Хвілінка гісторыі

Аўтамабіль пад’язджае да Тупішскай гары — аднаго з пунктаў Дугі Струвэ. Перад вачыма ва ўсёй красе паўстае мясцовая ўзгорыстая прастора. Мяне суправаджае метадыст Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік, дарэчы, да бяспамяцтва ўлюбёны ў гісторыю і традыцыі роднага краю ўраджэнец Ашмяншчыны.
Згодна з гістарычнымі звесткамі, праз тэрыторыю нашай краіны ў свой час праходзіла аж трыццаць чатыры пункты дугі, аднак на сёння знойдзена толькі дваццаць. Усе яны ўнесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны, а каля пяці з іх, што знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКА, устаноўлены памятныя гранітныя знакі.
Тупішская гара, на якую давялося паднімацца пешшу, узвышаецца на трыста адзінаццаць метраў над узроўнем мора. А над самай высокай яе кропкай узнялася своеасаблівая трубчастая піраміда.
— У кожнай краіны пункты Дугі Струвэ адзначаюцца адметнымі знакамі. У нас гэта вось такія своеасаблівыя маякі-піраміды. Увогуле на тэрыторыі Ашмянскага раёна размясціліся цэлыя тры пункты сусветна вядомага геадэзічнага аб’екта, — уводзіць у курс справы Сяргей Жылік па дарозе ў Гальшаны. — Сёння наша ўвага сканцэнтравана на развіцці адзінага ў краіне музея Дугі Струвэ. З 2012 года мы сабіралі інфармацыю па звычаях і асаблівасцях кожнай з дзесяці краін, якія маюць дачыненне да аб’екта. Сёння ж установа папаўняецца геадэзічным матэрыялам.

Сяргей ЖЫЛІК.
Па слядах унікальнага музеяМузей Дугі Струвэ размясціўся на другім паверсе Гальшанскай сельскай бібліятэкі і заняў два прасторныя пакоі. Чаму выбрана менавіта гэтае месца? Справа ў тым, што супрацоўнікі бібліятэкі зацікавіліся біяграфіяй знакамітага земляка Іосіфа Ходзькі. У маладосці ён уваходзіў у таемнае таварыства філаматаў і сябраваў з Адамам Міцкевічам, пазней стаў геадэзістам, географам і картографам з сусветным імем, удзельнічаў у экспедыцыі Васіля Струвэ.
Спецыялісты пачалі збіраць інфармацыю пра геадэзічны аб’ект і папулярызаваць яе сярод мясцовых жыхароў. Сёння ў музеі сабраны каштоўны гістарычны матэрыял пра культуру і традыцыі тых рэгіёнаў, якія ўвайшлі ў геадэзічную лінейку. Таксама тут прадстаўлены каардынаты ўсіх пунктаў дугі, партрэты яе стваральнікаў Карла Тэнера, Васіля Струвэ і Іосіфа Ходзькі, геаграфічныя карты і кнігі. Супрацоўнікі бібліятэкі праводзяць бясплатную экскурсію на трыццаць хвілін. Гэта своеасаблівы аповед пра гісторыю стварэння музея і відэападарожжа на пункт Тупішкі.

Згодна з гістарычнымі звесткамі, праз тэрыторыю нашай краіны ў свой час праходзіла аж трыццаць чатыры пункты дугі, аднак на сёння знойдзена толькі дваццаць.
Зусім нядаўна віртуальны тур і багатая фотагалерэя музея папоўніліся разнастайнымі геадэзічнымі прыладамі.— Усе гэтыя прылады вельмі ўнікальныя. Вось гэтыя, напрыклад, адносяцца да першай паловы ХХ стагоддзя. Іх нам падарылі шведскія партнёры пасля міжнароднай канферэнцыі. З дапамогай вось гэтых з XIX стагоддзя Васіль Струвэ з аднадумцамі праводзілі вымярэнні. А вось гэтыя прылады 1950—1980-х гадоў больш удасканаленыя, — расказвае пра навінкі ўстановы Сяргей Жылік.
Экспазіцыя ўсё яшчэ папаўняецца новымі лінейкамі, штатывамі, цыркулямі, транспарцірамі, компасамі і больш спецыфічнымі геадэзічнымі прыладамі. Мэтавую накіраванасць кожнай з іх цяжка вызначыць з першага погляду, таму ў бліжэйшы час супрацоўнікі музея будуць прыцягваць вузкіх спецыялістаў і займацца падрабязным апісаннем экспанатаў. У будучым музей мае ўсе шансы стаць дадатковым пунктам для наведвання не толькі для выпадковых падарожнікаў, але і для прафесіяналаў.
ДАВЕДКА
Геадэзічная дуга Струвэ — сетка з 265 трыянгуляцыйных пунктаў (2820 км), якая перасякае з поўначы на поўдзень 10 дзяржаў (Нарвегію, Швецыю, Фінляндыю, Расію, Эстонію, Латвію, Літву, Беларусь, Украіну і Малдову). Стваралася з 1816 па 1852 год з мэтай вызначэння памераў Зямлі. Названа па імені стваральніка — расійскага астранома Васіля Якаўлевіча Струвэ. На працягу некалькіх дзясяткаў гадоў праходзілі вымярэнні, і было даказана, што Зямля мае форму не ідэальнага шара, а эліпсоіда.
veronulas@sb.by
Фота аўтара.