Победить в себе подростка

Крок у дарослае жыццё

Сямiмiльнымi крокамi наблiжаецца чарговы мой дзень нараджэння. У дзяцiнстве склалася так, што свята не адпавядала пампезным чаканням i, як вынiк, выклiкала расчараванне i сум. Бацькi зараблялi няшмат, i мама старалася парадаваць хаця б невялiкiмi падарункамi. Напрыклад, парачкай прыгожых невiдзiмак. Ох, тыя заколкi я памятаю дагэтуль: ружаватага колеру, пярэдняя частка — з дзвюх танюткiх «струнак», выгнутых накшталт скрыпкi, на iх — некалькi кветак. Здаецца, мама ўручыла гэтыя невiдзiмкi на маё пяцiгоддзе. I тады я ўпершыню спазнала горыч расчаравання. Бо марыла аб вялiкiм свяце з паветранымi гелiевымi шарамi, што узнiмалiся б пад столь (аднагодкi зразумеюць, наколькi крутымi яны тады лiчылiся), гасцямi i кучай падарункаў. А атрымала пару гаротных заколак для валасоў…

pixabay.com

Але, мам, калi ты чытаеш гэтыя радкi, я вельмi табе ўдзячная за такi падарунак. Ён для мяне па-сапраўднаму каштоўны. Бо ты вельмi старалася падарыць мне хаця б невялiкае свята. I калi трохi пакапаешся ў саламянай шкатулцы на трэльяжы, то зможаш знайсцi заколкi там. Я iх дагэтуль захоўваю.

Але тады, на свае пяць гадоў, я так моцна чакала свята, што ўвесь час кленчыла ў бацькоў падарунак.

— Ну калi ла-а-а-аска... А давайце вы зараз падорыце, i гэта будзе ў кошт дня нараджэння! Я праўда-праўда не папрашу дадатковага падарунка на свята, — я прымяняла ўсе магчымыя хады, каб атрымаць жаданае. I ў рэшце рэшт мама здалася пад нацiскам дзiцячага папрашайнiцтва.

Тады ў мяне i з’явiлiся гэтыя невiдзiмкi. Я была расчараваная да слёз, але з усiх дзiцячых сiл спрабавала выцягнуць з сябе ўсмешку.

— Ваў! Такiя прыгожыя! — сыграла я радасць. — Вялiкi дзякуй, матуля!

Абдымала бацькоў. А сама ледзь стрымлiвала слёзы. Але стрымаць была абавязаная. Ведала: дарагiх падарункаў патрабаваць не магу. З тых часоў кожны дзень нараджэння ўвязаны са звычкай сумаваць.

Прайшлi гады. Звычка засталася. Вось i зараз, напярэдаднi свята, патанаю ў самакапаннi. Да дваццацi трох уяўляла сябе паспяховай дамай, з вiдавочным усведамленнем сваiх «хацелак». I калi першы гештальт можна закрыць упартай працай i казаць тут асаблiва няма пра што, то з другiм нашмат цяжэй. Раней «даросласць» асацыiравалася са стабiльнасцю i нейкiм спакоем. Цяпер жа ад гэтых слоў пачынае крыху нудзiць. Я як вадалаз перад апусканнем: спяшаюся надыхацца жвавасцю i лёгкасцю перад уступленнем ва ўсе нягоды дарослага жыцця. Розумам усведамляю: час прымаць рацыянальныя рашэннi. Але так не хочацца…

Нядаўна прачытала: псiхолагi ўсё часцей адзначаюць у сваiх клiентаў сiндром Пiтэра Пэна. Прасцей кажучы, нежаданне сталець. I, паклаўшы руку на сэрца, нярэдка адзначаю прыкметы i ў сябе. Асацыiрую дарослае жыццё з кучай праблем, клопатаў, хранiчнай незадаволенасцю, стомленасцю. I як вынiк не спяшаюся ныраць у гэты вiр.

Дарэчы, многiя эксперты гавораць аб тым, што падлеткавы ўзрост у постiндустрыяльных краiнах спакойна можна павялiчваць да 24 гадоў. Бо калi раней еўрапейцы ўступалi ў дарослае жыццё ў 19, то сёння гэта адбываецца ў сярэднiм пяццю гадамi пазней. Адзначаю гэта i ў параўнаннi з маiмi бацькамi. Мама ў 18 гадоў ужо была з чырвоным дыпломам i пярсцёнкам на правым безыменным пальцы. Я ж у свае амаль 23 не спяшаюся да шлюбу i задумваюся аб другой вышэйшай.

А пакуль займаюся чарговым самааналiзам, сябры шукаюць магчымасць класна павiншаваць мяне са святам. Бо калiсьцi паставiлi перад сабой мэту: адвучыць мяне сумаваць у дзень нараджэння. Я ж пакуль толькi iранiзую з гэтай нагоды:

— Невыпадкова мяне мама ў маi нарадзiла... Вось i маюся.

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter