Самага вялікага ў краіне каляднага павука сабралі ў Пружанах

Круцiцца-верцiцца над галавой

Самага вялікага і загадкавага каляднага павука, складзенага з 444 модуляў, зрабілі студэнты з Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна пад кіраўніцтвам сваёй выкладчыцы Марыны Марчук. Прэзентацыя саламянай канструкцыі і Калядная вечарына адбудуцца ў нядзелю 24 снежня ў культурна-адукацыйным цэнтры «Вясковы рэнесанс» на Пружаншчыне.

Загадчыца аддзела традыцыйнай культуры ўстановы «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр» Ларыса Быцко расказала, што працавалі над саламяным павуком ажно два месяцы:

— Кіраўнік гэтага цудоўнага праекта Марына Марчук — фантастычны, густоўны майстар. Менавіта яна крапатліва шчыравала са сваімі студэнтамі. І мы з мужам Аляксандрам таксама маем у гэтым праекце свой унёсак.

Марына Марчук назвала прыкладную вагу павука:

— Думаю, кілаграмы два. Бо пайшло амаль тры снапы саломы ды тры клубкі нітак. Майстры па саломцы звычайна робяць невялікіх павучкоў, таму смела кажу: большага, чым у нас, у краіне не знойдзеце!

Саламяныя павукі — дэкаратыўныя падвесныя канструкцыі з саломкі, якія з даўніх вякоў нашы продкі вешалі ў чырвоным куце хаты падчас калядных свят. Ад нябачнага руху паветра павук круціцца ў розныя бакі, таму здаецца, што канструкцыя — жывая. Задача павука – сабраць негатыўную энергію з хаты. Звычайна праз год павука кідалі ў агонь, каб разам з ім сышло зло.

— Няўжо спаліце? — пытаюся ў Ларысы Быцко.

— Спалім старога, а як жа ж! Гэты будзе жыць, як мінімум, да наступных свят. Ён цудоўны, скажу вам. Гэта наш беларускі фэншуй. Дык навошта нам чужыя сімвалы, калі ёсць свае?

Valentinak3@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter