Кропка звароту

У Мінску выставяць канфіскаваныя творы мастацтва і антыкварыят

Творы мастацтва і прадметы антыкварыяту, канфіскаваныя пры спробе незаконнага вывазу іх за мяжу, пакажуць у Мінску

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі сёння адкрываецца выстава, якая прэзентуе збор Музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Гэта філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея і адзіны ў Беларусі і на тэрыторыі СНД музей, дзе сабраны творы мастацтва і прадметы антыкварыяту, канфіскаваныя пры спробе незаконнага вывазу іх за мяжу.

На выставе будзе прадстаўлена больш за 300 помнікаў гісторыі і культуры, твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якім пашанцавала вярнуцца з небыцця і заняць пачэснае месца ў экспазіцыйных залах.

Як паведамілі «Р» у музеі, экспазіцыя складаецца з помнікаў нумізматыкі і баністыкі VІ—ХХ стст. — манет Візантыі, еўрапейскіх краін, Рэчы Паспалітай і інш. Калекцыя прадметаў з каштоўных металаў прадстаўлена паясамі і кінжаламі працы майстроў Паўночнага Каўказа, сярэбранымі партсігарамі і іншымі вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Экспануюцца творы мастацтва краін Усходу, сярод якіх кітайскія дэкаратыўныя накладкі, сярэднеазіяцкі посуд з медзі і іншае. Заходнюю Еўропу прадстаўляюць рыжскі хрусталь, вытанчаныя прадметы побыту і посуд, графіка. Адной з найбольш цікавых частак экспазіцыі з’яўляецца калекцыя абразоў ХVІІІ—ХХ стст. Дапаўняюць яе ўзоры растоўскай фініфці і рускага меднага ліцця, рарытэтныя кніжныя выданні.

Выстава «Выратаваныя каштоўнасці» дзейнічае ў рамках доўгатэрміновага выставачнага праекта «Культура не ведае правінцыі», мэта якога — паказаць унікальныя музейныя калекцыі абласных і раённых музеяў краіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter