Рэпрадукцыі карцін Мікалая Селешчука выставяць пад адкрытым небам.

Крыху сюррэалізму Мінску не пашкодзіць

Праект “Мастак і горад” добра вядомы жыхарам і гасцям Мінска. Ужо чацвёрты год запар плошча Якуба Коласа ператвараецца ў галерэю openair. У 2012 годзе тут выстаўляліся рэпрадукцыі карцін Марка Шагала, у 2013-м праект быў прысвечаны творчасці Казіміра Малевіча, а летась свае жывапісныя і графічныя работы дэманстравалі сучасныя беларускія мастакі.



Сёлета ў цэнтры Мінска будуць экспанавацца рэпрадукцыі карцін Мікалая Селешчука — аднаго з першых прадстаўнікоў беларускага сюррэалізму, самабытнага мастака ХХ стагоддзя, папулярнага графіка і ілюстратара, нашага Сальвадора Далі. Карціны Селешчука не раз адзначаліся на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах выяўленчага мастацтва. У 1989 годзе мастак быў узнагароджаны залатым медалём і дыпломам біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе, у 1993-м стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Двойчы яму прысвойвалася ганаровае званне “Чалавек года ў мастацтве”.

Сялянскі хлопец родам з Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці здолеў не толькі выбіцца ў людзі, але і стаць майстрам сусветнага ўзроўню. Сёння яго карціны захоўваюцца ў прэстыжных мастацкіх музеях Заходняй Еўропы і ЗША, у прыватных калекцыях. На жаль, ужо амаль дваццаць гадоў Мікалая Селешчука няма з намі — у 1996 годзе ён трагічна загінуў у водах Тырэнскага мора, не дажыўшы нават да пяцідзесяці гадоў.

Праект “Мастак і горад” стане добрай магчымасцю ўспомніць таленавітага мастака і бліжэй пазнаёміцца з яго творчасцю. На выставе, якая адкрыецца на плошчы Якуба Коласа 14 мая, будуць прадстаўлены 30 рэпрадукцый карцін Селешчука з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Беларускага саюза мастакоў, Магі-лёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, таксама з прыватных. Сярод работ — “Хроніка аднаго вечара”, “Партрэт дзяўчынкі”, “Дарога дадому” і многія іншыя.

Экспазіцыя пад адкрытым небам будзе суправаджацца тэкставым апісаннем на рускай, беларускай, англійскай мовах. Убачыць выставу можна будзе да 10 верасня.

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter