Крыштальны пацалунак на свята

У Мiжнародны дзень тэатра Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Янкi Купалы прымаў лепшых май-строў сцэны краiны. Галоўнай iнтрыгай свята стала ўручэнне крыштальных узнагарод, а таксама iмянных прэмiй Мiнiстэрства культуры Беларусi i Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. — Сёння ў культурным жыццi краiны адбываецца мноства значных падзей, — адзначыў у час цырымонii мiнiстр культуры Беларусi Уладзiмiр Матвяйчук. — Фестывалi з удзелам розных тэатральных калектываў праводзяцца ў гарадах нашай краiны. Беларускiя тэатры ставяць цудоўныя спектаклi, радуюць незабыўнымi прэм’ерамi. Толькi ў мiнулым годзе ў Беларусi было пастаўлена 1 тысяча 600 спектакляў. Дзевяць таленавiтых дзеячаў беларускай сцэны атрымалi дзяржаўныя ўзнагароды.

За адданасць нацыянальнаму тэатру i шматгадовую творчую дзейнасць прыз “Крыштальная Паўлiнка” быў уручаны народнаму артысту Беларусi, акцёру Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы Арнольду Памазану. Акцёр сорак гадоў прысвяцiў Купалаўскаму тэатру. Глядач ведае яго па ролях Чарнавуса ў “Хто смяецца апошнiм” К.Крапiвы, Гарыка ў “Пагарэльцах” А.Макаёнка, Адвернiка ў “Напiсанае застаецца” А.Петрашкевiча, Мiхалкi ў “Ажанiцца — не журыцца” братоў Далецкiх, М.Чарота), Буслая ў спектаклi “Парог” па п’есе А.Дударава...
— Я ўжо трыццаць пяць гадоў iграю пана Адольфа Быкоўскага ў спектаклi “Паўлiнка”, i мне здаецца, што гэты крыштальны прыз я заслужыў, — прызнаецца Арнольд Кандратавiч.
 “Крыштальны анёл” будзе ўпрыгожваць творчую майстэрню рэжысёра Гродзенскага тэатра лялек Алега Жугжды. “Крыштальная зорка” была ўручана артыстцы-вакалiстцы Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусi Людмiле Станевiч, а “Крыштальная кветка” — актрысе Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Максiма Горкага Веранiцы Пляшкевiч, якая з поспехам дэбютавала ў галоўнай ролi ў спектаклi “Укрощение строптивой”.
Лаўрэатам прэмii iмя Ларысы Александроўскай стаў кампазiтар Уладзiмiр Кандрусевiч. Прэмii iмя Iгната Буйнiцкага быў удастоены акцёр Драматычнага тэатра Беларускай армii Iгар Фiльчанкоў.
— Гэты акцёр не проста прафесiянал сваёй справы, — адзначыў мастацкi кiраўнiк Драматычнага тэатра Беларускай Армii, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусi драматург Аляксей Дудараў. — Iгар яшчэ i выдатны чалавек. Для яго не характэрны тэатральны бруд i пыл кулiс. Працаваць з iм — адна асалода. Ён стабiлiзуе ўсю трупу, з’яўляецца, можна сказаць, унутраным стрыжнем тэатра.
Рэжысёр Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Генадзь Мушперт атрымаў прэмiю iмя Еўсцiгнея Мiровiча. Лаўрэатам прэмii iмя Любовi Мазалеўскай стаў мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Валерый Рачкоўскi, прэмii iмя Кандрата Крапiвы  — тэатральны крытык, доктар фiлалагiчных навук Таццяна Арлова.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter