Как могилевские мастера делают необычную одежду для праздничных яиц

Крохкія шэдэўры

Апошні тыдзень перад Вялікаднем — самы хвалюючы. Здавалася б, традыцыі яго склаліся колькі сотняў гадоў таму і ніякіх адкрыццяў тут быць не можа. Тым не менш мы ўсё роўна чакаем цуд. І спрабуем надаць гэтаму моманту як мага больш маляўнічых фарбаў. А як сабраць у палітры Вялікадня ўсе колеры радасці, надзеі, шчасця? Адказ ёсць: дадаць разнастайнасці ў справу ўпрыгожвання галоўнага сімвала свята — яйка. Арнамент, аплікацыя, «уборы» з саломкі ці льну — меж таму, як яго аформіць, не існуе. Ва ўсякім разе, для людзей з густам і талентам. Магіляўчанка Людміла Кацапава, напрыклад, пяць гадоў таму пачала рабіць для велікодных яек «адзенне» з бісеру.

Людміла КАЦАПАВА да Вялікадня рыхтуецца загадзя.

— Працэс, — адзначае майстар, — не вельмі хуткі і даволі карпатлівы.  Спачатку яйка трэба вызваліць ад яго змесціва праз спецыяльна зробленыя адтуліны. Потым прамыць у салявым растворы, прасушыць. Абклеіць алюмініевай стужкай. І толькі потым рабіць велікодную «вопратку» з бісеру.

Зрабіць бісернае «адзенне» — справа тонкая.

Людміла сцвярджае: хаця шкарлупіна — матэрыял вельмі далікатны, яшчэ не было выпадку, каб яе пашкодзіла. «Такая творчасць, — прызнаецца, — дорыць радасць самому майстру і тым, хто атрымлівае ад яго сувеніры. Вялікдзень увогуле  свята асаблівае. У нашай сям’і яго спраўлялі нават тады, калі гэта было не вельмі модным. Фарба насамрэч тады была адзіная — чырвоная. А сёння такая шматпланавасць афармлення яек, што ўсе варыянты і пералічыць нельга».

Тамара ХУЗІГУЛАВА.

Мастакі па велікодных сувенірах таямніцы са сваіх тэхнік не робяць. І ўсіх жадаючых запрашаюць на майстар-класы, якія праходзяць у тым ліку ў Магілёўскай цэнтральнай бібліятэцы імя Карла Маркса. Галоўны бібліятэкар Людміла Міхальчанка нічога дзіўнага ў такім аб’яднанні чытачоў і майстроў не бачыць:

Чым разнастайней яйкі, тым прыгажэй стол.

— І літаратуру, і народнае рамесніцтва можна абагуліць адным словам — мастацтва. Гэта тое, што падымае нас над штодзённасцю. Дае магчымасць стаць на новую прыступку духоўнага і асабістага развіцця.   

У палітры Вялікадня — усе колеры радасці, надзеі і шчасця.

З такім тлумачэннем згаджаецца пенсіянерка Таццяна Хадановіч. Яна віртуоз па пляценні яек з саломкі. Яшчэ — праваслаўных  вянкоў, букетаў  з калоссяў, якія таксама лічацца атрыбутамі Вялікадня. А магіляўчанка Тамара Хузігулава дала прастор фантазіі і аплятае аснову рознакаляровымі стужкамі, шнурамі. Да гэтай кампазіцыі дадае штучныя кветкі, і вуаля! — незвычайны сувенір гатовы! Яшчэ далей пайшоў Юрый Калін. Ён асвоіў старажытнае кітайскае мастацтва — разьбу па яечнай шкарлупіне. Ажурны ўзор майстар наносіць праз лупу з дапамогай міні-дрыля, стаматалагічных бораў. Гравіраваць яйкі можна і тоўстымі швейнымі іголкамі, аднак перш для зручнасці  іх трэба абрэзаць і аграніць.

Стол Юрыя і Алены КАЛІНЫХ упрыгожваюць ажурныя яйкі.

— Гэтая тэхніка,  — прызнаецца майстар, — патрабуе шмат цярпення. Каб атрымаць прыгожы ўзор, неабходна прасвідраваць каля тысячы адтулін!

Для ажуру патрабуецца зрабіць не менш за тысячу адтулін.

І сапраўды, чым больш разнастайных сімвалаў Вялікадня, тым больш яркім і эмацыянальным будзе свята. Тым больш прынясе нам шчасця, радасці. І, вядома, надзеі на будучыню.

markova@sb.by

Фота аўтара і Ірыны Савосінай.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter