Крыніца важнейшых тэм

ДА АЗНАЧЭННЯЎ «першы», «першыя» ў гэтых месцах, думаецца, прывыклі. Воляй лёсу і абставін тутэйшым землям наканавана быць першымі. Яшчэ далёка да знакамітай стэлы, калі ехаць з Мінска ў рэгіён, вас па-дарожнаму вітаюць легкавікі і цяжкагрузы з адзіначкай на нумарных знаках — гэта якраз прадстаўнікі Брэсцкай вобласці.

Група літаратараў грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і журналістаў рэспубліканскіх выданняў пабывала на Берасцейшчыне

ДА АЗНАЧЭННЯЎ «першы», «першыя» ў гэтых месцах, думаецца, прывыклі. Воляй лёсу і абставін тутэйшым землям наканавана быць першымі. Яшчэ далёка да знакамітай стэлы, калі ехаць з Мінска ў рэгіён, вас па-дарожнаму вітаюць легкавікі і цяжкагрузы з адзіначкай на нумарных знаках — гэта якраз прадстаўнікі Брэсцкай вобласці.

Першай Берасцейшчына адчыняе вароты і для гасцей нашай краіны.

Зноў жа першай сюды, на Прыпяцкае Палессе, прыходзіць вясна-красуня, і як сведчанне таму найперш на гэтыя абшары прылятаюць белакрылыя буслы — светлы сімвал Беларусі.

Але не толькі алфавітная ці геаграфічная «прывязка» вылучае Брэстчыну ў першасны статус. Імкненне да лідарскіх пазіцый ніколі не пакідала жыхароў вобласці. І яны даказвалі гэта сваёй працай, яе вынікамі. Вось і летась, як заўважыў на сустрэчы з пісьменніцкім дэсантам старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, абмінаючы крызісныя перашкоды, узровень прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці ўдалося павысіць у параўнанні з папярэднім на 5—6 працэнтаў, аб’ём валавога рэгіянальнага прадукта таксама ўзрос на 5 працэнтаў. Вобласць штогод прадае прадуктаў харчавання прыкладна на адзін мільярд долараў ЗША, бо толькі каля 40 працэнтаў яго дастаткова для ўнутранага спажывання. Астатняе, калі ласка, купляйце. Апошнім часам рэгіён актыўна ўключыўся ў справу мадэрнізацыі прамысловай вытворчасці і ўжо мае пэўныя напрацоўкі.

Не пакідаюць улады без увагі і культурна-асветніцкую дзейнасць, літаратурны працэс, імкнуцца падтрымаць кожнага творцу. Вось толькі адзін яскравы прыклад. Аблвыканкам наладзіў конкурс, у якім удзельнічаюць мясцовыя аўтары, лепшыя творы адзначаюцца прэміямі. Разам з тым кіраўніцкія структуры спадзяюцца на больш дзейсны ўдзел пісьменнікаў у патрыятычным выхаванні моладзі, у фарміраванні іх як людзей сваёй зямлі, свайго краю, ва ўмацаванні сямейна-шлюбных адносін. Больш цесныя стасункі з берасцейцамі і павінны стаць крыніцай натхнення на новыя творчыя пошукі.

Між іншым размова на гэтыя актуальныя тэмы прадоўжылася ў сценах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. У знакамітай навучальнай установе багата разнабаковых напрацовак па навучанні і выхаванні студэнтаў, але гасцей найбольш уразіў багаццем калекцыі экалагічны цэнтр. Тут праводзяцца лабараторныя даследаванні, штогод сюды завітваюць каля 20 тысяч брастчан і гасцей горада, тут людзі атрымліваюць дадатковы імпульс натхненню, задавальняюць сваю цікаўнасць, вучацца любіць і даглядаць прыгожае.

Даніну павагі абаронцам Брэсцкай крэпасці-героя дэлегацыя аддала ўскладаннем кветак да Вечнага агню і мінутай маўчання. Як справядліва заўважыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, Брэсцкая крэпасць — сімвал мужнасці не толькі жыхароў вобласці, а ўсіх куткоў некалі неабдымнай савецкай зямлі. І ў той жа час яна — прыклад усяму свету, на якія ахвяры гатовы ісці нашы людзі, каб абараніць сваю свабоду.

Зрэшты, Мікалаю Чаргінцу падчас сустрэч на Берасцейшчыне не аднойчы выпадала нагода тлумачыць пазіцыю, погляд на тыя ці іншыя грамадскія з’явы, адказваць на пытанне, у чым сэнс падобных паездак. А між іншым ідэя часцей бываць літаратурным творцам, як кажуць, у гушчыні народа, належыць Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку. Ён агучыў яе, прымаючы некалі ў сваёй рэзідэнцыі кіраўніцтва пісьменніцкага саюза. І вядома ж, меў рацыю.

Дзе, як ні найперш у абласцях і раёнах, у беларускай глыбінцы, пісьменніку шукаць прататыпы сваіх будучых герояў, хто, як ні працоўны калектыў, вылучае такіх людзей, акрэслівае іх паводзіны, зносіны з калегамі, аб’ектыўна ўзважвае і ацэньвае зробленае.

Дзелавы мікраклімат, важкія здабыткі характарызуюць сённяш- нюю работу такіх брэсцкіх арганізацый, як лікёра-гарэлачны завод «Белалка», фірма «Санта-Брэмар», аграсядзіба «Рынькаўка», дзе пісьменнікі мелі магчымасць пабываць ці сустрэцца з іх прадстаўнікамі. У другім пасля абласнога цэнтра Берасцейшчыны гора- дзе — Баранавічах — старшыня гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі да гэтага пераліку дабавіў яшчэ з дзясятак паспяховых прадпрыемстваў.

Так ужо, відаць, паклапаціліся арганізатары турнэ, каб яго маршрут пралягаў менавіта праз самыя знакамітыя прадпрымствы. Такія як 558-мы Авіяцыйны рамонтны завод у Баранавічах. Гісторыя яго пачалася ў 1941 го- дзе, а прадаўжаецца ў добрых справах і ў нашы дні, калі калектыў прадпрыемства вяртае новае жыццё самалётам і верталётам розных тыпаў і па праву з’яўляецца адным з буйных і эфектыўных аналагічных прадпрыемстваў на прасторах СНГ.

Адметнай асаблівасцю Баранавічаў можна лічыць шчыльнае шэфства над сельскай гаспадаркай. Цяпер у сферы дапамогі гараджан знаходзяцца аж тры раёны Брэстчыны. Паводле таго ж Віктара Дзічкоўскага, прадпрыемствы горада ўдзельнічаюць у будаўніцтве, рэканструкцыі жывёлагадоўчых ферм, аказваюць падтрымку вяскоўцам тэхнікай, людзьмі падчас сяўбы, жніва, уборкі ўраджаю ўсіх культур. Інакш кажучы, ніводны зварот у гарвыканкам кіраўнікоў аграрных арганізацый не застаецца без увагі і адпаведнага рашэння.

І зразумела, з паўсядзённых клопатаў улады пра вытворчасць, пра дабрабыт людзей не выпадаюць праблемы культуралагічнага кшталту, падрыхтоўкі кадраў, выхавання моладзі. Зноў, як і ў Брэсце, на сустрэчы ў Баранавіцкім дзяржаўным універ- сітэце пісьменнікі адчувалі інтарэс юнакоў і дзяўчат да беларускай літаратуры, роднага слова.

Не сёння, дык заўтра гэтыя, як і многія іншыя, праблемы знойдуць сваё адлюстраванне ў творах літаратараў. На сацыяльна-выхаваўчую хвалю настройваюць сябе самі пісьменнікі, такія ж пажаданні гучалі і ад многіх чытачоў — прадстаўнікоў розных груп жыхароў прыхільнай да роднага слова Берасцейшчыны.

Мікалай КАРОЛЬ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter