Усяго прыходзіцца дабівацца самой. Ганаруся, што размеркавалася ў альма-матар. Такая магчымасць выпадае не кожнаму. Да таго ж працую салісткай у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Пакуль у групе стажораў, але не пакідаю мары трапіць у штат.

Маладая артыстка падкрэслівае: вельмі рада, што ў кар’еры ўсяго дасягнула сама. Затое поспехі па-асабліваму цэніць, мацней імі даражыць. А кожную ролю не проста выконвае — пражывае. За гады вучобы сыграла ў операх «Яўген Анегін» і «Іаланта» Чайкоўскага, «Чароўная флейта» Моцарта. Цяпер у Вялікім рэпеціруе партытуру Дарабэлы па пастаноўцы «Так паступаюць усе» гэтага ж кампазітара. Пастаянна развучвае новыя партыі з опер, якія хацела б выканаць. А на дзяржэкзамене ў акадэміі музыкі сыграла Любашу з «Царскай нявесты» Рымскага-Корсакава.

— Ракавая роля… Усе такія ў вашым амплуа?

— Так павялося, што кампазітары голасам мецца-сапрана надзяляюць менавіта ракавых гераінь, вакол якіх разгараецца драма. Так і Любаша: атруціла саперніцу ў каханні, бо дзеля абранніка была гатовая на ўсё.

— Колькі часу займае падрыхтоўка оперы?

— Дакладна і не скажаш. Гэта залежыць ад яе складанасці, працаздольнасці вакаліста. Кожная партыя, або па-іншаму роля, — нават эпізадычная — неад’емная частка вялікага тэатральнага пазла. Оперныя пастаноўкі гучаць не толькі па-руску, але і па-італьянску, па-французску, па-нямецку.

— І як выканаць партыю на незнаёмай мове?

— Звяртаюся да слоўніка, бо нельга спяваць, не ведаючы значэння слоў. Ад разумення залежыць перадача эмоцый.

— Гэта ж тытанічная праца — паспрабаваць, так бы мовіць, на смак бадай кожнае слова.

— Канечне. А што бывае без працы?

Крысціна Нікалаева-Рудкевіч умее працаваць, таму і мае прызнанне, поспехі, званні. Лаўрэат конкурсу маладых выканаўцаў імя Станіслава Манюшкі, лаўрэат міжнароднай музычнай прэміі Еўразійскага эканамічнага саюза «БелБрэнд AWARD». Выступала з гастролямі ў роднай Беларусі, Расіі, Сербіі, Польшчы, Кыргызстане, Казахстане.

— Усюды глядач аднолькава прыемны, зараджае іскрай, якая ў артыста разгараецца ахвотай да сцэны, жаданнем здзіўляць, дарыць асалоду, — перадае адчуванні оперная дзіва.

Разам з тым няма сумнення, што ў сучасным шматгранным свеце глядач моцна патрабавальны, не любіць фальшу. І каб яго зацікавіць, артысту трэба быць усебакова прыцягальным. Інгрэдыенты прызнання Крысціна раскладае па палічках:

— Цікавасць гледача, як правіла, не прыходзіць сама па сабе. Па-першае, нельга губляць імпэту да прафесіі. Альбо ты любіш і хварэеш за яе, альбо плёну не чакай. Таксама артыст сімпатызуе талентам, паводзінамі, перакананнямі, знешнасцю. Словам, паважаюць і захапляюцца творчасцю ўсебакова прыцягальных. У гэтым упэўнена і стараюся адпавядаць.

Спявачка з ахвотай развіваецца не толькі на сцэне, але і ў іншых іпастасях жыцця. Напрыклад, паралельна з кансерваторыяй атрымала яшчэ адзін дыплом:

— Як па мне, то ў артыста і вядучага ёсць шмат агульнага, таму і скончыла Інстытут журналістыкі БДУ па напрамку аўдыёвізуальных СМІ. Гэта праца на камеру, развіццё маўлення, мовазнаўчыя, камунікатыўныя навыкі. Набыла добры вопыт.

Дадатковыя веды лішнімі не бываюць. Па сутнасці, гэта вердыкт для любой сферы дзейнасці, і для оперы таксама…

— Артысты — людзі вельмі адукаваныя, — не дае ўсумніцца Крысціна. — Як прыклад, важна ведаць эпохі, каб правільна перадаць задумку кампазітара. У цэлым праца над операй патрабуе нямала розуму. Пустога выступоўцу бачна няўзброеным вокам. Такога глядач не прыме.

— А за мяжой беларускую оперу прымаюць?

— Яшчэ як! Нашы салісты выступаюць на буйнейшых сусветных пляцоўках, перамагаюць у прэстыжных музычных конкурсах. Як свежы прыклад — беларускі тэнар стаў лаўрэатам славутага сусветнага спаборніцтва «Апералія». У Беларусі моцная прафесійная школа. Многія выпускнікі акадэміі музыкі прызнаныя за мяжой. Наш глядач не мае дэфіцыту ў якасці опер. І квіткі на іх адносна недарагія. Пабывала нядаўна ў піцерскім Марыінскім тэатры — цэны там іншыя.

— І дарэчы, пра фінансавы складнік. У культуры абагаціцца складана. Гэта не засмучае?

— Нельга ісці ў прафесію толькі за заробкам. Я яе выбірала па закліку душы. А калі работа ў задавальненне, то і фінансавы дабрабыт не прымусіць сябе чакаць.

— Мары ўдасканальваюць свет. А пра што марыце вы?

— Я і мару пра дасканаласць. Найперш — прафесійную.

Крысціна Нікалаева-Рудкевіч не толькі бачыць мэты, але і рэчаісна ідзе да іх. А значыць, мары збудуцца, і оперная спявачка абавязкова спасцігне нікім не спазнаную дагэтуль мяжу дасканаласці…

Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ»

Фота з архіва Крысціны НІКАЛАЕВАЙ-РУДКЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter