«Школа» для iнвалiдаў: як людзі, якія апынуліся ў калясцы, вучацца жыць нанова

Круты віраж жыцця

Яшчэ ўчора чалавек хадзіў і бегаў, але здарылася трагедыя, і сёння ён — у інваліднай калясцы. Як знайсці ў сабе сілы, каб прыстасавацца да новага стану, прыняць лёс і пачаць будаваць жыццё наноў. Каб дапамагчы людзям, якія апынуліся ў такой сітуацыі, у Мінску ў чарговы раз адкрылі лагер актыўнай рэабілітацыі. Карэспандэнт «Р» пабывала ў iм у першыя дні з адкрыцця.

Арцём Найдзен асвойвае тэхніку язды на калясцы
Фота Артура ПРУПАСА

Арцём Найдзен прыехаў у лагер з Бярозаўкі. Яму 30 гадоў. Два гады таму яго жыццё, як любяць казаць у кнігах, падзялілася на «да» і «пасля». Арцём спакойна ўзгадвае аб той ночы. Прадчування ніякага не было. Ён сеў на матацыкл і паехаў у цемру. Шок, боль, ніжняя частка цела не адчуваецца – такімі ён памятае першыя секунды пасля трагедыі. Медыкi доўга не казалі аб прагнозах. А ён верыў: яшчэ два-тры месяцы – і ён зноў зможа хадзіць. Арцём пры­ўздымаецца з інваліднай каляскі, спрабуе ўладкавацца ямчэй:

— У мяне ж жонка, дзіця, уласны бізнэс, захапленне велатрыялам – пераадоленнем перашкод на ровары. Якая яшчэ інвалідная каляска?!

Усвядоміць, прыняць, пачаць жыццё з новага ліста — у кагосьці на гэтыя працэсы сыходзяць гады, у кагосьці — жыццё. У лагеры актыўнай рэабілітацыі дапамагаюць пераадолець гэты этап найменш балюча.

Арцём Найдзен адзін з нямногіх, хто змог хутка ўзяць сябе ў рукі. Ён па-ранейшаму вядзе бізнес — у яго магазін адзення. Ездзіць у падарожжы, толькі нядаўна вярнуліся з Варшавы. Больш таго, зараз яны ра­зам з жонкай хочуць стаць бацькамі ў другі раз. Дарэчы, у лагеры для курсантаў ўжо запланавана лекцыя на тэму сэксуальных адносін у інваліднай калясцы. Арцём плануе яе наведаць.

Старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-каля­сачнікаў (РАІК) Яўген Шаўко кажа, што з курсантамі мэтанакіравана абмяркоўваюць даволі далікатныя тэмы:

— Сэкс, дзетародства, сама­гігіена, рашэнне ўралагічных праблем. Людзі саромеюцца пра гэта нават пытацца, а мы расказваем без хітрыкаў. Таксама абавязкова тлумачым правы і льготы інвалідаў-калясачнікаў.

Намеснік старшыні РАІК Іна Дзігілевіч падморгвае:

— У лагер у якасці вы­кладчыкаў і інструктараў запрашаем паспяховых людзей, якія рухаюцца на калясках. У нас ёсць інструктары, якія прыязджаюць на заняткі на шыкоўных аўта­мабілях. У іх ёсць сем'і, праца, захапленні. Напрыклад, некаторыя займаюцца парашутным спортам. Калі курсанты ўжывую размаўляюць з чэмпіёнамі, бізнес­менамі, з людзьмі, якія, зна­ходзячыся ў інва­ліднай калясцы нарадзілі дзіця, яны разумеюць, што жыццё працягваецца.

Напрыклад, інструк­тару Віктару Захар’еву можна смела здымацца ў глянцавым часопісе. Моцны торс, стыльная прычоска, сучасная адзенне. Для яго інвалідная каляска — не перашкода для самарэалізацыі. Тут ён праводзіць заняткі па плаванні. Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі лагера атрымалі так званыя траўмы нырца. А цяпер уявіце, як нялёгка інструктару пераканаць чалавека пераадолець страх і зноў пагрузіцца ў ваду. У лагеры таксама праводзяць заняткі па стральбе з лука, тэнісе, аэробіцы, баскетболе.

Інструктары Віктар Захар'еў і Станіслаў Андрыянаў паказваюць курсантам, як правільна апусціцца на падлогу з інваліднай каляскі, а потым з яе падняцца. Дарэчы, у якасці настаўнікаў у лагеры выбіраюць выключна паспяховых людзей, каб яны сваім прыкладам матывавалі пачаткоўцаў

Яўген Шаўко абавязкова падбадзёрвае пачаткоўцаў:

— Нашы курсанты – людзі, стаж інваліднасці якіх — не больш трох гадоў. Чаму такія часовыя рамкі? Яны фізічна ўжо акрыялі пасля траўмы, але цяпер ім трэба пачынаць жыццё з чыстага ліста. Лагер доўжыцца 10 дзён. За гэты час усе ўдзельнікі атрымліваюць неабходныя веды па самастойным жыцці ў інваліднай калясцы. Вучацца ёю кіраваць, займацца фізкультурай, спортам, авалодваюць навыкамі самаабслугоўвання.

Арганізатарам лагера выступае РАІК пры падтрымцы Мінспорту і турызму і Мінпрацы i сацыяльнай абароны. Пражыванне, харчаванне, лекцыі, трэніроўкі — усё гэта для ўдзельнікаў бясплатна. Прычым людзі, якія не малі раней інваліднай каляскі актыўнага тыпу, бяруць яе тут для пастаяннага карыстання.

Курсантка Святлана не толькі зрабіла свой першы ганаровы круг на новай калясцы, але і пабывала на трэніроўцы па яздзе:

— Навучылася балансаваць на задніх колах. Неўзабаве змагу пераскокваць праз лужыны.

Памочнік старшага інструктара Андрэй Чачот паказвае пляцоўку для трэніровак:

— Бачыце, ўсталёўваем імпра­візаваныя лесвіцы, бардзюры, перашкоды. Кожны навык павінен быць прапрацаваны. Але гэта, як і з яздой на машыне: упэўненасць і вопыт прыйдуць толькi апасля.

Удзельнікі лагера з цікавасцю наведваюць трэніроўкі па сама­абслугоўванню. Людзі прывыкаюць, што сваякі дапамагаюць ім апранацца, купацца, а ў некаторых выпадках — нават прымаць ежу. А тут бурацца стэрэатыпы: нічога падобнага, усё гэта вы можаце рабіць самастойна. А калі ў наяўнасці якія-небудзь праблемы з маторыкай, ёсць прыстасаванні, якія робяць жыццё лепш.

На трэнінгах паказваюць звычайныя прадметы, адаптаваныя для людзей з інваліднасцю. Некаторыя з іх можна нават зрабіць самастойна. Напрыклад, гэты трымальнік для тэлефона раздрукавалі на 3D-прынтары

Інструктар Дзяніс Васілевіч паказвае трымальнік для тэлефона, расчоскі, пілачкі для пазногцяў. Здавалася б, звычайныя прадметы, але адаптаваныя для людзей з інваліднасцю. Тыя, хто атрымаў траўму нядаўна, аб такіх ноў-хаў могуць і не ведаць. Дзяніс працягвае спецыяльныя наборы посуду з высокімі сценкамі і нахільным дном — ежа не вывальваецца і не праліваецца. Потым дэманструе лыжкі і відэльцы з папружкамі для фіксацыі. Аказваецца, калі прадумаць «начынне» кватэры для інваліда-калясачніка, чалавек будзе мінімальна адчуваць нязручнасці. Бо ўжо ёсць і пры­стасаванні для адчынення дзвярэй, і спецыяльныя насадкі для ўнітаза, і пад'ёмнікі для ванны.

Пакуль я глядзела прыстасаванні, скончыліся заняткі па тэхніцы язды на калясках. Курсанты паспяшаліся на аэробіку. Дарэчы, заняткі вядзе чэмпіёнка свету і Еўропы па танцах на калясках і майстар спорту міжнароднага класа Ганна Гарчакова. Злавіла сябе на думцы, што яе запал абавязкова натхніць і настроіць на пазітыў тых, хто яшчэ ўчора не бачыў святла ў канцы тунэлю.

azanovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter