Крышку пра Клышку

Гэтае прозвішча ведаюць усе беларусы, якія пайшлі ў першы клас у 1969-м і пазней.

Гэтае прозвішча ведаюць усе беларусы, якія пайшлі ў першы клас у 1969-м і пазней. Якраз з таго часу ў школах займаюцца па яго “Буквары”, які перавыдаваўся не адзін дзясятак разоў. Анатоль Клышка вядомы не толькі сваімі букварамі. Ён даследуе беларускую літаратуру, піша казкі, складае языкаломкі, прыдумляе загадкі. А нядаўна Анатоль Канстанцінавіч быў узнагароджаны медалём імя Васіля Віткі як лепшы дзіцячы паэт. Над чым ён працуе сёння, чаму яму іншы раз не падабаюцца сучасныя літаратурныя загадкі і ці не перашкаджаюць яму камп’ютары і планшэты заваёўваць любоў дзяцей з дапамогай друкаваных кніжак?

— Анатоль Канстанці-навіч, мы ведаем вас у першую чаргу як аўтара “Буквара”. А якой сваёй работай вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Кожная праца па-свойму дарагая. Але над “Букваром” я найдаўжэй працаваў. Я пішу яго з 1969 года! З тых часоў мой “Буквар” перажыў больш за сорак перавыданняў. У школах з беларускай мовай навучання ён адзіны, у адрозненне ад майго рускага буквара, у якога ёсць канкурэнты. Напісаў я і польскі буквар — для польскамоўных класаў. Беларускамоўны “Буквар” выходзіць хіба не кожны год. Гэта не проста перавыданні. Кожны раз буквары перапрацоўваюцца, удасканальваецца методыка.

Вось як, напрыклад, правільна навучыць дзіця складоваму чытанню? Ва ўсіх падручніках прапануецца спачатку вывучыць галосныя, а потым зычныя адну за другой. На мой погляд, гэта неэфектыўна. Дзеці прачыталі на ўроку “ма, му, мы” — і тут жа забыліся. А ў мяне літары пачынаюць вучыць з зычных. Калі дзіця ведае зычныя, яму прасцей прачытаць і запомніць склады з адной галоснай “ба, ва, ла, на”. Дзіця лёгка чытае, няма ніякай нервовасці. Памятаю, як сам пайшоў у школу ў шэсць гадоў. І ўсё проста, здаецца, было. А пасля прыйшлі выхадныя, задалі аж тры старонкі тэксту. Ай-яй-яй, падумаў, нашто гэта я пайшоў у школу? (Усміхаецца.) Так цяжка было! А па маёй методыцы я і праўнучку ў чатыры гады лёгка навучыў чытаць. Дарэчы, мой “Буквар” узнагароджваўся залатым медалём Міжнароднай Лейпцыгскай выставы ў 1977 годзе, сярэбраным медалём на ВДНГ СССР, а ў 1999 годзе ён атрымаў першую прэмію на конкурсе “Падручнік года”.

— Нядаўна вас узнагародзілі медалём імя Васіля Віткі — самай прэстыжнай адзнакай у галіне дзіцячай літаратуры. За якія канкрэтна заслугі вы яго атрымалі?

— За вершаваныя загадкі, якія былі надрукаваны ў першым нумары “Вясёлкі” за мінулы год, з майго зборніка “Тысяча арэшкаў”. На жаль, апошнім часам літаратурная загадка неяк паблякла. Жаданне, каб дзіця абавязкова адгадала загадку, стрымлівае яе парадаксальнасць, інтэлектуальны спрыт, прыхаваную двухзначнасць, хітраватасць. Сучасныя загадкі становяцца вельмі ўжо прадказальнымі: “Што мы на галаву надзяём, калі ўзімку на двор ідзём?” Як тут не адгадаць! Канешне, гэта шапка.

Успамінаюцца словы вялікага педагога Ушынскага, які казаў, што не самае галоўнае, каб дзіця адгадала загадку. Важна, каб яно ўмела прыкласці адгадку да загадкі, патлумачыць, чаму гэтая загадка мае тую ці іншую адгадку. Загадкі павінны развіваць творчае мысленне, мастацкае светаўспрыманне, вучыць роднай мове.

Каб дзіця адчула смак роднага слова, я выпусціў яшчэ адну кніжку “Прыгаршчы языкаломак” — зборнік скорагаворак, ці языкаломак, на ўсе гукі беларускай мовы: “У бабра торба дабра. Добра бабру: у бабра торба дабра”. Дарэчы, некаторыя языкаломкі маюць форму, загадкі: “Колькі вішняў Насця можа з’есці нашча?”. Быў бы вельмі рады, калі б дзіця адказала “адну”, бо другая вішанька ўжо будзе не нашча.

— Анатоль Канстанцінавіч, што або хто натхняе вас на напісанне той ці іншай кніжкі?

— У мяне трое дзяцей, дачакаўся ўжо і праўнучкі, значыць, згодна з народнымі павер’ямі, у раі буду. (Усміхаецца.) Падрастаюць дзеці — ты іх вучыш чытаць, лічыць, забаўляеш іх казкамі ды загадкамі. А міжволі ўзнікаюць ідэі для кніг. На жаль, сёння дзеці слаба ведаюць беларускую мову, таму што на ёй не размаўляюць у сем’ях. Я склаў дапаможнік з малюнкамі “Чую, бачу, гавару”, які, дарэчы, можа быць карысны і для бацькоў. Справа ў тым, што сёння шмат чаго выдумляюць, кажуць, да прыкладу, “добрай раніцы”, хоць ніхто ніколі на беларускай мове так не вітаўся. Не знойдзеце гэтага выразу ні ў Коласа, ні ў Купалы. Яго прыдумалі ўжо пасля вайны. А здаўна ў нас віталіся “добры дзень”, “добрага дня”. Бо ў нас не світае, а днее. І мяне так заўсёды будзілі раніцою: “Уставай, ужо дзень!”.

— Чым вы кіраваліся, выбіраючы для дапаможніка тыя або іншыя словы?

— Перад тым як узяцца за дапаможнік, прагледзеў шэраг аналагічных замежных выданняў, дзе лексіка згрупавана тэматычна: сям’я, дом, агародніна, колеры, космас і гэтак далей. Праўда, мне вельмі хацелася не ўпусціць чыста беларускія рэаліі, таму з’явіліся ў мяне такія раздзелы, як народная творчасць, старыя замкі Беларусі, талака, Дзяды, Калядкі — вясёлыя святкі, Купалле і іншыя. Тлумачэнне слова даецца не толькі праз малюнак, але і праз жыццё яго ў сказе, дзе ёсць месца і досціпу, і гумару, і здзіўленню. Да прыкладу, ёсць у кнізе такая старонка: “Пра што мараць звяры?”. І даецца адказ: вавёрка — пра абцугі для арэхаў, бабёр — пра электрапілу, заяц — пра ракету, каб уцякаць ад лісы, крот — пра земляробчую машыну.

— Над чым вы працуеце зараз?

— Завяршыў работу над перакладам са старажытнагрэчаскай на беларускую мову Новага Запавету, якую пачаў яшчэ гадоў дваццаць таму. Тады ідэю перакласці Евангелле падтрымаў рэдактар часопіса “Спадчына” Іван Чыгрынаў. Дазвол на друкаванне прасілі аж у ЦК. Працаваць было складана, бо тады толькі-толькі распрацоўвалася тэрміналогія. Вось як перакласці на беларускую мову слова “благословение”? Блага — па-нашаму дрэнна. Пісалі “бласлаўленне”. Сёння з’явілася ўжо слова “добраслаўленне”. Але многія ўсё роўна па-ранейшаму ўжываюць “благаслаўленне”. Гэтак жа кепска думаць, што ў мове дзесяцімільённага беларускага народа не знойдзецца свайго адпаведніка да “благадаці”. Гэта “Боская ласка”, або “ласка Божая”. Выкарыстоўваюцца, асабліва ў праваслаўнай літаратуры, такія небеларускія словы, як “суцяшыцель”, “вучыцель” і іншыя. Хочацца верыць, што пера-кладзенае мной Евангелле, якое неўзабаве павінна выйсці кнігай, дапаможа справіцца з гэтай моўнай блытанінай.

— Анатоль Канстанцінавіч, наколькі мэтазгодна выдаваць кнігі ў стагоддзе камп’ютараў і інтэрнэту?

— Кніга ёсць кніга. Сёння назіраецца такая тэндэнцыя, што людзі імкнуцца і да друкаванага слова. Але галоўнае тое, што ёсць гэтыя самыя языкаломкі, загадкі, казкі. А дзе яны — у кнізе, на планшэце ці на экране камп’ютара — не так важна.

 Загадкі ад Анатоля КЛЫШКІ:

Цёхкае па-салаўінаму,
клякоча па-буслінаму,
гаўкае па-сабачы.
Ніхто яго не бачыць.
* * *
Аркан
палез на паркан
і апарасіўся.
* * *
Паспрабуй адгадаць:
у пакоі акно.
Што робіцца ў свеце, відаць,
што ў двары — не відно.

(Тэлевізар)
(Гарбуз)
(Рэха)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter