В Городокском районе сгорел древний храм

Кропку ў спрэчках паставіў агонь

Драўляны цуд, які не знішчылі дзве вайны, згубіла чалавечая неахайнасць.

Напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў, які адзначаўся 18 красавіка, на Гарадоччыне здарылася сумная і нечаканая падзея. Раён згубіў адну з найцікавейшых архітэктурных каштоўнасцей — храм Святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Рамні.

Такім быў храм да пажару.

Незвычайны для спрадвечна праваслаўнай мясцовасці касцёл заўжды прывабліваў вандроўнікаў і аматараў даўніны. Шэдэўр драўлянага дойлідства ў Межанскім сельсавеце даводзілася бачыць і мне падчас камандзіровак у гэты надзвычай маляўнічы куток паўночна-ўсходняй глыбінкі з бяскрайнімі лясамі, мноствам азёр, старажытнымі курганамі і гарадзішчамі.

Па іроніі лёсу касцёл выстаяў у часы ваеннага ліхалецця, калі тут праходзілі жудасныя баі, палалі цэлыя вёскі, і быў знішчаны падчас навядзення парадку на тэрыторыі вёскі. Па версіі Следчага камітэта, помнік архітэктуры згарэў з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні смецця. Многія, каму давялося бачыць ці чуць пра гістарычную каштоўнасць, напэўна, задаваліся пытаннем: адкуль з’явіўся храм і чаму помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння заставаўся нікому не патрэбным?

Храм пабудавалі ў канцы ХIX cтагоддзя латышскія перасяленцы. Большасць з іх з’явілася на Віцебшчыне пасля адмены прыгоннага права. Беларускія землі прываблівалі заходніх суседзяў у першую чаргу сваім танным коштам. Таму і шукалі тут лепшай долі працавітыя гаспадары. Яны жылі абасоблена, на водшыбе. Адна з найбольш вядомых «латышскіх калоній» — Паташня ў Гарадоцкім раёне.

Перасяленцы для сваіх дзяцей пабудавалі школу. Навучанне вялося на этнічнай мове. Установа з’явілася дзякуючы фінансавай падтрымцы адного з першых перасяленцаў Марціна Вента. Сын землеўладальніка Аўгуст пабудаваў у Гарадку першы нафтавы млын. У сярэдзіне 1990-х падчас зямельных работ быў знойдзены скарб заможнага па тых часах млынара. Яго перадалі ў абласны музей.

Касцёл узведзены на мураваным фундаменце XVIII стагоддзя, адносіўся да адназрубавых культавых пабудоў і ўяўляў сабой спалучэнне класіцызму з рысамі стыля мадэрн і псеўдарускага. Менавіта тут доўгі час маліліся латышы, якія былі па веравызнанні лютэранамі.

Ідэалагічная барацьба з кулацтвам на вёсцы і сталінскія рэпрэсіі не абышлі латышскіх перасяленцаў. Яны вызначаліся гаспадарлівасцю, практыкавалі наватарскія метады землекарыстання. Не ўсе сем’і паспелі знайсці паратунак за мяжой. Сведак тых падзей на Гарадоччыне не знайсці. Храм Святых апосталаў Пятра і Паўла да нядаўняга часу быў адзіным напамінам пра лёс прыбалтаў на Гарадоччыне. Хваля атэізму не пашкадавала касцёл. Сцены, у якіх раней гучалі малітвы, калгаснікі прыстасавалі пад сховішча для зерня і ўгнаенняў.

На касцёл зноў звярнулі ўвагу ў канцы ХХ — пачатку ХХI стагоддзя. Знакаміты навуковец Анатоль Дарафееў, ураджэнец Гарадоччыны, які ў свой час шмат зрабіў для таго, каб увекавечыць на малой радзіме памяць Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тарас на Парнасе», заклапаціўся лёсам храма. Знайшліся спонсары з нямецкага дабрачыннага фонду, якія не выключалі магчымасці рэстаўрацыі занядбанай, але яшчэ крэпкай пабудовы. Зацікавіліся гэтым і палякі. Аднак у мясцовай улады на той час былі іншыя віды на лёс помніка архітэктуры. Было вырашана перадаць храм Віцебскаму епархіяльнаму ўпраўленню з мэтай рэстаўрацыі для правядзення ў ім богаслужэнняў, бо каталікоў на гэтых землях не засталося.

Праваслаўная царква нават пачала праводзіць рамонт. Аднак перабудаваць касцёл пад культавы праваслаўны храм немагчыма без парушэння арыгінальнай гістарычнай архітэктуры. Па хадайніцтве ўпраўлення культуры аблвыканкама самавольныя работы забаранілі. Пасля скандалу спрэчкі вакол гістарычнага помніка заціхлі, і ён зноў быў адданы забыццю. Пабудову вырашылі закансерваваць. У свой час былі прапановы перавезці храм у Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, але…

Зараз маем тое, што маем. Драўляны цуд, які не згубілі дзве сусветныя вайны, у мірны час чалавечая неахайнасць за лічаныя мінуты ператварыла ў гару чорнага друзу.

zakharov@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter